Як польскі закон пра аборты ўплывае на планы айцішнікаў у эміграцыі
Ці збіраюцца яны наогул заводзіць там дзяцей?
Чаму гэтая тэма
Польскае заканадаўства пра аборты — прадмет вялікай дыскусіі ў грамадстве, у беларускай дыяспары таксама. Амаль татальную забарону на перапыненне цяжарнасці многія ўспрымаюць як дадатковы фактар рызыкі пры рашэнні завесці дзіця.
Нават цяжкая паталогія плода ў Польшчы не прычына для аборту, адзіныя выключэнні — пагроза здароўю/жыццю маці і згвалтаванне. Але і з гэтым складанасці: праз страх крымінальнага пераследу або «з меркаванняў сумлення» дактары могуць цягнуць да апошняга з аперацыйным умяшаннем. Так пры канцы мая ў Новым Таргу на пятым месяцы цяжарнасці ад сепсісу памерла 33-гадовая Дарота: дактары не зрабілі ёй аборту, нягледзячы на воды, якія заўчасна адышлі. Падобная трагедыя здарылася ў снежні 2021 года з 37-гадовай Агнешкай у Чэнстахове, а перад гэтым з 30-гадовай Ізабелай у Пшчыне (верасень 2021 года) і з 34-гадовай Юстынай у Вадзіславе Слёнскім (снежань 2020-га).
У лютым гэтага года адразу ў некалькіх бальніцах Падляскага ваяводства дактары адмовіліся зрабіць аборт непаўналетняй дзяўчыне, якую згвалціў дзядзька (зрабілі пасля ўмяшання праваабаронцаў і СМІ).
Кожны такі выпадак суправаджаецца пратэстамі, аднак непадобна, каб заканадаўцы збіраліся ісці на саступкі. Значная частка грамадства падтрымлівае такі парадак. Пад публікацыямі пра трагедыі, як правіла, нямала каментароў пра тое, што смерць жанчыны — вынік медычнай памылкі, а не законаў.
dev.by распытаў рэлакантак/ў, якія нарадзілі ў Польшчы або толькі плануюць цяжарнасць, пра іх досвед і пра тое, як паўплывала на іх планы антыабортнае заканадаўства.
Папярэджваем: толькі пару чалавек расказалі ўласна пра роды, астатнія — пра свае планы/думкі ў сувязі з забаронай абортаў. Водгукі апошніх — спрэс негатыўныя, многія — вельмі эмацыйныя. Гэта не тое, што робіць матэрыял рознабаковым і збалансаваным. Але нашай задачай было даследаваць праблему як фактар неспакою/спакою рэлакантаў, і прадказальна адгукнуліся тыя, каму баліць. Відавочна, што сярод мігрантаў шмат і тых, хто шчасліва заводзіць дзяцей, не забіваючы сабе галаву рознымі страхамі. Пра досвед паспяховых родаў мы пісалі тут. Але цяпер пра іншае.
«На кесарава сказалі прыходзіць праз 10 дзён, бо месцаў няма»
Мы з мужам у Польшчы ад восені 2020 года. На цяжарнасць тут вырашыліся нялёгка. Мы не думалі, што так доўга прабудзем у гэтай краіне, ехалі проста троху грошай адкласці і на моры адпачыць.
Я супраць забароны абортаў і для сябе вырашыла, што калі нешта пойдзе не так, то хутчэй вярнуся ў Беларусь, ніж буду звяртацца ў SOR («хуткую дапамогу»). У сярэдзіне майго тэрміну мы сапраўды паспрабавалі вярнуцца: бацькі настаялі, пераканалі, што без іх не дамо рады. Мы вырашылі ацаніць, як пачуваемся маральна, — правялі дома 4 месяцы і з’ехалі назад. У выніку далі рады.
Але Польшча — дрэннае месца для вядзення цяжарнасці. У мяне было планавае кесарава па медыцынскіх паказаннях. Калі «хуткая» прывезла мяне на шпіталізацыю з накіраваннем ад доктара, спачатку прыйшлося чакаць пяць гадзін, потым мяне пляснулі рукой па жываце, незадаволена цмокнулі, што сама нарадзіць не змагу, і сказалі прыходзіць праз 10 дзён, бо ў іх няма месцаў.
Сумніўная адтэрміноўка, калі лік ідзе ўжо на гадзіны. На аперацыю легла ў прыватную клініку, за двое сутак знаходжання заплацілі 1000 еўра. Троху жудасна было ехаць дадому праз 48 гадзін пасля аперацыі з ніткамі, якія тырчаць са шва, сагнутай у тры пагібелі. Ніхто не цікавіўся ні крывацёкам, ані маім самаадчуваннем. Можа, я распешчаная нашай медыцынай, але больш не хачу праходзіць праз такі атракцыён.
