«На першым этапе стрэсова». Як айцішнікі пашыраюць кола зносін пасля пераезду

Пагутарылі з айцішнікамі пра тое, як пасля пераезду яны выбіраліся з уласнай «шкарлупіны» і абрасталі знаёмымі — з мясцовых жыхароў і не толькі. Лавіце лайфхакі!

19 каментарыяў

«Цяпер магу трэніраваць юніёрскія групы і быць галоўным трэнерам да пятай польскай лігі»

Зміцер, Senior Software Engineer:

— У снежні 2020 года пераехаў у польскі Гданьск. Праз два ці тры месяцы вырашыў знайсці аматарскую футбольную каманду (люблю гэтую гульню — у мяне было футбольнае дзяцінства), каб неяк разнастаіць сваё жыццё і пачаць знаёмства з новай краінай. Прыкінуў свой узровень падрыхтоўкі, адкрыў табліцу, ткнуў пальцам — і напісаў камандзе з Гдыні.

Я прайшоў тэсты і пачаў трэніравацца, балазе трэнер і частка гульцоў размаўлялі па-англійску, таму было крыху лягчэй, плюс пазнаёміўся з таварышам з Украіны. І зноў так загарэўся гэтай гульнёй, што вырашыў атрымаць трэнерскую ліцэнзію і развівацца ў гэтым кірунку.

У Гданьску адкрытых курсаў не было, таму запісаўся ў Варшаву і наступныя паўгода раз на месяц прыязджаў на сесіі і практыку. У выніку атрымаў ліцэнзію UEFA C, якая дазваляе трэніраваць дзяцей да 12 гадоў, а таксама аматараў з самых нізкіх ліг.

На працягу наступнага года я быў асістэнтам трэнера моладзевай групы плюс трэнерам па маторыцы ў іншай камандзе. Потым атрымаў прапанову стаць асістэнтам у дарослай аматарскай камандзе. Паралельна запісаўся на наступную ліцэнзію — UEFA B, якая патрабавала досведу працы — 1 год — і здаць уступны іспыт. 

Я атрымаў гэтую ліцэнзію на пачатку бягучага года. Цяпер магу трэніраваць усе юніёрскія групы, а таксама быць галоўным трэнерам да пятай польскай лігі ўключна.

Усё гэтае навучанне, а таксама праца з дзецьмі і камунікацыя з гульцамі з розных каманд, дало мне велізарны буст у гутарковай мове і карысныя сувязі. У маіх планах цяпер — паступіць на ліцэнзію UEFA A, якая дазволіць мне пачаць трэніраваць на прафесійным узроўні. Спадзяюся, для мяне гэта будзе адпраўным пунктам, каб плаўна пачаць пераход з ІТ у спорт. 

Вядома, заробкі трэнера і распрацоўшчыка не супастаўныя — такія заробкі, як у мяне, пачынаюцца толькі з першай лігі і вышэйшых. Але калі ставіць максімальныя мэты, то ўсё дасягальна. Галоўнае — верыць і рабіць гэта шчыра. Я прысвячаю футболу па 2 гадзіны 3 разы на тыдзень, плюс у нас заўсёды матч у выходныя.

Так што таму, хто хоча пашыраць кола зносін у новай краіне я магу парэкамендаваць падабраць хобі/навучанне/забаўку, якія будуць уключаць шчыльныя зносіны з носьбітамі мовы. На першым этапе для мяне гэта было неверагодна стрэсова, затое цяпер я не баюся ісці ў мясцовыя ўстановы, а таксама вырашаць бюракратычныя пытанні — і цётка з начосам з ужонда, як на мяне, не такая ўжо грозная. 

«Тут у мяне культурнае і сацыяальнае жыццё ў разы большае, чым тое, што было ў Мінску»

Сцяпан, бэкэнд-распрацоўшчык:

— Мая гісторыя не зусім пра выхад са «шкарлупкі», але побач. Я пераехаў у Літву летась. І амаль адразу я натыркнуўся на месца з назвай CreareCulture Space. Гэта беларуская прастора і бясплатны каворкінг. 

Так аказалася, што тут працуе адная з далёкіх знаёмых. Я мяркую, вы ведаеце, як гэта бывае: бачыліся некалькі разоў недзе, падпісаныя адно на аднаго ў сацсетках, але як завуць, пры сустрэчы не згадаеш адразу. Дык вось неяк пахадзіў я на каворкінг, а тут выявілася, што вечарамі яны ладзяць розныя мерапрыемствы. У тым ліку і speed friending, дзе я пачаў знаёміцца з мігрантамі не толькі з Беларусі. 

І неяк так выйшла, што тут у мяне культурнае і сацыяальнае жыццё ў разы большае, чым тое, што было ў Мінску.

Хаджу на ўсялякія нэтворкінгі, выставы, лекцыі. Не скажу, што знайшоў праз гэтую прастору добрых сяброў, але кола знаёмых, з якімі можна нешта парабіць ці куды-небудзь схадзіць, павялічылася. 

