З-за ChatGPT выкладчыкі амерыканскіх ВНУ вяртаюцца да старых метадаў праверкі ведаў
Студэнты амерыканскіх універсітэтаў пачалі масава выкарыстоўваць штучны інтэлект для ўсіх прадметаў і самых розных заданняў. Каб кантраляваць сапраўдныя веды студэнтаў, а не чат-ботаў, выкладчыкі вяртаюць у абарот так званыя blue books — папяровыя экзаменацыйныя сшыткі з блакітнай вокладкай, якімі ў ЗША карысталіся з пачатку ХХ стагоддзя, паведамляе The Wall Street Journal.
Вытворцы такіх сшыткаў фіксуюць рост продажаў і цяпер прадаюць мільёны асобнікаў штогод. Тое, што іх папулярнасць узляціць на фоне буму ШІ, здавалася малаверагодным — асабліва з улікам таго, што падчас пандэміі і масавага пераходу на лічбавыя носьбіты яны амаль зніклі. Усё змянілася праз студэнтаў, якія выкарыстоўваюць ШІ літаральна паўсюль. Попыт на blue books у розных навучальных установах краіны за год вырас на 30–50%, а ў некаторых — за два гады на 80%.
Яшчэ ў студзені 2023 года платформа Study.com апытала больш за тысячу студэнтаў адносна ChatGPT. Высветлілася, што 89% выкарыстоўваюць яго для выканання дамашніх заданняў, 53% — для напісання сачыненняў і яшчэ прыкладна палова — для хатніх тэстаў. І гэта — усяго праз некалькі месяцаў пасля запуску чат-бота. Дарэчы, трафік у ChatGPT падае летам, калі студэнты сыходзяць на вакацыі.
Цяпер на іпытах па матэматыцы, напрыклад, студэнтаў просяць пакідаць мабільныя тэлефоны па-за аўдыторыяй, бо на фоне нейрасетак нават калькулятар выглядае як драўляныя лічыльнікі. На гуманітарных прадметах выкладчыкі прымушаюць студэнтаў пісаць сачыненні ад рукі і прыходзіць у аўдыторыю для абмеркавання. Вусныя экзамены таксама патрэбныя, каб праверыць, як студэнты засвоілі матэрыял. Некаторыя выкладчыкі праводзяць экзамен у два этапы: спачатку студэнтам даюць фрагменты тэксту ці выказванні, якія трэба ідэнтыфікаваць і вусна патлумачыць. Пасля гэтага яны павінны напісаць эсэ ў класе — падрыхтавацца па тэме можна загадзя, але з сабой браць ніякіх нататак нельга. Іншымі словамі, думаць, чым запоўніць чыстыя лісты паперы, давядзецца сваёй галавой. Як ні дзіўна, піша WSJ, калі адзін з выкладчыкаў увёў папяровую «навацыю» на экзаменах, студэнты абураліся значна менш, чым ён чакаў.
Зрэшты, нават сярод выкладчыкаў няма адзінага меркавання: некаторыя лічаць, што студэнтам трэба дазваляць карыстацца ШІ, каб яны станавіліся разумнейшымі. Тым больш што такія інструменты будуць неад’емнай часткай іх жыцця, а ўменне эфектыўна імі карыстацца можа даць перавагу на рынку працы.
Читать на dev.by