«Сумоўе — не споведзь, а перамовы». Як размаўляць з працадаўцам пра доўгія паўзы ў кар'еры?

PM напісала пост у лінкедзіне: яна не працавала больш за год праз дэпрэсію. Ці варта ёй цяпер казаць пра гэта на сумоўі, пытаецца дзяўчына ў супольнасці. 

Мы пашырылі пытанне і адрасавалі яго экспертам: як казаць працадаўцу пра доўгія прастоі ў кар’еры і ці варта прызнавацца, калі яны былі звязаныя з фізічным або псіхалагічным здароўем кандыдата?

7 каментарыяў

«Фармальна — прафесійны перапынак. Насамрэч — дэпрэсія»

Аўтарка паста напісала: у 2024 годзе яна практычна не працавала. «Фармальна — прафесійны перапынак. Насамрэч — дыягназ „дэпрэсія“».

— 14 гадзін сну на суткі. Трывожныя думкі, якія немагчыма выключыць. Слёзы выклікала нават проста рэч, якая выпала з рук. І пустата… У такім стане аб працы нават думаць немагчыма.

Дзяўчына ўдакладняе, што ў яе як у ІТ-менеджаркі 8 гадоў вопыту і, вядома, у яе былі праекты, якія «тэсціравалі ейную стрэсаўстойлівасць»: «Я кіравала размеркаванымі камандамі, калі трэба філігранна выбудоўваць працэсы і камунікацыю, а таксама сустракалася з іншымі складанасцямі ў кар’еры. Але гэты год выбіў мяне са звыклага рытму».

Топікстартарка адзначае, што ўжо «выйшла з гэтага стану» — і вяртаецца ў прафесію. Але яна сумняваецца, ці варта сумленна казаць працадаўцу, што стала прычынай для перапынку. 

— З аднаго боку, мне важна быць сумленнай: гэта частка маёй гісторыі. З другога — я асцерагаюся, што згадка дэпрэсіі выкліча перадузятасць.

Дзяўчына спасылаецца на пост нейкага рэкруцёра, які катэгарычна не рэкамендуе расказваць такія рэчы, «бо падумаюць, што гэта слабасць і паказчык маёй ненадзейнасці і кволасці». Хоць сама яна лічыць, што ў той жа час гэта пакажа, што яна «дала рады сур’ёзнаму крызісу і набыла важны вопыт і новыя навыкі».

«За аднаго бітага двух нябітых даюць» ці «ніхто не ацэніць вашай адкрытасці»?

Пост сабраў 250 + каментароў. Аўдыторыя LinkedIn падзялілася.

Большая частка ўпэўненая: ані ў якім разе не варта згадваць такое — маўляў, «ніхто не ацэніць вашай адкрытасці» (некаторыя карыстальнікі кажуць, што праверылі гэта «на ўласным вопыце» і ведаюць: «некаторыя людзі наогул думаюць, што дэпрэсіі не існуе»).

— …Рэкруцёры, менеджары наймання — не дактары, не эксперты чалавечай уразлівасці, наадварот, яны лаўцы непашкоджаных, устойлівых людзей. Нават самыя эмпатычныя і інтэлігентныя не захочуць браць на сябе адказнасць за выбар уразлівага кандыдата. 

— …Скажу як чалавек, які наймае ў тым ліку менеджараў. Калі б у часе інтэрв’ю мы закранулі гэтую тэму, я б звярнуў на гэта ўвагу: мне было б важна высветліць, як бы вы разважалі і дзейнічалі ў стрэсавай сітуацыі — бо для менеджара гэта адзін з найважнейшых паказчыкаў пры працы з камандай.

Я думаю, што не варта чакаць на першых сустрэчах ад каманды наймання поўнага разумення вашага стану. Каманда будзе ацэньваць імпакт скіл-сэту і рызыкі, звязаныя з магчымым найманнем. І развагі пра дэпрэсію гэтыя рызыкі дадасць.

Важна, як вы прынялі гэтую сітуацыю і ці можаце ісці далей. Ці цяпер ваш арганізм будзе ўспрымаць стрэсавыя сітуацыі як небяспеку?

У дэпрэсіі няма нічога ганебнага. Важна, чым гэта было і застаецца для вас. 

— Ніколі не згадвайце нічога з таго, што не будзе характарызаваць вас станоўча. Я праходжу пастаянную тэрапію ад хваробы Альцгеймера вось ужо больш за 10 гадоў, але напішы я пра гэта ў рэзюмэ — адразу б атрымаў чорную пазнаку: «Не наймаць!» Вы не разумееце, як працуе рынак: ані ў кога няма часу разбірацца — эйчар проста адкладае рэзюмэ ў бок і чытае наступнае. 