Цяпер, праз паўтара года, вядома, адчуваецца трошкі стомленасць ад такой імклівай атмасферы. Пачаў разборлівей выбіраць, куды схадзіць. Але гэта ўсё роўна добры досвед і добрае месца, каб не затыркацца, працуючы з дома, на шляху ад хаты да Lidl.

А яшчэ тут былі некаторыя курсы, неайцішныя. Праз іх я трошкі пазнаёміўся з тым, як рабіць відэа. Цяпер катаюся па Еўропе, здымаю беларускіх эмігрантаў, раблю канал на ютубчыку пра тое, як яны ўладкаваліся на новым месцы. 

«Мы шмат шпацыруем і размаўляем з іншымі сабакарамі. Мая польская моцна прапампавалася»

Аліна, тэсціроўшчыца:

— Пераехала ў Польшчу на патрабаванне кампаніі — і на сваім досведзе ведаю, што значыць «адна-адзінюткая». 24/7 вакол мяне — нікога: калегі ўсе ў Zoom, Google Meet і месенджарах, жывыя людзі — на шляху ў краму і назад (усяго 20-30 хвілін на дзень). Я адчувала сябе як патолагаанатам з вядомага анекдота.

У дзяцінстве ў мяне былі сабакі. Я ведаю, як гэта пашырае круг зносін: твой сабака на шпацыры падыходзіць знаёміцца да іншага сабакі, ягоны гаспадар пачынае казаць нешта накшталт: «Мік, глядзі, хто з табой хоча сябраваць». І табе застаецца толькі паківаць, пахваліць Міка за прыгажосць, нешта спытаць у яго гаспадара — і завяжацца гутарка. 

Я вырашыла, што мне трэба завесці сабаку. Спыталася ў гаспадароў кватэры, якую арандую, ці можна — яны былі не супраць (і гэта добра: мне вельмі не хацелася пераязджаць). 

Мой Чак — з прытулку. Прытулак я знайшла па запыце Schronisko dla zwierząt + горад, у якім жыву. Абрала на сайце сабачку і дамовілася з валанцёрам паглядзець. А затым запоўніла анкету — яе разглядалі каля тыдня. Каб узяць сабаку з прытулку абавязкова патрэбны ДНЖ. 

Я чытала, што прытулак можа адмовіцца аддаць заяўніку сабаку, а яшчэ што некаторыя прытулкі просяць за жывёлу ад 20 да 200 злотых у залежнасці ад пароды. Мой Чак мне дастаўся бясплатна — магчыма, таму што ён дварняк (але бабуля яго дакладна саграшыла з бордер-колі). Але я зрабіла невялікае ахвяраванне прытулку.

Цяпер камунікацыі ў мяне дастаткова. Каля нашага дома ёсць абгароджаная пляцоўка для выгулу сабак: можна пакінуць гадаванца гарэзаваць — а самому пайсці ў краму, як робяць некаторыя. Але я так не раблю. Мы шмат шпацыруем і размаўляем з іншымі сабакарамі. Мая польская моцна прапампавалася (магу сказаць, што гэта лепш, чым анлайн-курсы).

«Сама пісала людзям, клікала на каву. Хтосьці такім жа чынам знаходзіў і мяне»

Юлія, 3D-дызайнерка:

— У красавіку 2022 года пераехала з мужам у Літву, у Вільню. Сяброў тут не было, таму са «шкарлупіны» выбірацца прыйшлося хутка. 

У мінулым я была фатографам, што вельмі дапамагло. У новай краіне пачала прапаноўваць свае паслугі, таму з’явілася шмат знаёмстваў — кліентаў. Так, мая найлепшая сяброўка — літоўка — знайшла мяне сама праз цік-ток і прыйшла на фотасесію. Цяпер мы часта бавім час разам, ходзім у госці адна да адной, падарожнічаем — гэтага мне вельмі не хапала на старце ў новай краіне. 

Кагосьці з сяброў/знаёмых я знайшла праз інстаграм — шукала мэтанакіравана, напрыклад, праз падпісчыкаў улюбёнай кавярні, а таксама праз хобі. Сама пісала людзям, клікала на каву. Хтосьці такім жа чынам знаходзіў і мяне. Дапамаглі і групы на фэйсбуку з івэнтамі для замежнікаў (Digital Nomads, Girls gone international) і, напэўна, самае папулярнае — праграмы для пошуку сяброў і актыўнасцяў у Літве Joiner. Сяброў сярод замежнікаў знайсці не ўдалося, але знаёмстваў куча. Нельга выйсці ў горад і не сустрэць кагосьці знаёмага.

Таксама ў пошуку новых знаёмстваў дапамог пошук працы і, вядома ж, новая праца. Выявілася, кам’юніці, звязанае з маёй сферай, тут невялікае, але вельмі адкрытае, галоўнае — самому быць адкрытым. Я пісала мясцовым калегам, задавала пытанні з нагоды працы, пісала ў мясцовыя студыі. Амаль усе адказвалі, запрашалі самі на абед/каву.

