На што скардзяцца айцішнікі з EPAM, Itransition і ўвогуле вялікага аўтсорсу

Правялі рэсёрч пра сітуацыю ў буйным аўтсорсе.

Некаторыя ўдзельнікі пазначылі месца працы і/або напісалі разгорнутыя каментары.

38 каментарыяў
Змест

Паўдзельнічалі 711 ІТ-спецыялістаў. Амаль палова — распрацоўшчыкі. 41% — мідлы, 30% — сеньёры. Траціна рэспандэнтаў працуе ў ІТ 2-5 гадоў, 29% — 1-2 гады. 

Вось на што паскардзіліся супрацоўнікі:

Праекты, заробкі

  • [Кампанія не названая] Кампанія хапаецца за абсалютна любыя праекты, што адбіваецца на агульнай працы над праектамі і іх якасцю. Перагляд заробкаў замарозілі. Наогул сітуацыя наўрад ці стане лепшай у найбліжэйшы час. Перспектыў ніякіх.
  • [iTechArt] Кампанія перастала развіваць беларускі офіс, новыя праекты ў гэтую лакацыю імкнуцца не заводзіць.
  • [iTechArt] Своечасовыя павышэнні заробкаў джунам і мідлам замарожаныя, людзі сыходзяць, закрываюцца некаторыя офісы. Столь заробкаў для сеньёраў несур’ёзная, плацяць ніжэй за рынак. Кампанія стала нягнуткай, беларускі кірунак здзімаецца. 
  • [EPAM] Некаторыя заказчыкі сышлі з Беларусі праз рызыкі і санкцыі, некаторыя плануюць з вясны 2023 года (але праз падвышаныя рэйты па-за РБ паставілі гэты працэс на паўзу). Недзе ў верасні замарозілі заробкі. Цяпер кажуць, што замарозка 100% да канца года. Калі чалавек прынясе офер з іншай кампаніі, у 99% выпадках яго адпусцяць. Па Беларусі сітуацыя такая: хто трапіў на праекты, таму добра, хто на бэнчы, той мае два месяцы на пошук праекта альбо на вуліцу. Праз адсутнасць новых праектаў і пазіцый у беларускім офісе вывучаюць магчымасць цалкам адмовіцца ад мабільнага падраздзялення ў краіне. Што будзе з цяперашнімі распрацоўшчыкамі, пакуль вялікае пытанне. Хутчэй за ўсё, альбо рэлакейт, альбо перавучвацца на сумежную вобласць, альбо звальняцца. З рэлакейтам таксама не ўсё гладка. У выпадку пераезду цябе звальняюць з кампаніі ў РБ. І калі хтосьці захоча праз год вярнуцца дадому, то будзе беспрацоўным. Альбо прыйдзецца застацца ў цяперашняй лакацыі. Раней была fast track рэлакацыя: абраў краіну, сабраў рэчы і з’ехаў. На месцы табе шукаюць праект, і ты працуеш мінімум год (або 9 месяцаў у залежнасці ад лакацыі). Цяпер праз вялікі бэнч ва ўсіх лакацыях супрацоўнікаў перавозяць толькі з праектам. Людзей на бэнчы ў іншых краінах не звольніць праз абавязкі кампаніі на год даць працоўнае месца. Акрамя таго, цябе ў нейкім сэнсе ўводзяць у зман, завабліваючы хуткім пераездам на год. Маўляў, давайце на годзік у іншую лакацыю, новы досвед і ўражанні. Пра мінусы, з якімі сутыкнешся пасля пераезду, ніхто не кажа. (У EPAM зняпраўдзілі інфармацыю пра замарозку заробкаў і планы закрыць мабільнае падраздзяленне ў РБ. — Заўв. dev.by).
  • [Кампанія не названая] Найманне спыненае, праекты новыя ў РБ ідуць слаба, будучыня РБ офіса адпаведна вельмі туманная, як бы ні хацелася адваротнага. 
  • [Кампанія не названая] Кампанія перастала развіваць беларускі офіс, новыя праекты імкнуцца не заводзіць у гэтую лакацыю. Рэлакейт ёсць, не супер, але ёсць.