Але ёсць і тыя, хто рэкамендуе «расказаць як ёсць». Яны падбадзёрваюць: «Не саромейся, гэта ж перамога!» А некаторыя прызнаюцца, што таксама прайшлі праз падобнае.

— Хаваць — дэманстраваць слабасць і незавершанасць развязання сітуацыі.

Калі спытаюць, кажы прафесійна:

  • якія нагрузкі былі;
  • якія кіроўныя або асабістыя рашэнні былі радыкальна па-за зонай камфорту;
  • як прымала гэтыя рашэнні;
  • на чым не дала рады і прыйшла да выгарання/дэпрэсіі;
  • як адсочвала свой стан;
  • як змагалася з наступствамі;
  • як будзеш не дапускаць такога надалей.

За аднаго бітага двух нябітых даюць. Мне патрэбныя моцныя РМы, якія ўмеюць ва ўсё пералічанае. Плюс патрэбны эйчар, які можа астатніх навучыць такому. Тыя, хто табе адмовіць пасля твайго такога адказу — нясталыя. Табе дакладна з імі не па дарозе.

— Я б хацеў, каб кандыдат не хаваў гэтага. І сам расказаў бы пра гэта, калі б сумовілі мяне. Важна зразумець каштоўнасць гэтага [вопыту]: чалавек сутыкнуўся з праблемай, але не ўцёк, а заняўся лячэннем і вырашыў яе. Гэта карысна тым, што кандыдат добра знае гэтую тэму, можа яе папярэджваць і дыягнаставаць як у сябе, так і ў іншых. Плюс у чалавека ёсць веды, як лячыць гэта — можа, не для ўсіх яго метады падыдуць, але хаця б сябе вылечыць зможа.

— Стыгматызацыя дэпрэсіі і выгарання для мяне была б чырвоным сцягам пры выбары месца працы. Падумайце, ці можаце сабе дазволіць выбіраць «сваіх», ці вам патрэбная праца проста цяпер. Як менеджарка наймання, я з вялікай павагай паставілася б да чалавека, які вынес навуку з гэтага вопыту — мне б гэта не перашкодзіла вас наняць.

«Сумоўе — гэта не споведзь, а хутчэй, перамовы. Патрэбныя дзве рэчы: інфармацыя і ўпэўненасць»

Мы пагутарылі з экспертамі: ці варта сумленна прызнавацца, што паўзы ў кар’еры былі звязаныя з фізічным або псіхалагічным здароўем кандыдата.

Каця Лысёнак, Talent Enablement у Google, заснавальнiца MyCareerDev:
— Як расказаць пра прабелы ў CV? Нагадаю, што сумоўе — гэта не споведзь, а хутчэй, перамовы. А каб перамовы былі паспяховымі, патрэбныя дзве рэчы: інфармацыя і ўпэўненасць. Інфармацыю можна здабыць, калі добра ўсё даследаваць і падрыхтавацца. А ўпэўненасць з’явіцца, калі ў цябе будзе яснасць у галаве і, зноў жа, добрая падрыхтоўка.

Разбярыся ў сабе:

  • Што за прабелы ў мяне ёсць? Уважліва праглядзі сваё CV.
  • Што можа насцярожыць HR-аў? Пастаў сябе на іх месца.
  • Як развеяць іх сумневы? Напрыклад, калі ў цябе дзесяць гадоў стажу і толькі адзiн год перапынку, нагадай пра гэта.
  • Падай інфармацыю ў выгадным святле (але рабі гэта разумна і з доказамі).

Пакажы, што ты ўсё яшчэ клёвы:

  • Як даказаць, што ты не страціў навыкаў і ведаў? Можа, ты праходзіў курсы, вучыўся самастойна, рабіў нейкія праекты? Напрыклад: «За час перапынку я паспяхова скончыў анлайн-курсы па дзіджытал-маркетынгу».
  • Як паказаць, што ты матываваны? Раскажы пра свае планы, мэты. Напрыклад: «Цяпер я поўны энергіі і гатовы ўкладваць усе свае сілы ў развіццё кампаніі».

