Рынак вакансій у ІТ залёг на гістарычнае дно. Вінаватае лета? (Наўрад ці)

Але без бачных узрушэнняў. Новы антырэкорд вакансій у ПВТ пройдзены ў красавіку.

76 каментарыяў

Нядаўна мы абмяркоўвалі, ці варта шукаць працу ў сезон адпачынкаў. Цяпер тыя, хто сумняваецца, могуць паглядзець на звесткі агрэгатараў ІТ-вакансій у Беларусі — ці пацвердзяць лічбы тэзіс пра летняе зацішша на рынку.

Праўда, гэта ўсё роўна што адгадваць кірунак ветру ў працяглы штыль. Абвал, які пачаўся ў лютым 2022 года, вычарпаў або амаль вычарпаў свой рэсурс. У агульнай статыстыцы актыўных вакансій на месяц дно — 3729 — пройдзенае ў снежні 2022 года, з тых часоў крывая прыпаднялася над гэтай адзнакай. Два першыя летнія месяцы колькасць вакансій сапраўды паніжалася: у ліпені яна панізілася да адзнакі 4215 (мінус 6% да мая), што прыкладна адпавядае ўзроўню лютага.

Што тычыцца актыўных кампаній, тут выразнага трэнду на летняе зніжэнне не відаць: у чэрвені іх колькасць трохі прырасла, да 2078-і, а ў ліпені знізілася, да 1975-і (мінус 4% да мая).

У цэлым жа пасля снежаньскага антырэкорду колькасць кампаній, якія наймаюць, вагаецца ў раёне 2000. Гэта ўзровень трывожнай вясны 2022-га і ніжэй за снежань 2020-га, калі яшчэ цяпліліся нейкія надзеі. 

Адзіная выразная ямка на вяснова-летняй крывой прыпадае на красавік. Тады прыкметна прасела колькасць і актыўных кампаній, і вакансій. Але не ніжэй за снежаньскую адзнаку.

А вось у разрэзе ПВТ у красавіку зафіксаваны новы антырэкорд — 819 актыўных вакансій на месяц (мінус 6% да снежня 2022-га).

Параўноўваць гэтае «дасягненне» з паказчыкамі з мінулага жыцця нават неяк няёмка, але давайце ўсё ж згадаем: яшчэ ў верасні 2021-га, на піку за «гісторыю назіранняў» (прывітанне тым, хто верыць, што рынак ажывае пасля канікул), рэзідэнты Парка прапаноўвалі 9687 вакансій (у 12 разоў больш). У сакавіку 2022-га (месяц грандыёзнага абвалу) — 2309 вакансій.

Ёсць сумневы, што пасля такіх разбуральных для рынку катаклізмаў на яго рэштках можна праверыць тэзіс пра расслабляльны ўплыў лета. У кожным разе наяўныя лічбы яго не пацвярджаюць: у чэрвені крывая пайшла трохі ўніз, а ў ліпені — уверх.

Разам у ліпені ў рэзідэнтаў ПВТ было 870 актыўных ІТ-вакансій — прыкладна як у снежні. І гэта галоўны індыкатар, на які варта арыентавацца, бо менавіта ў рэзідэнтаў ПВТ, як правіла, сапраўдныя, айцішныя, вакансіі (у зводную дынаміку трапляюць і сісадміны, і SMM-спецыялісты, і запраўшчыкі картрыджаў).

Не пацвярджае тэзіса аб правальным леце і дынаміка актыўных кампаній у ПВТ: май, чэрвень і ліпень на крывой глядзяцца «горбікам», а не адхонам. У ліпені кампаній, якія наймаюць, было 243 — амаль столькі ж, колькі і ў маі. Нагадаем, што ў 2021 годзе іх колькасць яшчэ перавальвала за 450, а ў сакавіку 2022-га было 359.

Хаця пасля крутога піке 2022 года ваганні рэшткаў актыўнасці на рынку ІТ-наймання візуальна ўжо не робяць уражання, вымушаныя зафіксаваць новае гістарычнае дно. Фармальна яно было пройдзенае ў маі — 240 актыўных кампаній у ПВТ. Фактычна ліпеньскі паказчык — 243 — хутчэй падобны да хібнасці.

Ці лета вінаватае? Не думаем.

Ад студзеня 2018 года мы агрэгуем аб’явы пра беларускія вакансіі для ІТ-спецыялістаў на 20 агульнадаступных інтэрнэт-рэсурсах — джаббордах (уключаючы jobs.dev.by і rabota.by) і агрэгатарах вакансій — і пераўтвараем іх у аналітычныя метрыкі. Ад ліпеня 2020 года ў базе даных улічваюцца таксама вакансіі ў Linkedin.

Такім чынам, лета не змяніла карэнным чынам сітуацыі на рынку ІТ-вакансій — там па-ранейшаму ўсё стабільна дрэнна, хаця пазітыўныя рухі часам здараюцца. Сезонны фактар калі і ўплывае на актыўнасць наймання, то гэта далёка не галоўнае.

Верагодна, нейкія актыўныя ваганні на графіку будуць прывязаныя да вонкавых падзей.


dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.

У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. 

Дапамагчы нам можна праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут гаманцы.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

Не сезон? Ці варта шукаць працу ў ІТ летам
Па тэме
Не сезон? Ці варта шукаць працу ў ІТ летам
Ад $4. Айцішнікі паказалі рахункі за камуналку ў розных краінах улетку
Па тэме
Ад $4. Айцішнікі паказалі рахункі за камуналку ў розных краінах улетку
«Как попасть на работу в Европе». Айтишники, которым не отказали, рассказывают
По теме
«Как попасть на работу в Европе». Айтишники, которым не отказали, рассказывают
Джун разаслаў CV 1000 разоў, каб знайсці працу ў Беларусі. Што з гэтага выйшла
Па тэме
Джун разаслаў CV 1000 разоў, каб знайсці працу ў Беларусі. Што з гэтага выйшла

Читать на dev.by