Хакеры сцвярджаюць, што разбурылі IT-сістэму «Аэрафлота». Рэйсы (у тым ліку ў Мінск) адменены
Хакерскія групоўкі (адна з іх беларуская) заявілі аб паспяховай кібератацы на ІТ-інфраструктуру «Аэрафлота». Паводле іх слоў, аперацыю рыхтавалі амаль год.
Прадстаўнікі хакераў заявілі ў сваім тэлеграм-канале, што за год знаходжання ўнутры карпаратыўнай сеткі ім удалося цалкам вывесці з ладу ўнутраныя серверы (каля 7000 адзінак) і атрымаць доступ да 12 ТБ баз даных, 8 ТБ файлаў Windows Share і 2 ТБ карпаратыўнай пошты. Хакеры сцвярджаюць, што атрымалі поўную гісторыю пералётаў і кантроль над ПК супрацоўнікаў, уключаючы вышэйшае кіраўніцтва. Яны паабяцалі, што ў бліжэйшы час пачнуць публікаваць частку атрыманых даных.
Раніцай 28 ліпеня ў маскоўскім аэрапорце Шарамецьева «Аэрафлот» аб’явіў аб адмене дзясяткаў рэйсаў: усяго па афіцыйных дадзеных былі адменены 49 пар пералётаў, уключаючы ўнутраныя і некаторыя міжнародныя накірункі. Паводле слоў прадстаўнікоў кампаніі, прычынай стаў тэхнічны збой у інфармацыйных сістэмах перавозчыка.
На фоне падзей акцыі «Аэрафлота» знізіліся, а на сайце кампаніі ўзніклі перабоі з доступам у асабісты кабінет. Афіцыйныя прадстаўнікі «Аэрафлота» і расійскія праваахоўныя органы пакуль не пацвердзілі факт узлому і знішчэння інфраструктуры, абмежаваўшыся заявай аб тэхнічным збоі.
Читать на dev.by