«У офісе пасля 16-17 пуста». 5 гісторый айцішнікаў пра працу ў польскіх кампаніях

Айцішнікі расказалі каналу Dzik Pic, як ім працуецца ў польскіх офісах ІТ-кампаній. Публікуем 5 гісторый. 

12 каментарыяў

«Гаворкі пра перапрацоўкі і няма»

— Працую ў аўтсорсе, дзе каля 90% палякаў. Калі сумвіўся, усе са мной без праблем гутарылі на англійскай, ведання польскай не патрабавалася. На анбордзінгу ў групе з 20 чалавек я быў адзіны замежнік, і ўсе адразу перайшлі на англійскую. У офісе дыскрымінацыі беларусаў і ўкраінцаў не сустракаў, многія пытаюцца пра палітычную сітуацыю ў Беларусі.

Таксама кампанія дае курсы польскай, у нас у групе 2-3 чалавекі, 2 гадзіны два разы на тыдзень. Праз паўгода я сам пачаў з палякамі размаўляць на польскай. На новым праекце мяне адразу дадалі ў лакальны польскі чат, дзе нават тлумачылі мне польскія словы.

У офісе пасля 16-17 пуста, а ў пятніцу і раней за тое сыходзяць. Яны не авертаймяць, на выходных ніхто не працуе, гаворкі пра перапрацоўкі і няма. 

З мінусаў: няма прэмій для джуноў і мідлоў (у астатніх ёсць, па некалькі тысяч злотых адзін раз на год). Рэмоўту няма, толькі гібрыд, заробак даволі сярэдні. Можна купіць акцыі, але, як я зразумеў, гэта толькі за свой кошт.

Яшчэ невялікая розніца: заробак падымаюць усім — адзін раз на пачатку года (пры ўмове, што ты адпрацаваў у кампаніі год), і глядзяць на паказчыкі ўсяго аддзела. Летась не асабліва паднялі. А так я вельмі задаволены, ёсць шмат пераваг у параўнанні з беларускімі аўтсорсамі.

«Аніхто за галаву не хапаецца і ні ў кога кроў носам не ідзе»

— Працую ў польскай кампаніі (польскім філіяле еўрапейскага прадукту), 95% супрацоўнікаў палякі. 

На сумоўі пра польскую мову гаворкі не вялося. У працы з ёй ніхто не пушыць, можам размаўляць на англійскай, колькі ўлезе. Нейкага ўшчамлення па нацыянальнасці таксама не адчуваю. Плацяць больш, чым у знакамітых белаўтсорсах.

Тут працуюць менш па часе (9-16), і не так напружна, як у нас. Параўноўваю з тым, як у нас у Мінску мідлы прыходзілі, а 9 і сыходзілі, а 20 і сумныя, бо таска не атрымліваецца. Тут аніхто за галаву не хапаецца і ні ў кога кроў носам не ідзе. 

Атмасфера ўнутры таксама здаецца бпрыязнейшай, у агульным чаціку кампаніі суцэльны флэйм і добрая пражарка адно аднаго. Яшчэ ў офісе ёсць халадзільнік з піўком.

«Веданне польскай мовы было абавязковым»

— Крыху больш за год працаваў у чыста польскай кампаніі, дзе я быў адзіным замежнікам. Таксама быў яшчэ офер у такую ж чыста польскую кампанію, але абраў тую, дзе фул рэмоўт. Працаваў над лакальным прадуктам, што праўда, праз аўтстаф (і прадуктовая, і аўтстаф кампаніі — польскія).

Веданне польскай мовы было абавязковым. Праходзіў сумоўе — першаснае і тэхнічнае — на польскай. Але часам пераключаўся і на англійскую, калі трэба было штосьці тэхнічнае дэталёва растлумачыць. На той момант узровень мовы ацаніў бы на штосьці сярэдняе паміж В1 і В2.

Банальна ніхто не будзе дзеля аднаго замежніка перабудоўваць усе працэсы і мітынгі ў кампаніі на англійскую. Мяне вельмі моцна здзіўляюць людзі, якія гэтага чакаюць.

У параўнанні з украінскімі кампаніямі — праца больш размераная. Менеджар можа табе ўжо не адказваць у 16:30. Абедзенны час уключаны ў працоўны. У параўнанні з тым, як ва ўкраінскіх часта працуюць да 18, а то і да 19 па дэфолце — неба і зямля.

Нейкай дыскрымінацыі з нагоды таго, што я з Украіны, не сустракаў. Але веданне польскай вырашае. Калі будзеце круціць носам і казаць «speak English», то і стаўленне будзе адпаведнае. Толькі пару разоў атрымаў адказ, што, маўляў, польская С1 мае быць.