Патрэніруйся адказваць:

  • Дай кароткія і зразумелыя тлумачэнні прабелаў. Напрыклад, «вучоба», «сямейныя абставіны».
  • Падрыхтуй адказы на тыповыя пытанні. Што ты рабіў? Чаму? Чаму вырашыў вярнуцца да працы?
  • «Прарэпетуй» свае адказы з сябрамі. Хай яны паслухаюць і скажуць, ці гучыць гэта пераканаўча.

Важныя нюансы:

  • Не хлусі!
  • Знай свае правы! У кожнай краіне свае законы.
  • Чакай, пакуль табе зададуць пытанне. Не спяшайся сам расказваць пра прабелы.
  • Падрыхтуй адказы, з якімі табе камфортна. Галоўнае, каб ты пачуваўся ўпэўнена і спакойна.
  • Падкрэслівай станоўчыя моманты. Нават калі прычына прабелу не вельмі прыемная, паспрабуй знайсці ў гэтым перыядзе станоўчыя бакі. Напрыклад: «Перапынак у працы дазволіў мне пераасэнсаваць свае кар’ерныя мэты».
  • Звязвай прабелы з пасадай. Пакажы, як вопыт, атрыманы ў часе прабелу, можа быць карысным.

Не бойся прабелаў у CV! У большасці людзей яны ёсць. Галоўнае — не ідэальнае CV, а ўменне расказаць сваю гісторыю пераканаўча і з упэўненасцю.

«Убачыўшы прабел, працадаўца не страціць прытомнасці і не выкіне вашага CV»

Ігар (спецыяліст настаяў на ананімнасці), псіхолаг і распрацоўшчык з вопытам 20+ гадоў:
— У кандыдата мае быць выразны аповед пра кар’ерныя перапынкі, і няблага б гэты аповед падрыхтаваць і адрэпеціраваць загадзя. Мозг не трывае пустэчы.

Калі інфармацыі ў гісторыі, якую нам расказваюць, недастаткова, мы спатыкаемся аб прабелы і імкнемся іх запоўніць: альбо задаем дадатковыя пытанні, альбо фантазіруем. Таму варта дапамагчы працадаўцу скласці для сябе стройную гісторыю пра вас.

Лепш расказваць праўду або блізка да праўды. Выдумаўшы альтэрнатыўныя падзеі, вы сутыкняцеся з тым, што новую версію трэба падтрымліваць — а гэта няпроста: праколецеся! Усе мы людзі, у жыцці кожнага адбываюцца розныя падзеі, мы бачым шмат чужых сцэнароў — таму, убачыўшы прабел, працадаўца не страціць прытомнасці і не выкіне вашага CV. 

У вас ёсць магчымасць выбіраць фармулёўкі, дэталізацыю, акцэнты — вы самі тлумачыце свой кар’ерны перапынак. Ідэальна, калі вы пакажаце, што гэта было вашым свядомым рашэннем для дасягнення мэт. Добра расказаць, што вы ў гэты час рабілі.

Напрыклад: наш стартап не змог атрымаць чарговага раўнда фінансавання, функцыянальнасць прадукту парэзалі — і наш аддзел скарацілі. Нам выплацілі добрую выходную дапамогу, якую я вырашыў выдаткаваць на рэалізацыю даўняй мары — паехаў на 2 месяцы ў Паўднёва-Усходнюю Азію. У падарожжы я зразумеў, што хачу адысці ад менеджменту і засяродзіцца на распрацоўцы. Таму абнавіў свае веды па Go і AWS і дарабіў сертыфікацыю па сістэмнай архітэктуры.

Або: наш праект выйшаў у прадакшан, гэта быў удалы час, каб завяршыць працу над ім і перадаць справы. Пасля я звольніўся, і ўсё лета займаўся будаваннем дачы. На нейкі час пераключыўся з клавіятуры на працу рукамі. Я добра перазагрузіўся, зноў злавіў цікаўнасць ды інтарэс да распрацоўкі і выйшаў на рынак працы.

Але майце на ўвазе, што не ўсе працадаўцы будуць глыбока занурацца ў дэталі вашых кар’ерных паваротаў, асабліва тых, якія былі досыць даўно.

Я б асабліва не дэталізаваў перапынкі, звязаныя са здароўем, у тым ліку з псіхалагічным. Калі хвароба сур’ёзная і працяглая, але вы ў выніку ачунялі або выйшлі ў рэмісію — можаце гэта пазначыць, калі працадаўца цікавіцца. «Хварэў, цяпер здаровы». Калі дагэтуль праходзіце лячэнне і гэта будзе ўплываць на вашую даступнасць на працы — раскажыце адразу.

