Як выдаліць сваю старонку Укантакце
Як выдаліць сваю старонку Укантакце рознымі спосабамі. Расказваем і паказваем.
Змест
Як выдаліць акаўнт Укантакце з камп’ютара
Для пачатку вам спатрэбіцца ўвайсці ў свой акаўнт. Далей можна проста перайсці па гэтай спасылцы і запоўніць форму выдалення старонкі.
Для тых, хто не шукае лёгкіх шляхоў:
- Націсніце на фота профілю ў правым верхнім куце экрана.
- Перайдзіце ў Налады.
- Прагартайце да канца раздзела Агульнае і прайдзіце па спасылцы «Вы можаце выдаліць свой профіль».
- Выберыце прычыну выдалення старонкі або пазначце сваю.
- Калі вы хочаце сысці, бразнуўшы дзвярыма, можаце пакінуць птушку побач з пунктам Расказаць сябрам. Калі аддаяце перавагу сыходу па-англійску, прыбярыце яе.
- Націсніце Выдаліць старонку
Майце на ўвазе, што сацсетка не выдаляе профілі адразу і назаўжды. На працягу 210 дзён (7 месяцаў) карыстальнік можа аднавіць акаўнт з захаваннем даных. Па сканчэнні гэтага часу акаўнт будзе выдалены цалкам.
Як выдаліць акаўнт праз тэлефон
Алгарытм дзеянняў для таго, каб выдаліць акаўнт Укантакце з тэлефона, дакладна такі ж самы, як і для настольнай версіі. Рабіць мы гэта будзем праз мабільны браўзер.
- Клікніце на бургер-меню ў правым ніжнім куце экрана.
- Націсніце на шасцярэньку налад у правым верхнім куце.
- Выберыце Акаўнт і прагартайце да канца старонкі.
- Прайдзіце па спасылцы «Вы можаце выдаліць сваю старонку», запоўніце форму і пацвердзіце адпраўку.
Як выдаліць акаўнт Укантакце праз мабільную праграму
Выдаліць акаўнт Укантакце ў праграме немагчыма. Для пачатку неабходна аўтарызавацца ў акаўнце праз браўзер на смартфоне, пасля чаго перайсці па гэтай спасылцы і запоўніць заяўку на выдаленне.
Як выдаліць акаўнт часова
Часова выдаліць акаўнт Укантакце нельга. Проста па сканчэнні 210 дзён пасля адпраўкі запыту на выдаленне акаўнта, доступ да яго будзе закрыты без магчымасці аднаўлення. Таксама ў некаторых выпадках можна папрасіць адміністрацыю сацсеткі заблакаваць свой профіль. Пра гэта чытайце ў наступным пункце.
Як выдаліць акаўнт, да якога няма доступу
Тут ёсць два варыянты: першы — ваш акаўнт заблакаваны, другі — вы страцілі да яго доступ (забыліся лагін або пароль).
Каб выдаліць заблакаваны акаўнт Укантакце, для пачатку яго спатрэбіцца разблакаваць. Інфармацыю пра тое, як гэта зрабіць, вы ўбачыце пры ўваходзе ў заблакаваны профіль. Таксама вы можаце пацікавіцца, як гэта зрабіць канкрэтна ў вашым выпадку, у тэхпадтрымкі сацсеткі тут.
Калі гаворка вядзецца пра акаўнт, да якога страчаны доступ, то адміністрацыя сацсеткі можа не выдаліць, а заблакаваць яго на вашую просьбу. Аднак там павінныя быць пазначаныя вашыя сапраўдныя даныя, паводле якіх можна вызначыць, што вы яго ўладальнік.
Запоўніце заяўку на блакаванне профілю, пазначыўшы вядомую вам інфармацыю пра яго. Таксама неабходна пацвердзіць асобу двума відарысамі:
- фатаграфіяй дакумента (пашпарта, пасведчання кіроўцы, пасведчання аб нараджэнні);
- фатаграфіяй, на якой ваш твар знаходзіцца на тле заяўкі (то-бок побач з маніторам, на якім відаць заяўка, якую вы запаўняеце).
Акрамя гэтага, дамагчыся блакавання акаўнта можна парушэннем правілаў пляцоўкі — бан выдаюць за абразу іншых карыстальнікаў, публікацыю парнаграфіі, прапаганду нянавісці і іншае. Для гэтага можа быць дастаткова адной скаргі. Таксама адміністрацыя замарозіць профіль, калі даведаецца, што ён быў узламаны.
Як спампаваць свае даныя Укантакце
Перш чым выдаліць Укантакце, вы можаце спампаваць звязаныя са сваім акаўнтам даныя — уключна з перапіскай, пастамі, медыяфайламі, гісторыяй плацяжоў і шмат чым іншым на вашае меркаванне. Каманда сацсеткі папярэджвае, што на падрыхтоўку спампоўкі можа сысці да некалькіх дзён. Функцыя пакуль у распрацоўцы, а прадастаўленыя даныя могуць быць няпоўнымі. Запытаць архіў можна па гэтай спасылцы. Пампаваць яго трэба будзе не ў мабільнай праграме, а ў браўзеры — мабільным або дэсктопным.
Читать на dev.by