Дагэтуль я пабывала ў іншай прыватнай клініцы, там доктар на паперцы напісаў суму, за якую гатовы правесці аперацыю (6000 злотых, прычым у звычайным шпіталі), і раскруціў мяне на непатрэбныя аналізы. Тады я ледзь размаўляла па-польску. Заплаціла за аналізы велізарную суму. Потым даведалася, што я не першая такая «іншаземка-дурніца».
Адразу пасля нараджэння дзіцяці мужу далі два тыдні адпачынку. Першы час ён усё рабіў сам.
Акрамя таго, восем разоў на працягу васьмі тыдняў прыходзіла акушэрка: узважвала дзіця, вучыла мыць і карміць. Гэта было важна для нас, бо раней мы з дзецьмі дачыненняў не мелі, усяму вучыліся ў ютубе.
У тэорыі тут ёсць яшчэ шмат бальнічных і адпачынкаў для бацькоў, але працадаўца рэдка раздае іх з радасцю.
Цяпер дачцэ амаль два гады. За гэты час я зразумела, што ў Польшчы ўсё лечыцца парацэтамолам. Часам мне даводзілася настойваць на аналізах крыві або мазку на каранавірус (каранавірус у дзіцяці, дарэчы, пацвердзіўся), самой сачыць за календаром прышчэпак.
Так, маё дзіця — мая зона адказнасці, але часта я адчуваю сябе ў разгубленасці, калі дачка хварэе, а доктар загадвае проста адпойваць яе гарбатай.
Муж вельмі хоча яшчэ дзяцей, траіх, а я пакуль не гатовая. Але калі так здарыцца, то, спадзяюся, гэта будзе ўжо не ў Польшчы.
P. S. Перачытала. Здаецца, я моцна нагнятаю: вялікі акцэнт на негатыве. Тэма для палкіх абмеркаванняў.
«Уражанні — станоўчыя. Але ў бальніцы навязвалі сумесі»
Я нарадзіла ў Варшаве 1,5 месяца таму. Уражанні — станоўчыя. У Польшчы мы год. Заканадаўства аб абортах я не ўлічвала: у самым крайнім выпадку паехала б у Беларусь.
Гэта была першая цяжарнасць, параўноўваць мне няма з чым. Дыягностыка і ахоўная тэрапія, як мне здалося, на ўзроўні, магчыма, праз забарону абортаў. Я ляжала ў двух бальніцах, нараканняў няма, усе ведаюць англійскую або імкнуцца перакласці (я не размаўляю па-польску).
Настойліва прапаноўвалі зрабіць генетычны тэст НІПТ — але навошта, калі аборты ўсё роўна не робяць?
У бальніцы пасля родаў дапамаглі наладзіць кармленне. Што праўда, мяне здзівіла іх палітыка: вельмі навязвалі сумесі, асабліва тым, каму зрабілі кесарава. «Гэта нармальна, што ты не можаш выкарміць сваё дзіця», «давайце дамо сумесь, ён галадае», «пасля кесарава, магчыма, не будзе малака» і да т. п. Крыўдна было глядзець на разгубленых дзяўчат — ім, па сутнасці, і выбару не пакінулі.
Лічу, што гэта несумленна: няможна жанчынам, якія і так перажылі моцны стрэс, прапагандаваць такое. І гэтая бальніца («Святой Сафіі» ў Варшаве) яшчэ ў топе па натуральным гадаванні.
У мяне былі натуральныя роды, з малаком усё як мае быць, але нават майму дзіцяці паспелі адзін раз падсунуць сумесь.
«Скрынінгі робім у Польшчы, калі што не так — у Беларусь»
Жывем у Польшчы ад канца 2020 года. Дзяцей яшчэ няма: жонка ў Польшчы пацвярджала дыплом, цягнуць сям’ю аднаму без страты ва ўзроўні жыцця было б цяжкавата. Таму вырашылі адкласці, а вось цяпер актыўна працуем у гэтым кірунку.
Мы ехалі ў Польшчу, не маючы дэталёвага ўяўлення пра заканадаўства. Краіну выбралі па двух фактарах: 1) ёсць працадаўца, які возьмецца за рэлакацыю; 2) жонка зможа там пацвердзіць дыплом.
