Як пабудаваць асабісты брэнд без штампаў і каму гэта трэба ў ІТ? Спыталі PR-спецыялістку і псіхолага

Як пабудаваць асабісты брэнд і не выглядаць пры гэтым «пластыкавым» або дурным? Як гэты самы брэнд дапаможа зэканоміць грошы і павысіць лаяльнасць да кампаніі? Спыталі PR-спецыялістку і псіхолага.

5 каментарыяў

«У крызіс шмат хто хоча чароўную таблетку. Але выжываюць толькі тыя, хто можа рэальна ацаніць сітуацыю»

Хто гаворыць:
Ганна Мірончык. Спецыялістка ў Digital Marketing і PR, аўтарка тг-канала «Зрабі з сябе куміра: асабісты брэнд без інфацыганства». 15 гадоў у сферы Marketing & PR. Працавала з IKEA, Mothercare, Wargaming, KARHER, РБК. Калумністка Forbes.

Што такое асабісты брэнд і нашто ён патрэбны?

— Бачу асабісты брэнд як комплекс мер, інструментаў і стратэгій, якія закліканыя павысіць нематэрыяльную каштоўнасць кампаніі праз асобу. Напрыклад, фаўндара або супрацоўнікаў.

Нашто патрэбны асабісты брэнд? Тут усё пад задачу. Ілан Маск — выдатны прыклад сэнсоўна пабудаванага персанальнага брэнда, які вельмі прагматычна выкарыстоўвае рэпутацыю як нематэрыяльны актыў.

Возьмем акцыі Tesla. У кастрычніку 2021 года цэны на іх ірванулі на 12% і перавысілі $1000 за штуку. Такі ўзлёт здарыўся пасля ўгоды з канцэрнам Hertz, з якім кампанія падпісала кантракт на продаж 100 тысяч электрамабіляў. Для параўнання, Volkswagen толькі за трэці квартал 2021 года прадаў 120 тысяч электрамабіляў, а за 2020 год рэалізаваў 11 мільёнаў. Тым не менш розніца ў капіталізацыі Tesla і Volkswagen велізарная: $950 млрд супраць $116 млрд — і гэтае велізарнае плячо працягвае павялічвацца за кошт фантазій рынку.

Як бачым, кошт акцый часта не падмацаваны матэрыяльным актывам. Калі паглядзець на вытворчую магутнасць і памер матэрыяльных актываў Volkswagen, плюс ягоную гісторыю, стабільнасць росту і эканамічныя прагнозы, мы ўбачым цікавейшую крыніцу інвестыцый, ніж Tesla. Але ў Tesla працуе асабісты брэнд.

Або Theranos (збяднелая амерыканская тэхналагічная карпарацыя ў галіне медыцынскіх паслуг, якую лічаць адной з найбуйнейшых афер сучаснасці — заўв. dev.by). На піку іх акцыі каштавалі амаль $10 мільярдаў за пустышку, а ў кампанію Элізабет Холмс уклаліся былы дзяржсакратар ЗША Генры Кісінджэр і экс-прэзідэнт Біл Клінтан. Гэта таксама папулярны інструмент асабістага брэндынгу, калі вы прывязваеце сваю рэпутацыю да рэпутацыі лідараў грамадскай думкі.

Рынак стартапаў вельмі залежыць ад рэпутацыі заснавальнікаў. На асобу фаўндара інвестары даюць грошы, і яна ж можа прыцягнуць у стартап крутых спецыялістаў. Гэта эвалюцыйна абумоўлены механізм, калі мы цягнемся да мацнейшага і выбітнага, спадзеючыся штосьці сабе адшчыпнуць.

Як лепш выбудоўваць свой асабісты брэнд?

  1. Не марнаваць часу на стратэгію. Яна для тых, хто мае падушку бяспекі, каб жыць, пакуль пішацца стратэгія. У адной з закрытых прафесійных суполак абмяркоўвалі хібнасць гадавой стратэгіі пры прагнозах на 2020–2022 гады, — яна склала каля 80%. Цяпер, ад 2020 года і пачатку вайны, у стратэгіі ў прынцыпе няма сэнсу. Усё надта рэзка мяняецца.
  2. Працуйце маленькімі спрынтамі. Я фанат Agile. Запланавалі сабе невялікі стрым, зрабілі пару задач, паглядзелі вынік. Вы адразу працуеце з жывой гіпотэзай, абкатваеце яе ў рэжыме рэальнага часу, бо цяпер няма сэнсу выпускаць на рынак ідэальны прадукт. Выпускайце MVP, і тады за год ёсць шанец зрабіць рывок.
  3. Знайдзіце рэсурсы, на якія рэальна абаперціся. А далей выбірайце адную з дзвюх стратэгій (ніводная з іх не лепшая і не горшая, усё залежыць ад нашых жаданняў):

1) ідзем ад прадукту — і тады шукаем пад прадукт мэтавую аўдыторыю, інструменты і гэтак далей;

2) ідзем ад мэтавай аўдыторыі — уяўляем, з кім хочам працаваць, і пад гэтую аўдыторыю бярэм прадукт.