Выходзячы на працу з дэкрэта, будзьце гатовыя да таго, што вам могуць задаць пытанне пра тое, як у вашай сям'і будзе арганізаваны догляд дзяцей у вашую адсутнасць і хто вас падтрымае ў перыяды дзіцячых хвароб. Калі вы выходзіце з доўгага дэкрэта, напрыклад, пасля двух дзяцей, падрыхтуйце тлумачэнне, як вы падтрымлівалі свой прафесійны ўзровень. «Калі старэйшае дзіця пайшло ў садок, а малодшае падрасло, у мяне з’явілася магчымасць выйсці на фрыланс — я брала праекты, дапамагала ўкараняць аўтаматызаванае тэсціраванне. А таксама здала ISTQB сертыфікацыю».

Зыходзьце з таго, што працадаўца шукае супрацоўнікаў, якія будуць выконваць чаканы аб’ём працы з прадказальным паводзінамі. Таму з вашага аповеду мае вынікаць, што вы якраз такі чалавек, — нават у моманты кар’ерных перапынкаў.

«Гэта не тое, чаго варта саромецца. Гэта важны вопыт, які вас чамусьці навучыў»

Вікторыя Хамянок-Ляўданская, псіхолаг, гештальт-тэрапеўтка, доўгі час была HRD Rozum Robotics:
— Ужо ні для кога не сакрэт, што ІТ — гэта не толькі свет ружовых поні з добрай зарплатай ды іншымі плюшкамі. Гэта яшчэ і залішнія нагрузкі, пастаянныя дэдлайн, чаканні прадукцыйнасці, што можа лёгка прывесці да выгарання. 

Вы можаце патрапіць у сітуацыю, калі праз час аніводны з праектаў не прыносіць радасці; кожная раніца становіцца болем, а коды і задачы здаюцца непасільнай ношай. Гэта заведама прыводзіць да эмацыйнага знясілення, страты цікавасці да працы і з часам можа перарасці ў дэпрэсію.

І вось з вамі такое здарылася — і прыйшлося ўзяць сабатыкал або зрабіць перапынак у кар’еры, каб прывесці свой душэўны стан у раўнавагу.

Важна разумець, што працадаўцы таксама маюць свае страхі. Калі яны бачаць пустэчу ў рэзюмэ, у іх узнікаюць асцярогі: ці не страціў кандыдат сваіх навыкаў? А ці стабільны ён? Ці можна на яго спадзявацца як на працаўніка? 

Яны могуць думаць: «Калі ён не змог пераадолець цяжкасці ў мінулым, як ён зможа даваць рады выклікам у нашай кампаніі?» Адкрытае абмеркаванне свайго вопыту можа здацца рызыкоўным, але, калі падысці да гэтага з сумленнасцю, — страхі могуць быць развеяныя.

Вельмі важна, як вы самі ставіцеся да такога вашага вопыту. Калі вы саромеецеся яго, лічыце, што вы нейкі няправільны, слабы, паламаны — «вунь, астатнія неяк спраўляюцца, а я не змог» — вы неўсвядомлена будзеце трансляваць суразмоўцу гэты ваш сорам. І, адпаведна, уражанне пра вас будзе зусім не тое, каб вас узялі на працу.

Перш за ўсё важна самому разумець, што і выгаранне і дэпрэсія — гэта не тое, чаго варта саромецца. Гэта важны вопыт, які вас чамусьці навучыў. Напрыклад:

  • як выстаўляць здаровыя межы;
  • як расстаўляць прыярытэты;
  • як заўважаць першыя прыкметы выгарання і не даводзіць сябе да крытычнага стану;
  • як выконваць здаровы баланс працы і адпачынку.

Для працадаўцы важная не адсутнасць нейкіх факапаў, памылак або праблем, — а тое, як вы з імі спраўляецеся (ці маеце вопыт пераадолення праблемных сітуацый, і наколькі ён паспяховы).

Пры гэтым няма неабходнасці паглыбляцца ў дэталі, як вы пачуваліся ў часе перапынку ў кар’еры, — важна толькі тое, што вы далі рады. Важна тое, чаму вы навучыліся. А яшчэ — што вы гэты свой вопыт можаце перадаць іншым і гэта таксама можа прынесці карысць кампаніі.

Распрацоўшчык адпачываў 2 гады. А потым прыгожа ўварваўся ў крызіс з 4 оферамі
Па тэме
Распрацоўшчык адпачываў 2 гады. А потым прыгожа ўварваўся ў крызіс з 4 оферамі

Читать на dev.by