Мы з жонкай перакананыя, што аборты — гэта права жанчыны. Забарона на аборты прыводзіць толькі да жудасных кейсаў, пра якія ўсе ў Польшчы чулі. А яшчэ гэта стымулюе нежаданне нараджаць. Чаму мая жонка мусіць рызыкаваць сваім жыццём? Чаму мы мусім рызыкаваць сваёй сям’ёй?
Увогуле, наш план такі: зацяжарваем у Польшчы, тут жа робім разнастайныя скрынінгі, а калі нешта ідзе не так, едзем у Беларусь і нават не спрабуем тут нешта рабіць.
«У Польшчы яшчэ старанней засцерагаемся»
Пераехала ў Польшчу з мужам, дзяцей няма. Праз мясцовае заканадаўства не планую заставацца тут надоўга: не хачу ні нараджаць, ані атрымаць тэрмін праз тое, што падвяла кантрацэпцыя.
У мяне фобія цяжарнасці і родаў, не памятаю яе назвы, але сны, у якіх я цяжарная, гэта кашмары. Фобіі лячыць не планую, нараджаць таксама. Ёсць жаданне ў будучыні прайсці школу прыёмнага бацькоўства і ўзяць падлетка з дзіцячага дома, але пакуль незразумела, у якой краіне гэта рабіць.
Пра польскі закон аб абортах я ведала, таму доўга адкладала пераезд. З’ехаць далей пакуль не выходзіць з сямейных прычын, так што найбліжэйшыя некалькі гадоў застаемся тут, яшчэ старанней засцерагаемся і прыглядаемся да іншых краін.
Пакуль спалучаю некалькі метадаў кантрацэпцыі + рэгулярна раблю тэсты і наведваю гінеколага ў Беларусі.
«У выніку жаданнем займацца сэксам не гару»
Пераехала ў Польшчу з партнёрам, не маю магчымасці паехаць у Беларусь і не планую дзяцей.
Закон аб абортах дадае рызыкі, якія трэба трымаць у галаве. Калі вядзеш актыўнае сэксуальнае жыццё, неабходна мець два спосабы абароны на выпадак, калі адзін не спрацуе, напрыклад, таблеткі і прэзерватывы. Аднак у многіх дзяўчат ад аральных кантрацэптываў моцныя пабочкі, у мяне ў тым ліку, плюс гэта абавязвае рэгулярна звяртацца да доктара. Давяраць толькі прэзерватыву страшна: калі ён парвецца, у цябе няма магчымасці ў той жа дзень купіць таблетку для экстраннай кантрацэпцыі.
Таксама цяпер я ў сітуацыі, калі віза на зыходзе, а дазволу на жыхарства яшчэ няма, то-бок пакідаць тэрыторыю Польшчы няможна. Таму паехаць у іншую краіну на аборт у выпадку цяжарнасці таксама складана.
У выніку жаданнем займацца сэксам не гару. Партнёр, вядома, незадаволены тым, як на мяне ўплывае гэты закон, але ён разумее і падзяляе мае страхі.
Так, пры пераездзе ў Польшчу я трымала гэты фактар у галаве, але плюсы ўсё роўна пераважылі. І аднаго гэтага закона цяпер недастаткова, каб прымусіць мяне з’ехаць у іншую краіну.
Але я сачу за тым, як развіваецца сітуацыя, ці будзе лібералізацыя заканадаўства, ці, наадварот, яшчэ больш будуць ушчамляцца правы жанчын.
«Сапраўдны сігнал для пераезду»
Мы з мужам рэлакаваліся ў Польшчу разам год таму. Абое працуем у ІТ. Мне амаль 30, і я не планую мець дзяцей найбліжэйшыя пяць гадоў. Мы з мужам даўно абмеркавалі гэтае пытанне і прынялі рашэнне рабіць аборт, калі нешта пойдзе не па плане.
У Беларусь мне дарога закрытая, так што адзінай магчымасцю стане Чэхія, куды, наколькі я ведаю, ездзяць рабіць аборты полькі.
Аднак сама сітуацыя, у якой я, нібы злачынца, мушу арганізоўваць сабе «паездку на аборт», моцна мяне трывожыць. Я лічу гэта спробай кантролю жаночага цела, умяшаннем у асабістае жыццё і парушэннем маіх правоў.
Польшча мне падабаецца, я адчуваю сябе тут камфортна. Але гэты зневажальны закон — моцны адкат у развіцці краіны. Гэта сапраўдны сігнал для пераезду.
