Дапамажыце dev.by 🤍
Падтрымаць

У Польшчы робяць гульню пра расійскае ўварванне. Паглядзелі, як геймдэў капіруе рэальныя гарады

Згадваем, у якіх гульнях аднаўляліся фрагменты рэальнага свету — у тым ліку Беларусі.

7 каментарыяў
У Польшчы робяць гульню пра расійскае ўварванне. Паглядзелі, як геймдэў капіруе рэальныя гарады

Згадваем, у якіх гульнях аднаўляліся фрагменты рэальнага свету — у тым ліку Беларусі.

Польская студыя Play of Battle паабяцала прэзентаваць гэтай восенню ў Steam дэмаверсію аднайменнай гульні. Амбіцыйны праект анансуецца як камбінацыя глабальнай стратэгіі, варгейма і RTS, у якой гульцы змогуць узначаліць адну з краін свету ў перыяд паміж 2008 і 2025 гадамі, а ў дэма-версіі будзе даступная гульня за Польшчу ў 2022-м.

Дзеянне будзе адбывацца ў альтэрнатыўнай рэальнасці, у якой Украіна пала, і агрэсар пайшоў далей на захад. Гульцам давядзецца кіраваць эканомікай, сутыкнуцца з гібрыднай вайной, дэзінфармацыяй і стратэгіямі асіметрычнай вайны. А калі справа дойдзе да баявых дзеянняў, бітвы будуць адбывацца ў рэальных лакацыях, як, напрыклад, Варшава, гарадок Бранева на мяжы з Калінінградскай вобласцю Расіі і Сувалкскі калідор. Так, у тызеры дэмаверсіі Play of Battle паказаны ракетны ўдар па высотцы Палаца культуры і навукі ў польскай сталіцы, клубы дыму над Каралеўскім замкам і наступствы атакі на адну са станцый метро.

Зразумела, Play of Battle — гэта далёка не першая гульня, дзеянне якой адбываецца ў больш-менш рэалістычных лакацыях.

У якіх гульнях аднаўлялі Парыж, Нью-Ёрк, Чэхію, Грэцыю, Еўропу і цэлы свет?

Уявіце: не ўстаючы з фатэля, вы шпацыруеце па старажытным Парыжы, дзе кожны камень некаторых пабудоў узнаўлялі з амаль археалагічнай дакладнасцю. Або пераносіцеся ў сучасны Нью-Ёрк, дзе можна даследаваць амаль сапраўдны Манхэтэн не толькі з зямлі, але і, як Тарзан, размахваючыся паміж яго хмарачосамі на «ліянах» з супермоцнага павуціння. Аднак, калі вы геймер, уяўляць, хутчэй за ўсё, нічога не трэба: такія шпацыры для вас ужо даўно сталі звычайнай з’явай.

Рэальны сабор Парыжскай Божай Маці ў Парыжы ў 2009 годзе. Фота: Zuffe, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Сучасныя гульнявыя тэхналогіі дазваляюць ствараць дзіўна рэалістычныя копіі рэальных лакацый — як сучасных, так і гістарычных. Пасля пажару ў Нотр-Дам у Парыжы ў 2019 годзе нават з’явіліся чуткі, быццам бы пры рэканструкцыі сабора Парыжскай Маці Божай выкарыстоўвалася дэталёвая мадэль будынка, створаная некалькімі гадамі раней спецыялістамі французскай кампаніі Ubisoft для Assassin’s Creed Unity.

Сабор Парыжскай Маці Божай у Assassin’s Creed Unity

Дарэчы, гэтая гульня, у якой узнаўлена значная частка Парыжа канца XVIII стагоддзя, аказалася настолькі папулярнай, што на Алімпійскіх гульнях 2024 года на вачах у мільёнаў гледачоў выйшла з віртуальнага свету ў рэальны. Тады акцёры-паркуршчыкі ў касцюме галоўнага героя — асасіна Арно Віктара Дарыяна — неслі алімпійскі факел уздоўж Сены, упэўнена пераскокваючы з аднаго парыжскага даху на іншы.

Актор з алімпійскім факелам на цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў у Парыжы ў 2024 годзе і галоўны героей Assassin’s Creed Unity

Аднаўленне рэалістычных копій сапраўдных лакацый у гульнях прыцягвае гульцоў з некалькіх прычын — пра якія пазней. Не дзіва, што геймдэў зноў і зноў звяртаецца да гэтага прыёму.

