Як пражыць лістапад (і ўсю зіму) без антыдэпрэсантаў. Раяць СЕО і доктар
CEO і кіраўніца некалькіх ІТ-кампаній Надзея Ручанава падзялілася ў лінкедзіне парадамі, «як пражыць лістапад без антыдэпрэсантаў». Калі вас таксама прыгнятае адсутнасць сонца + дрэнныя навіны, — лавіце лайфхакі.
Свае спосабы, як выжыць у цёмныя часы і не страціць жадання жыць і працаваць, выкладвайце ў каментарах.
«Сонца заходзіць якраз у той момант, калі я канчаткова прачынаюся»
— У цудоўнай Латвіі мне падабаецца ўсё — акрамя лістапада. Часам я жартую, што тут сонца заходзіць у лістападзе якраз у той момант, калі я канчаткова прачынаюся. Ад 2020 года на няпростыя кліматычныя ўмовы накладваецца навінавы парадак дня, які ну ніяк не спрыяе аптымізму.
Вайна і крызіс могуць доўжыцца доўга, а вось жыць трэба тут і цяпер. І пажадана яшчэ атрымліваць задавальненне ад жыцця. Такім чынам, мае рэцэпты:
- Штодзённая фізічная актыўнасць. Кожную раніцу ў 7:45 я бяру ровар і гадзіну еду куды вочы глядзяць. Часцей за ўсё яны глядзяць на мора. Я не бяру навушнікаў, не слухаю музыкі ці падкастаў.
Я прагна ўслухоўваюся і ўнюхваюся ў навакольны свет. Пах лісця, пах мора, хвалі, чайкі — вось мае навіннікі. Я лаўлю светлавы дзень, падаўжаючы ўласнае адчуванне даўжыні дня.
- Гэта мой час толькі для сябе — добра ж пагутарыць з прыемным чалавекам. Міжвольна я ўсё роўна абдумваю працоўныя задачы, якія потым робяцца літаральна за 5 хвілін. Усе актыўнасці ў памяшканні (басейн + каток) я выношу на другую палову дня. Некалькі разоў на тыдзень у мяне атрымліваецца па 2 актыўнасці на дзень.
- Вітамін D — штодня, вітаміны групы B — штодня. Па магчымасці здаровае харчаванне (па магчымасці, бо без фанатызму: хачу моркву на вячэру — ем, але калі да болю ў скронях хочацца торта — ем торт). Але рэжым харчавання мае быць, і 90% рацыёну мае складаць здаровая ежа, якая падыходзіць менавіта мне.
- Праца з перспектывай. Гэта самы складаны пункт плана. Ва ўмовах нявызначанасці ўжо сама наяўнасць плана зніжае трывожнасць і стрэс. Веданне таго, што хачу/буду рабіць паслязаўтра, праз месяц, праз год мне асабіста вельмі дапамагае адчуваць самой сабе гаспадыняй. Я традыцыйна фармую планы летам (у мяне дзень нараджэння ў жніўні), ёсць выразныя KPI у некалькіх катэгорыях: «прафесіяналізм», «здароўе», «камфорт і якасць жыцця». Цяпер у мяне ў распрацоўцы чарговая сертыфікацыя, нармалізацыя вагі і падзімняя сяўба мнагалетнікаў у садзе.
- Прыемныя людзі і заняткі. Сюды я адношу хобі і іншае прыемнае баўленне часу, калі гэта не патрапіла ў пункт тры. Планую зрабіць эскіз для роспісу шаўковага шаліка, сам роспіс, бадай, зраблю ў снежні.
А яшчэ ў мяне ёсць актыўнасць па-за пунктамі — гэта мой любімы курс. Гэта гадзіны задавальнення, падзарадка ад прафесійнай супольнасці, у пэўным сэнсе гэта і праца з перспектывай, і прыемны занятак. Мой пазасезонны антыдэпрэсант.
«Кожны трэці губляе энергію, у кожнага дзясятага — амаль дэпрэсіўныя сімптомы»
Надзея просіць улічыць: яе парады добра працуюць для яе самой. Але нехта іншы мог бы працягнуць спіс.
Мы вырашылі, што гэта можа зрабіць доктар, к. м. н., аўтар кніг «Што і калі есці», «Воля да жыцця: дапаможнік здароўя» Андрэй Белавешкін. І звярнуліся да яго з пытаннем, бдык як жа ратавацца ў «цёмныя часы».
— Так, Сонца сыходзіць — і надоўга. І многія людзі адчуваюць пагаршэнне тонусу аж да «сезоннага афектыўнага разладу». Як мінімум кожны трэці губляе энергію, а ў кожнага дзясятага амаль дэпрэсіўныя сімптомы. Мала сіл, змрочныя думкі, страта цікавасці, няма жадання рухацца і да т. п.
Гэта ўсё — «восеньская хандра», якая, як і «вясновы авітаміноз», звязаная з перабудовай цыркадных рытмаў. Сонечнае святло важнае для добрага самаадчування. Калі яго недастаткова, падае выпрацоўка сератаніну і мы адчуваем прыгнечанасць.
Што можа нам дапамагчы:
- Эфектыўны спосаб і пры гэтым бяспечны прафілактыкі зніжэння настрою — фотатэрапія. Для гэтага патрэбная лямпа, якая будзе даваць не менш за 10 000 люкс.
- Яшчэ адзін мінус зімы — рэзкае зніжэнне фізічнай актыўнасці, праз што людзі часта адчуваюць сябе млявымі. Вельмі важна не адмаўляцца ад шпацыраў, і пажадана здзяйсняць іх раніцай — калі святла больш за ўсё, нават у пахмурныя дні. Таксама варта не забываць аб актыўнасці на працягу дня. Калі надвор’е зусім дрэннае, можна займацца дома.
- Млявасць бывае і праз закаркаваныя вокны, якія мы закрываем на ўвесь сезон, спрабуючы пазбегнуць страт цяпла. Але гэта няправільна. Важна нават зімой праветрываць памяшканне, дзе мы знаходзімся, — днём і ноччу.
- Таксама я рэкамендую гартаваць арганізм холадам: гэта можа быць зарадка на вуліцы, а можа — кантрасны душ або яшчэ нешта. Халодны душ бадзёрыць і павялічвае ўзровень адрэналіну.
- Варта структураваць свой дзень і сфармаваць пазітыўныя чаканні — чакаць можна навагодніх святаў, вясны, яшчэ нейкіх добрых падзей.
- Многіх людзей грэе яшчэ і пачуццё настальгіі. Часам прыемна згадаць дзяцінства, перабраць свае старыя фатаграфіі, проста прагледзець галерэю тэлефона — выдатна рабіць гэта разам з блізкімі людзьмі.
- Узровень энергіі дапамагае падтрымаць і прыём раслінных адаптагенаў — курс травяных дабавак накшталт элеўтеракоку, араліі, жэньшэню, радыёлы, ашваганды, лімонніку і да т. п. Абараніць скуру ад холаду — амега-3 (не выпадкова іх назапашваюць рыбы ў халодных, а не цёплых морах), лепш за ўсё ў выглядзе суцэльнай рыбы, а не дадаткаў. А каб скура не была бледнай, варта не ў салярый хадзіць (што паскарае фотастарэнне скуры), а есці пабольш гародніны, якая змяшчае лікапін і каратын — яны надаюць здаровае адценне скуры нават зімой. А ад перападаў настрою і дэпрэсіўных думак можа абараніць нізкадозавы літый.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.
І яшчэ крыптой, тут кашалькі.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by