Важна памятаць, што Instagram, Facebook ды інш. — толькі інструменты. Не варта ісці на павадку ў чутак. Напрыклад, калі частка вашай гіпотэзы ў тым, што ваш карыстальнік сядзіць у інстаграме, тады сэнс падключаць інстаграм ёсць. Але можа выявіцца, што аўдыторыя сядзіць у VK або «Аднакласніках», і тады інстаграм робіцца інструментам, які толькі ад’ядае рэсурсы і яго нерэнтабельна падключаць, асабліва працуючы на нізкіх бюджэтах.

Многія, на жаль, займаюцца калекцыянаваннем інструментаў, па-дурному раздзімаючы бюджэты проста таму, што дзесьці чулі, быццам інстаграм добра працуе.

Калі ў вас абмежаваныя бюджэты, лепш засяродзіцца на адной пляцоўцы, дзе найбольш сканцэнтраваная ваша мэтавая аўдыторыя. Найвышэйшы ўзровень магіі — знайсці пляцоўку, дзе шмат мэтавай аўдыторыі і мала канкурэнтаў.

Што такое распакоўванне асобы і ці патрэбнае?

— Распакоўванне асобы — разгорнутая анкета з вялікай колькасцю пытанняў пра чалавека, якая мае дапамагчы зразумець яму свае моцныя і слабыя бакі і тое, як іх лепш прэзентаваць. Ці працуе такая анкета?

— На маю думку, у «распакоўванні асобы» прадаецца камуністычнае «хто быў нікім, той стане ўсім». Усе імкнуцца адразу ў найвышэйшы эшалон. Людзям прадаюць казку, што яны могуць засвяціцца, нічога не робячы. Гэта небяспечная ілюзія.

Дыба завышаных чаканняў дзейнічае на псіхіку не найлепшым чынам, бо чалавек спрабуе расцягнуцца ў процілеглых кірунках. Нагамі ён стаіць на сваіх «магу» (часцяком пасрэдных), а рукамі пасля ўсіх гэтых распакоўванняў і коўчаў цягнецца да «хачу». Чалавек ужо прысвоіў сабе вобраз «фаўндара-фаўндара», а ў рэальнасці нічога не варты.

І замест таго, каб, зыходзячы са сваіх маленькіх рэсурсаў, інвеставаць у рэальнае развіццё, пачынае ўкладвацца ў бачнасць. У панты, якія, як яму здаецца, прыцягнуць інвестара або нейкага крутога спецыяліста. І цана такога понту робіцца прапарцыйна вышэйшай. 

Чым большая адлегласць паміж «быць» і «здавацца», тым вышэйшая верагоднасць, што чалавек страціць рэсурсы, сваю рэпутацыю, падвядзе каманду. Трэба адэкватна ацэньваць свае сілы, каб сэнсоўна выбраць наступны крок.

Вось прафарыентацыя — вельмі патрэбная штука. Калі мы гаворым пра Беларусь, то ў 2020-м годзе жыццё праз калена пераламалася шмат у каго. Прыпусцім, чалавек апынуўся ў чужой краіне і не разумее, што рабіць далей, у што інвеставаць, каб не моцна страціць у скілах, знайсці працу і кампенсаваць сваю дрэнную мову. Тут прафарыентацыя вельмі спатрэбіцца. Лічу, гэта прама вельмі-вельмі трэба, асабліва эмігрантам.

Але прафарыентацыя і кар’ерныя кансультанты — гэта заўсёды пра працу з боку чалавека і не мае нічога агульнага з распакоўваннем асобы. У крызіс шмат хто хоча чароўную таблетку. Але выжываюць толькі тыя, хто можа рэальна ацаніць сітуацыю.

«У тым, каб быць нарцысам, ёсць свая карысць»

Хто гаворыць:
Дзяніс Іскорцаў. Кансультант у псіхалогіі камандных працэсаў, распрацоўшчык-практык ад 1996 года. Скончыў МВА у TU München.

Нашто патрэбны асабісты брэнд у сацсетках?

— Сацсеткі — інструмент для продажаў, які працуе. Праз свой вобраз можна трансляваць сігналы патэнцыйным пакупнікам: «Глядзіце, колькі я ўсяго магу зрабіць, прыходзьце да мяне, і ў вас будзе такое ж шчасце». То-бок гэта продаж вобразу, ролевай мадэлі: «Я паспяховы, запрашаю вас быць побач са мной, і вы таксама будзеце паспяховымі». Вядома, гэта не заўсёды праўда, але часам я сам лаўлю сябе на думцы: «Які ў чалавека круты гадзіннік, пэўна, ён штосьці ўмее рабіць».