Стваральнікі некаторых гульняў абмяжоўваюцца стварэннем віртуальных сусветаў «па матывах» рэальнасці. Так, у хітах Rockstar Games з серыі Red Dead Redemption поўна адсылак да рэальных геаграфічных аб’ектаў Дзікага Захаду, а ў розных частках GTA пад іншымі назвамі аднаўляюцца Нью-Ёрк (Ліберці-Сіці), Маямі (Вайс-Сіці) і розныя гарады Каліфорніі і Невады (выдуманы штат Сан-Андрэас). Сілуэты і планіроўка каліфарнійскіх мегаполісаў, хоць і менш дакладна, але праглядаюцца і ў абрысах Найт-Сіці з Cyberpunk 2077 — гульні польскай студыі CD Projekt. А ў Лост-Хэвэне з Mafia: Definitive Edition ад амерыканскай студыі Hangar 13 лёгка пазнаць перапрацаваны пад гульнявыя патрэбы Чыкага.

Параўнання гульнявой лакацыі ў GTA V з яе рэальным прататыпам, пірсам Санта-Моніка ў Лос-Анджэлесе

Распрацоўшчыкі іншых гульняў пры стварэнні лакацый нават не спрабуюць балансаваць паміж рэальнасцю і выдумкай, а проста пераносяць у віртуальны свет рэальныя гарады і рэгіёны. Вядома, з пэўнымі абмежаваннямі, выкліканымі памерамі бюджэтаў, а таксама параметрамі гульнявых платформаў і механік. Аднак з цягам часу гэтае «пракрустава ложа» пашыраецца, дазваляючы ўстаўляць у гульні ўсё больш рэалістычныя і маштабныя фрагменты рэальнага свету.

У розных частках Assassin’s Creed можна падарожнічаць не толькі па Парыжы, але і па значнай частцы Старажытнага Егіпта, антычнай Грэцыі, сярэднявечнай Англіі. Вядома, у дэталях там не ўзнаўляецца нейкая глуш, але важныя аб’екты, як, напрыклад, піраміды ці афінскі Парфенон, а таксама лакацыі каля іх выглядаюць даволі рэалістычна.

Эрэхтейон, старжытнагрэцкі храм на афінскім Акропалі, у цяперашнім выглядзе — і яго рэканструкцыя ў Assassin’s Creed Odyssey

Стваральнікі абедзвюх частак Kingdom Come: Deliverance з чэшскай студыі Warhorse Studios узнавілі для іх геаграфію і знешні выгляд рэальных мясцовасцей Чэхіі (у другой частцы сярод іх — замак Троскі з наваколлем, горад Кутна-Гора і запаведнік «Чэшскі рай» з яго знакамітымі «скальнымі гарадамі»). Натуральна, у іх сярэднявечным выглядзе — дзеянне гульні разгортваецца ў XV стагоддзі.

У Watch Dogs 2 ад канадскай Ubisoft Montreal галоўны герой-хакер кідае выклік прагным карпарацыям у паменшаным віртуальным Сан-Францыска, у якім з вялікай дакладнасцю ўзнаўляюцца знакавыя месцы — такія як мост Залатыя Вороты і востраў Алькатрас. Нагадаем, што падзеі першай часткі гульні разгортваліся ў Чыкага. Fallout 4 пераносіць гульцоў у постапакаліптычны Бостан, які месцамі дзіўна падобны да сапраўднага. У Marvel’s Spider-Man ад амерыканскай Insomniac Games выратоўваць свет даводзіцца ў добра пазнавальным Нью-Ёрку. А ў Tom Clancy’s The Division II, створанай шведскай Massive Entertainment, гульцы вядуць баі ў вельмі праўдападобным Вашынгтоне з дэталёва прапрацаванымі манументамі, Белым домам і іншымі ўрадавымі будынкамі.