З гэтай жа прычыны я не гару жаданнем пераязджаць у ЗША — там у некаторых штатах таксама забароненыя аборты. Я не разумею, чаму ў дэмакратычнай дзяржаве ў 2023 годзе дагэтуль узнікае гэтае пытанне. Як наогул могуць прымаць такія законы.
З пераездам яшчэ не вызначыліся. Цяпер магчымы толькі рэлакейт услед за працай. Калі прапануюць добрыя ўмовы ў іншай краіне, то, верагодна, пераеду. Але важна, у якой менавіта краіне. Я б пагадзілася толькі на вышэйшую прыступку, і магчымасць зрабіць аборт — якраз такая прыступка.
«Хутчэй за ўсё, замарозім яйкаклеткі»
Мне 32. Я лічу, што польскае заканадаўства пра аборты — гэта кашмар, і не збіраюся тут нараджаць.
У Беларусі ёсць падвязкі з добрай радзільняй, магчыма, да 2020 года нараджаць паехала б туды. Цяпер рызыкі сталі высокія, вярнуцца дадому не магу. Таму прыйдзецца адкласці цяжарнасць або вырашаць пытанне неяк яшчэ. Апошняя гісторыя (гібель Дароты ў Новым Таргу. — dev.by) кажа, што калі нешта адбудзецца раптоўна, польскія дактары не дапамогуць.
Так што рызыкаваць жыццём і нараджаць у цяперашняй Польшчы я не буду 100%. Хай Качыньскі сам ад сябе сабе нараджае.
Пры планаванні пераезду пра гэты фактар мы не думалі, стаяла задача вырвацца ў цывілізаваны свет, гарызонт планавання быў вельмі маленькім. Цяпер ён павялічыўся. І пагроза стала ўсведамляцца мацней.
Тым не менш на планы замацавацца ў Польшчы закон аб абортах не паўплываў: мы менавіта ў Польшчу збіраліся ўжо шмат гадоў. Ну, і дзеці для нас не прыярытэт. Тым не менш варыянты рашэння ёсць: альбо замарозіць яйкаклеткі і чакаць, пакуль гэта ўсё скончыцца, альбо ўсю цяжарнасць жыць у іншай краіне, Чэхіі або Літве. Але гэта магчыма толькі праз пяць гадоў, пасля атрымання ПМЖ. І трэба назапасіць грошай.
Хутчэй за ўсё, замарозім яйкаклеткі.
А вось яшчэ меркаванні беларусаў, якім страшна заводзіць дзяцей у Польшчы
— Я беларуска, жыву ў Варшаве ўжо год і найбліжэйшай парай гадоў планую дзіця. Ад самага пераезду мяне раздзірае гэтае пытанне: што калі нешта пойдзе не так? — дзіця-інвалід або яшчэ нейкія ўскладненні. Мне важна ведаць, што ў гэтым выпадку мне зробяць аборт.
— Я жанчына, і мне страшна нараджаць у Польшчы. Хутчэй за ўсё, не буду. Мне здаецца, гэта закон для сацыяльнай жывёлагадоўлі бедных. Сярэдні клас і вышэйшы ў любым выпадку зможа паехаць у суседнія краіны і зрабіць аборт там. Упэўненая, што ніхто гэтых жанчын шукаць не будзе.
— Страшна тут цяжарыць. Гэта яўна не матывуе. Калі штосьці пойдзе не так, не хочацца паміраць, дзякуй.
— Мая жонка таксама сказала, што тут нараджаць не будзе. Плюс мы ўжо сутыкнуліся з польскай медыцынай: калі ў доктара ёсць магчымасць адмовіцца нешта рабіць, ён адмовіцца. Многія яшчэ не разумеюць, што пры ўскладненні аборт трэба рабіць адразу, часу на разважанні няма. Закон жа такой свабоды не дае, і гэта дадатковая рызыка здароўю жанчыны, а то і яе жыццю. Так што, жанчыны, тут я на вашым баку.
— Пры выбары паміж Літвой ці Польшчай адным з важкіх аргументаў супраць Польшчы было якраз стаўленне дзяржавы да абортаў. Не бачу свайго жыцця ў краіне, якая так ставіцца да людзей і іх выбару ў гэтым пытанні. Для мяне гэта званочак. Маё асабістае назіранне: у тых краінах, дзе царква актыўна ўмешваецца ў палітыку, прымаюць самыя дзіўныя і неэтычныя законы. Пры тым, што ў астатнім Польшча цудоўная краіна, гэты фактар на мяне б маральна ціснуў.
У выніку пераехалі з мужам у Літву.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.
У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by