Цяпер я дызайнерка ў Revolut. Яшчэ калі мы толькі пераехалі, я зразумела, што быць фатографам у новай краіне без мовы не найлепшая ідэя. Плюс — калі далей пераязджаць, — зноў трэба будзе выбудоўваць усё нанова, зноў шукаць кліентаў. Яшчэ я ўжо адчувала столь і ў аплаце, і асабліва ў развіцці. Таму вырашыла знайсці нешта падобнае, візуальнае, што будзе падабацца, але з магчымасцю працаваць дзе заўгодна. 

Так і знайшла 3D (Cinema 4D). Тут таксама ёсць праца з камерай, святлом, кампазіцыяй, шмат творчасці і свабоды, у цэлым, усё, што мне падабаецца. Вучылася сама, у асноўным па відэа з ютуба, часам купляла недарагія майстар-класы ва ўлюбёных дызайнераў. 

Вырашыла адразу рабіць «партфольныя» праекты ў часе вучобы і ўжо ў часе працы над імі гугліць тое, чаго не ведаю, накшталт «як зрабіць сімуляцыю вады». Гэта заняло паўгода, далей я стала стукацца ва ўсе дзверы, знаёміцца з калегамі, студыямі і праз пару месяцаў да мяне пачалі прыходзіць заказы на фрыланс — так шмат, што большасці даводзілася адмаўляць. Мабыць, сфера новая і канкурэнцыі мала ў параўнанні з іншымі сферамі. 

Заказчыкамі былі ў асноўным ІТ-кампаніі, стартапы. Часам было складана: даводзілася працаваць па 14 гадзін на дзень, каб ніхто не падумаў, што я пачатковец. Так што досведу я атрымала напоўніцу і нават паспела выгараць. А месяцаў праз пяць фрылансу мне прапанавалі сумоўе ў Revolut. Я прайшла ўсе 4-5 этапаў — і вось ужо амаль год я ў сваім найлепшым працоўным асяроддзі.

«Калі курсы далі мне базу, то 1,5 года ў McDonalds паднялі маю польскую на некалькі ўзроўняў»

Улад, супрацоўнік кол-цэнтра, перавучыўся на QA, шукае працу:

— Пераехаў у Польшчу ў жніўні 2021 года па працоўнай візе — уладкаваўся да знаёмых у агенцыю электрыкам. 

Праца была раз’язная — па ўсёй Польшчы. Праз першыя пару месяцаў я зразумеў: каб тут асталявацца, трэба пачаць вучыць польскую і выбраць нейкі горад на «пастаянку», без раз’ездаў.

Я купіў курс польскай анлайн, пачаў вучыць — пад новы год пераехаў да сяброў у Варшаву. Потым адкрыў гуманітарную візу ў Кіеве, а праз яшчэ пару месяцаў вырашыў пачаць працаваць кур’ерам. Яшчэ праз нейкі час — гэта ўжо быў чэрвень 2022 года — уладкаваўся ў McDonalds.

І вось жа тут і пачалася мая сацыялізацыя поўным ходам: калі курсы далі мне базу, то 1,5 года ў McDonalds паднялі маю польскую на некалькі ўзроўняў. Я абзавёўся новымі знаёмымі — як сярод палякаў, так і сярод людзей з іншых краін, дагэтуль падтрымліваю зносіны з імі. 

Затым, дзякуючы бусту ў валоданні польскай мовай, я змяніў McDonalds на кампанію, якая займалася арэндай машын, — там працягнуў удасканальваць сваю польскую і пашыраць свой слоўнікавы запас. Зноў жа аброс новымі знаёмствамі — тут ужо 90% працаўнікоў былі палякамі.

Праз паўгода я зноў змяніў сферу — цяпер працую ў кол-цэнтры на трох мовах: польскай, рускай і англійскай. Большая частка камунікацыі — на польскай, а таму я працягваю ўдасканальваць яе (прычым не толькі вусную, але і пісьмовую).

Так што вынік такі — менш чым за тры гады я, у якога быў нулявая польская, прыйшоў да таго, што магу лёгка размаўляць з кім заўгодна і працую ў кол-цэнтры. А лайфхак мой — вучыць мову і спрабаваць неяк сацыялізавацца.

Цяпер я яшчэ скончыў некалькі курсаў — па QA ад Арцёма Русава, яшчэ адзін украінскі і курс па Postman. Шукаю цяпер працу. Пакуль не вельмі прасунуўся ў пошуках — за пару месяцаў было толькі адное тэхсумоўе. Але ў эміграцыі гэта няпроста, калі ў цябе не вельмі моцная англійская (а расійскага рынку я не разглядаю).

«Сначала пинали мяч». Как беларусы собрали футбольную команду в Польше
По теме
«Сначала пинали мяч». Как беларусы собрали футбольную команду в Польше
«Начал шить, чтобы не сойти с ума». Как найти хобби и почему это очень важно
По теме
«Начал шить, чтобы не сойти с ума». Как найти хобби и почему это очень важно

Читать на dev.by