Панарамы рэальнага Манхэтэна (зверху) і яго віртуальнай копіі з Marvel’s Spider-Man

Наш чытач Сяргей звярнуў увагу на нядаўняе абнаўленне для шутэра Counter-Strike 2 ад кампаніі Valve. Сярод новых карт ёсць даволі дакладная лакацыя з польскім замкам Аградзенец у Сілезскім ваяводстве — тым самым, у якім у 2019 годзе здымалі сцэны бітвы пры Содэне для серыяла «Вядзьмар». Акрамя замка, на карце ўзноўлены і яго наваколлі, уключаючы бліжэйшую вёсачку:

— Агульны план вельмі падобны, — адзначае Сяргей, які ўжо гуляў на новай карце. — І не толькі замак. Але і задні план, мясцовасць і аб’екты. Сілуэты лёгка пазнаюцца. Хоць плітка, калодзеж і агульны стан у гульні выглядаюць больш новымі і акуратнымі, але ў цэлым атмасфера перададзеная добра. Элементы дэкору ўдала пазычаныя і адаптаваныя. Драўляныя канструкцыі амаль ідэнтычныя сапраўдным. Некаторыя ледзь прыкметныя дэталі перапрацаваныя дзеля зручнасці гульні і гульнявога балансу. Змененыя вонкава, паменшаныя або спрошчаныя.

Замак на новай мапе Jura у Counter-Strike 2. Скрыншот гульні

Сяргей знаёмы з замкам Аградзенец па адкрытых крыніцах у сеціве, у тым ліку па фотаздымках з Google Maps. Але кажа, што гульня на новай карце Counter-Strike 2 падштурхнула яго запланаваць паездку ў гэтае фартыфікацыйнае збудаванне:

— Гэта як з Assassin’s Creed, калі трапляеш у Рым ці Стамбул пасля гульняў. Тут яшчэ цікавы падыход распрацоўшчыкаў: яны не рабілі анонсаў, абмеркаванняў або галасаванняў — а проста дадалі ў гульню лакацыю, прататыпам якой стаў рэальны польскі замак. Гэта цікавы выбар. І да таго ж map-creator’ы вельмі шмат адсылак да Польшчы дадалі туды. Сапраўды, пастараліся. І вось гэты вайб з кавярнямі, размяшчэннем дамкоў, арганізацыяй турыстычнай прасторы — вельмі падобна на сярэднестатыстычны польскі турыстычны аб’ект.

Замак Аградзенец у Польшчы. Фота: Monika Towiańska, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Асобна варта згадаць транспартныя сімулятары, якія ў капіраванні рэальнасці часта не абмяжоўваюцца цеснымі межамі асобных гарадоў, рэгіёнаў або нават краін. Euro Truck Simulator 2 з мноствам дапаўненняў дазваляе зірнуць вачыма кіроўцы-дальнабойшчыка на сотні еўрапейскіх гарадоў і маршруты, што іх злучаюць. А авіяцыйны сімулятар Microsoft Flight Simulator стварае лічбавую копію ўсёй планеты, падгружаючы для гэтага пры неабходнасці спадарожнікавыя і аэрафотаздымкі з Bing Maps (картаграфічнага сэрвісу Microsoft).

Як у беларускую гульню з’явіліся віртуальныя «копіі» рэальных гарадоў — і чаму частка з іх знікла

У 2014 годзе ў гульні World of Tanks кампаніі Wargaming з’явілася першая карта, якая паказвала рэальны горад. Распрацоўшчыкі ўзнавілі цэнтр украінскага Харкава перыяду Другой сусветнай вайны, выкарыстоўваючы для гэтага архіўныя аэрафотаздымкі 1943 года. Дадаўшы ў гульню перапрацаваны пад гульнявыя патрэбы фрагмент рэальнага свету, Wargaming сутыкнулася з тыповымі праблемамі, уласцівымі такому рашэнню.

Як распавёў адзін з былых кам’юніці-менеджараў мінскай студыі распрацоўкі кампаніі, Максім (імя зменена па просьбе суразмоўцы), не ўсе гульцы ацанілі новую «фішку»:

— Насамрэч тэма не такая простая, як здаецца. Водгукі былі розныя. Негатыў у асноўным быў звязаны з тым, што гульнявая карта ў прынцыпе не можа быць дастаткова дакладнай, каб перадаць рэальныя асаблівасці горада і яго вуліц. Большасць гульцоў скардзілася менавіта на неадпаведнасць карты рэальнаму гораду, не здагадваючыся, што карта ў першую чаргу павінна адпавядаць патрэбам геймплэя. Бо яна ўплывае на гульнявы баланс. І толькі потым можа цешыць лакальны патрыятызм гульцоў, што жывуць у горадзе, які яна ўзнаўляе.

