ІТ-сектар перастаў тармазіць эканоміку ўпершыню за амаль два гады

Гэта заўважылі эксперты Еўразійскага банка развіцця.

5 каментарыяў

Эканоміка Беларусі паскорыла рост, гаворыцца ў штотыднёвай справаздачы ЕАБР. За сем месяцаў гэтага года ВУП вырас на 5,5%.

Да гэтага аказаўся датычны і сектар «інфармацыя і сувязь», які дэманструе станоўчую дынаміку, сцвярджаюць эксперты. Паводле іх ацэнак, за студзень–ліпень аб’ём выпуску павялічыўся на 0,2% пасля спаду ў 2022–2023 гадах.

ІКТ-сектар на працягу больш як паўтара года альбо паскараў падзенне беларускай эканомікі, альбо стрымліваў яе рост. Апошні раз індустрыя спрацавала ў плюс для эканомікі ў студзені-лістападзе 2022 года. 

Тым не менш ужо ад пачатку 2024 прыкметная характэрная тэндэнцыя: адмоўны ўнёсак ІКТ-індустрыі ў тэмп росту ВУП скарачаецца.

Эканамістка даследчага праекта BEROC Анастасія Лузгіна раней вылучыла два фактары, якія адбіваюцца на паказчыках уплыву ІТ-індустрыі на эканоміку.

Па-першае, уплывае нізкая база мінулага года. У 2023 годзе, асабліва ў першай палове, сектар ІКТ прыкметна асеў. На фоне моцнага падзення ІКТ летась паказчыкі гэтага года выглядаюць лепш. 

Па-другое, паводле слоў эканаміста, ІТ-галіна прыстасоўваецца да новых умоў працы, шукае новыя каналы паставак ІТ-паслуг, у тым ліку ў Расіі.

— Расійскі ІТ-рынак знаходзіцца на піку росту і з’яўляецца адным з драйвераў эканамічнага росту. У сувязі з сыходам шэрагу заходніх кампаній, накладаннем санкцый паўстаў попыт на распрацоўку ўласнага софту, праграм, тэхналогій. І расійскія кампаніі скарысталіся для гэтага ў тым ліку беларускім рынкам.


Читать на dev.by