«Звольніць могуць у любы момант»

— Працую каля 11 гадоў як праграміст, з гэтага 90% часу ў Польшчы.

Пачынаў працаваць у стартапе. У нас быў свой прадукт. За 3 гады выраслі з 10 да 150 чалавек. Заробак падвышалі рэгулярна, нават некалькі разоў на год. Ніякіх акцый або бонусаў гадавых у нас не было.

Потым працаваў у карпарацыі, дзе ўжо былі бонусы. Пасля гэтага — у software house, дзе падвышэнне заробку трэба было выпрошваць, а ўжо пра бонусы і казаць няма чаго.

Цяпер працую яшчэ ў адной карпарацыі. Да часу павышэння зарплаты пакуль не дапрацаваў. Аднак на старт далі заробак значна вышэйшы, чым я прасіў.

Польская мова, я б сказаў, не абавязковая, я якраз яе на самым пачатку знаў дрэнна. Але гэта не было праблемай ані на інтэрв’ю, ані на працы. Шматлікія кампаніі на інтэрв’ю пытаюцца, на якой мове праводзіць гутарку, і калі выбіраеш англійскую, то гэта не паўплывае на рэкрутацыю негатыўна.

Ці былі праблемы, што я не з Польшчы? На адной рэкрутацыі мне задалі пытанне, з якой я краіны. Я паспрабаваў мякка сысці ад адказу (гэта быў сакавік 2022-га, а я з Расіі). Праз тыдзень мне патэлефанавала HR. Сказала, яны не хочуць працягваць са мной рэкрутацыю таму, што я не адказаў, адкуль я. Гэты выпадак трапляе пад дыскрымінацыю, але тады я яшчэ мала што ведаў на гэтую тэму.

Пытанне «адкуль я» мне задавалі на многіх рэкрутацыях (гэтым разам я ўжо адказваў). Некаторыя кампаніі без сумоўя адразу пісалі адмову, бо, на іх думку, я дрэнна знаю польскую (у мяне сертыфікат B1, атрыманы некалькі гадоў таму). Уладкавацца з пратэрмінаванай картай, проста па пячатцы ў пашпарце, вельмі цяжка. Ніхто не хоча з гэтым важдацца, і іх можна зразумець. А калі вашая справа «ляжыць» шмат часу (як мая), то гэта нерэальна.

Аднойчы мяне звольнілі пасля месяца працы без паведамлення. Улетку мінулага года ўладкоўваўся ў кампанію з ЗША праз пасярэдніка ў Польшчы. Падпісаў бестэрміновы кантракт. У першы дзень працы польскі працадаўца падключыў яшчэ адную кампанію, якая мелася «дапамагчы» мне атрымаць карту.

У выніку гэтая трэцяя кампанія сказала, што я быццам бы атрымаў інфармацыю ад МУС, што з’яўляюся пагрозай нацбяспецы (потым мы з адвакатам зразумелі, што яны, хутчэй за ўсё, няправільна прачыталі копію запыту да польскіх службаў, якую атрымліваюць усе, хто падаецца на рэзідэнта). Такім чынам, я нелегал. У выніку мяне звольнілі ў пятніцу ўвечары імэйлам на асабістую пошту, імгненна заблакаваўшы ўсе доступы.

Я звярнуўся да адваката, мы спрабавалі вырашыць справу без суда, але беспаспяхова. А ісці ў суд не мела сэнсу, бо нават калі і выйграеш, то кампенсацыя будзе ўсяго толькі за 2 тыдні працы. Для сябе я зразумеў: цябе могуць звольніць у любы момант, любы працадаўца, і яму за гэта нічога не будзе.

«З заробкам бяда»

— Працую ў польскай фірме, цяпер рэкрутуюся ў іншую. У асноўным, калі пра мову, то правяраюць веданне англійскай. Польская як бы па змаўчанні мае быць. 

Унутры аддзела/каманды — усё па-польску, на ўзроўні кампаніі — англійская. Вядома, без ведання польскай вас у такую фірму неахвотна возьмуць, бо ім усім прыйдзецца пастаянна на англійскай працаваць праз вас. У астатнім вельмі прыемна працуецца, людзі выдатныя.

З заробкам бяда: прыходзіш на больш-менш рынкавы, але павышэнні наогул мізэрныя (6% на год). У выніку праз пару гадоў пры пошуку працы мне літаральна ўсюды прапаноўваюць заробак удвая большы, чым я маю цяпер.


Читать на dev.by