Будынак Дзяржпрома ў Харкаве. Фота: Ekaterina Polischuk. CC BY-SA 4.0, ru.wikipedia.org

— Таму цяжка даць адназначны адказ, ці варта выкарыстоўваць рэалістычныя карты ў гульнях, калі гэта можа выклікаць незадаволенасць часткі гульцоў, — працягвае Максім. — Пры гэтым, наколькі памятаю, крытыкі выкарыстання Харкава як месца для баявых дзеянняў або амаль не было, або не было наогул. Крытыкавалі менавіта «недакладнасці» карты з пункту гледжання мясцовых жыхароў.

Будынак харкаўскага Дзяржпрама на мапе ў World of Tanks

Паводле ўсяго, досвед з рэальнай картай у камандзе распрацоўшчыкаў WoT усё ж палічылі ўдалым. У 2016 годзе ў гульні з’явілася карта «Парыж» з Эйфелевай вежай. А ў 2018 годзе ў «танках» з’явіўся Мінск — спачатку ў выглядзе віртуальнага часовага танкавага ангара ў Парку Горкага, а пасля і ў выглядзе паўнавартаснай гульнявой карты, якая ўзнаўляла раён Плошчы Перамогі і цырка. Пры стварэнні карты выкарыстоўваўся здымак з амерыканскага самалёта-шпіёна, што праляцеў над Мінскам у 1965 годзе.

— Прэтэнзіі ад жыхароў Мінска, наколькі памятаю, таксама былі, — успамінае Максім, — але не сказаць, каб масавыя. Паколькі карта паказвала гэты раён Мінска падчас будаўніцтва паркавай зоны, якое адбывалася некалькі дзесяцігоддзяў таму, частку неадпаведнасцяў можна было спісаць на гэта.

Плошча Перамогі на мапе «Мінск» в World of Tanks

Магчыма, з цягам часу ў WoT з’явіліся б і іншыя лакацыі з рэальнымі гарадамі і мясцовасцямі. Але ў 2022 годзе, калі Харкаў стаў мэтай расійскіх бомбаў і ракет, Wargaming выдаліла яго карту са сваёй самай паспяховай гульні. Заадно была выдаленая і карта «Мінск». А вось пакатацца на гусенічнай баявой машыне па Парыжы ў World of Tanks усё яшчэ можна.

Чаму стваральнікі камп’ютарных гульняў часта імкнуцца ствараць рэалістычныя мадэлі рэальных лакацый?

Даданне дастаткова дакладных копій гарадоў і іншых лакацый у гульні часта аказваецца ўдалым маркетынгавым ходам. Яго поспех грунтуецца на спалучэнні псіхалагічных і камерцыйных прычын.

Калі чалавек бачыць у гульні добра знаёмае месца, у яго можа ўзнікнуць пэўная эмацыйная сувязь з гульнёй — гэтак жа, як гэта адбываецца з фільмамі. Жыхар Парыжа, Нью-Ёрка ці Мінска можа атрымаць нямала прыемных хвілін, пазнаючы падчас гульні родныя вуліцы і панарамы свайго горада. Акрамя таго, мозгу можа быць прасцей прыняць віртуальную рэальнасць гульні, калі яна адпавядае нашым уяўленням пра тое, якой павінна быць рэальнасць. Знаёмая архітэктура, правільныя прапорцыі будынкаў, звыклая планіроўка вуліц ствараюць адчуванне сапраўднасці і палягчаюць пагружэнне ў гульню. Калі сюжэт гульні разгортваецца ў добра знаёмых «сапраўдных» месцах, гэта можа зрабіць гульнявы досвед больш яркім і запамінальным.

Парыж на аднайменнай мапе ў World of Tanks

Аднак нават калі чалавек ніколі не бываў у месцы, якое стала прататыпам гульнявой лакацыі, яго рэалістычнасць усё роўна можа мець каштоўнасць. Падаецца, што многія гульцы атрымліваюць задавальненне ад вывучэння новых месцаў праз гульні. Стваральнікі серыі Assassin’s Creed нават дадаюць у свае гульні спецыяльныя адукацыйныя рэжымы, у якіх можна вывучаць гістарычныя артэфакты і архітэктурныя шэдэўры, не адцягваючыся на бойкі з дакучлівымі ворагамі.