Я бачу тут перасячэнні з тэхналогіяй стварэння рэзюмэ. Гэта таксама самапрэзентацыя, якая дапамагае людзям вырашаць важную задачу — выбудоўваць адносіны адно з адным. Арыентавацца на нейкія знакі і сігналы, якія кажуць: «Акей, гэты чалавек мне зразумелы. Я разумею, што ад яго чакаць і што мы можам разам зрабіць».

У розных культурах людзі будуюць свой вобраз па-рознаму. Прычым пад культурай маецца на ўвазе не толькі народ або краіна, але і бізнэс-асяроддзе. Умоўны айцішнік і ўмоўны доктар складуць свае рэзюмэ па-рознаму. Калі айцішнік прыйдзе на сумоўе ў пінжаку і гальштуку (не ў банк), то ягоны вонкавы выгляд запатрабуе некаторага тлумачэння.

Часам людзі звяртаюцца да мімікрыі — калі ты выкарыстоўваеш вонкавыя прыкметы таго, кім ты не з’яўляешся, каб іншы чалавек прыняў цябе за свайго.

Прыкладам, у буйных кансалтынгавых фірмаў, якія працуюць з вялікімі заказчыкамі, ёсць пасада Vice President. Гучыць пераканаўча, але насамрэч гэта другі ці трэці ўзровень у іерархіі: ідзе стажор, затым спецыяліст, а потым адразу віцэ-прэзідэнт. Гэта робіцца, каб умоўнага сярэдняга спецыяліста можна было адправіць на сустрэчу з топам, і той, гледзячы на візітоўку, падумаў: «Гэта чалавек з майго кола».

Чаму людзі любяць паказваць сябе ў сацсетках?

— Пачнём здалёк. Ёсць тэорыя асобы, якая кажа, што ў нас тры кампаненты.

Нарцысічны — гэта пра паказванне сябе свету. Шызоідны — пра бяспеку. Неўратычны — пра адносіны з іншымі людзьмі. Гарманічная асоба — тая, у якой прысутнічаюць усе тры. То-бок чалавек можа і сябе паказаць, і з іншымі пагутарыць, і пра сваю бяспеку патурбавацца.

Праблемы ўзнікаюць тады, калі нейкая з гэтых частак пачынае пераважваць. Напрыклад, шызоідная, калі чалавек імкнецца трымаць усё пад кантролем (дарэчы, ёсць назіранні, што сярод айцішнікаў шмат людзей з пераважнай шызоіднай часткай).

Ёсць людзі, у якіх нарцысічны кампанент зашкальвае. І ёсць тыя, у каго нарцысізм развіты на здаровым узроўні.

У тым, каб быць нарцысам, ёсць свая карысць. Такія людзі прыцягваюць увагу, пастаянна рвуцца наперад, паказваюць сябе свету, натхняюць. Узяць таго ж Стыва Джобса. Неверагодны нарцыс і фарсун, і пры гэтым стварыў Apple і ўсю паспяховую лінейку іх прадуктаў.

Нарцысічнаму чалавеку камфортна весці сацсеткі і паказваць сябе свету. Гэта для яго знаёмае асяроддзе. З дапамогай гэтага інструмента ён таксама атрымлівае неабходнае яму пацверджанне, што «мы цябе бачым, ты файны, давай яшчэ». Або наадварот, «ты жудасны». Так, ёсць і такія тыпы нарцысаў.

Як не скаціцца пры выбудоўванні асабістага брэнда да штампаў пра «паспяховы поспех»? Каб не скаціцца да штампаў, пішыце пра тое, што цікава асабіста вам, пішыце ад сябе.

Як выбіраць стратэгію паводзін у сацсетках?

— Перш за ўсё, вы маеце вырашыць, навошта вам наогул паказваць сябе ў сацсетках. Калі вы хочаце прадаць нейкія свае паслугі, то вядзіце прафесійны блог і расказвайце там прафесійныя гісторыі. Для ІТ гэта ў першую чаргу LinkedIn. Таксама добрыя прафесійныя пляцоўкі habr.ru і medium.com.

Для падтрымкі свайго вобраза прафесіянала пры пошуку працы ёсць сэнс паглядзець на свае асабістыя сацсеткі: якія фота вы там размяшчае, што пішаце (і ці пішаце наогул), што рэпосціце.

Транслюйце тое, як бы вы хацелі, каб вас бачылі. Калі вы прасоўваеце бізнэс, то глядзіце, як пакупнікі выбіраюць сабе выканаўцу альбо падрадчыка, і адпаведным чынам выстаўляйцеся. А калі вам проста падабаецца штосьці рабіць, то рабіце гэта з задавальненнем. 

Для мяне ж сацсеткі — гэта ў асноўным інструмент нэтворкінгу, падтрымання сацыяльных сувязяў і інструмент для рэфлексіі.


А ці ўкладаецеся вы ў стварэнне асабістага блога? Як думаеце, ці гэтая рэч патрэбная для спецыяліста ў ІТ? Раскажыце ў каментарах!


Читать на dev.by