Акрамя таго, рэалістычныя лакацыі могуць стаць выдатнай нагодай для дадатковага піару — асабліва ў тых рэгіёнах, якія прадстаўлены ў гульні. Assassin’s Creed Unity была выдадзеная ў 2014 годзе. Але дзякуючы дэталёваму ўзнаўленню Парыжа эпохі Вялікай Французскай рэвалюцыі настолькі трывала ўвайшла ў успрыманне многіх людзей як вобраз гэтага горада, што нават праз дзесяцігоддзе выдатна ўпісалася ў цырымонію адкрыцця Парыжскіх Алімпійскіх гульняў.

«Тут я в танке. Снаружи — нет». Как дела у Wargaming после разрыва с Беларусью и Россией
«Тут я в танке. Снаружи — нет». Как дела у Wargaming после разрыва с Беларусью и Россией
По теме
«Тут я в танке. Снаружи — нет». Как дела у Wargaming после разрыва с Беларусью и Россией
«Слишком вкусный и уязвимый актив». Российская Lesta в опале. Что будет с минским офисом?
«Слишком вкусный и уязвимый актив». Российская Lesta в опале. Что будет с минским офисом?
По теме
«Слишком вкусный и уязвимый актив». Российская Lesta в опале. Что будет с минским офисом?
Чытайце таксама
10 курсов для будущих и практикующих разработчиков игр на Unity
10 курсов для будущих и практикующих разработчиков игр на Unity
10 курсов для будущих и практикующих разработчиков игр на Unity
Вместе с Digitaldefynd составили список полезных курсов, сертификаций и тренингов, которые помогут освоить профессию разработчика игр на Unity с нуля, а также прокачать свои навыки тем, кто уже работает в гейм-индустрии. 
Крутые курсы по геймдеву: подборка для начинающих
Крутые курсы по геймдеву: подборка для начинающих
Крутые курсы по геймдеву: подборка для начинающих
Собрали для вас курсы, которые помогут освоить с нуля геймдев и геймдизайн, а также систематизировать свои знания и прокачать навыки начинающим гейм дизайнерам и разработчикам игр. Игровая индустрия — одно из самых динамично развивающихся направлений ИТ-сферы. Работа в геймдеве доступна и новичкам, и тем, кто не обладает глубокими техническими знаниями.   
Мечтаете создать собственную игру? Собрали классные курсы по геймдеву всего за 9,99$
Мечтаете создать собственную игру? Собрали классные курсы по геймдеву всего за 9,99$
Мечтаете создать собственную игру? Собрали классные курсы по геймдеву всего за 9,99$
Belka Games звольніла супрацоўнікаў у Беларусі, Расіі і Літве
Belka Games звольніла супрацоўнікаў у Беларусі, Расіі і Літве
Belka Games звольніла супрацоўнікаў у Беларусі, Расіі і Літве
22 каментарыя

Хочаце паведаміць важную навіну? Пішыце ў Telegram-бот

Галоўныя падзеі і карысныя спасылкі ў нашым Telegram-канале

Абмеркаванне
Каментуйце без абмежаванняў

Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.

zabelarus14
zabelarus14 Инженер в НИИ им. Баца
6

Полагаю, одной из первых копий Минска были Duke Nukem с 4-м корпусом БГУИР... И на псевдографике, где гопников бутэльками аливарыи бить надо (забыла название, конец 90-х годов) около клуба Реактор.

Карыстальнік адрэдагаваў каментарый 6 чэрвеня 2025, 08:14

table
table Table в Database
2

там еще Pall Mall был

2

"Лявон выпіў піва і цяпер нічога не баіцца"

table
table Table в Database
1

Большая часть игроков жаловалась именно не несоответствия карты реальному городу

это наверное те кто жалуются на то что в мультфильмах все не по настоящему, в реальной жизни так не бывает

-5

Надеюсь, можно будет играть за российских агрессоров!

zabelarus14
zabelarus14 Инженер в НИИ им. Баца
6

Играть можно, выиграть нет 🤣

3faqt45
3faqt45 Meme officer в localhost
-6

Будущий отзыв со Steam:
"После того как вы оставили в игре только украинский и польский, валить всех стало значительно приятнее. Спасибо!"