І яшчэ пра бэнч

  • [Кампанія не названая] У некаторых аддзелах вялікія праблемы з бэнчам і падборам праектаў для супрацоўнікаў узроўню стажор\джун, у асноўным праз англійскую мову. Працягваецца актыўны набор, але людзі часта трапляюць адразу на бэнч і могуць затрымлівацца на ім да паўгода. Перагляды замарожвалі толькі ў лютым\сакавіку, але ў красавіку аднавілі.
  • [Itransition] У большасці выпадкаў перагляды заробкаў замарозілі і набралі вельмі шмат бэнчу. Пацешная сітуацыя — павышэння няма, цэны растуць, інфляцыя вялікая і табе кажуць: «Мы за чалавечы падыход, таму табе не падымем заробку, а набяром лепш больш бэнчу па 500 долараў». У выніку дасведчаныя спецыялісты сыходзяць, бо няма росту, а бэнч далей прыходзіць і сядзіць без праектаў. Я таксама сышоў.
  • [Кампанія не названая] Перспектывы абсалютна незразумелыя, увесь бэнч фактычна знаходзіцца ў Мінску. Мяркуючы з усяго, калі з нейкіх прычын губляеш папярэдняе месца працы (або цяперашняе), вакансій у Беларусі практычна няма і рэлакейт надыходзіць аўтаматычна.
  • [Andersen] Справы ідуць сяк-так. Людзі месяцамі сядзяць на бэнчы. Заходнія заказчыкі шукаюць спяцоў на еўрапейскім рынку, таму ў аўтсорсе складана знайсці доўгатэрміновы праект, знаходзячыся ў Беларусі.

Беларусь як схаваная лакацыя

  • [Кампанія не названая] Усе офісы пераведзеныя на працу пад VPN, праз пару інцыдэнтаў, калі супрацоўнікі спаліліся з рэальнымі IP.
  • [Кампанія не названая] У cv, якое высылаецца для патэнцыйных заказчыкаў, прыбралі любыя згадкі РБ.

Альтэрнатывы 

  • [iTechArt] Калі няма праекта, то варыянту 2: Узбекістан або звальненне.
  • [Кампанія не названая] Кампанія практычна ніяк не дапамагае супрацоўнікам зараз, кіраўніцтва так і сказала: самі пра сябе думайце, рабіце візы, рэлакейт без неабходнасці непажаданы, няма грошай на вас, пераглядаў зп няма. Таксама адпачкавалі ад кампаніі яшчэ адную, якая на СНД будзе працаваць, каб заявіць «на мясцовы рынак мы не працуем» і супрацоўнікам новай кампаніі зп і сацпакет горшыя, чым былі.
  • [Кампанія не названая] Кампанія прапануе рэлакейт, усіх, хто адмаўляецца, пераводзяць у даччыную кампанію, якая арыентаваная на расійскі рынак, пры пераводзе індывідуальна разглядаецца пытанне пра пералік заробку ў расійскія рублі (паводле курса 1 долар =  85 рас. руб.) альбо пакідаюць зп у доларах.

Складанасці рэлакейту

  • [Кампанія не названая] Працаваў на папярэднюю кампанію вельмі, вельмі шмат гадоў. На пачатку сакавіка папрасілі тэрмінова эвакуявацца, як ключавога супрацоўніка, на час. Праз тры месяцы папрасілі абавязкова перааформіцца на працу за мяжой, з кантрактам на год, плюс іншыя сякія-такія ўмовы, якія мяне не задаволілі. Пры гэтым заробак застаецца такі ж альбо меншы, у залежнасці ад падаткаў краіны. То-бок я нясу выдаткі па найманні жытла, на навучанне дзяцей і іншае, і ніхто іх мне не кампенсуе, пры тым, што ў Беларусі ў мяне ёсць усё і нават больш. Вярнуцца назад— няможна. Прыйшлося звольніцца, знайсці новую фірму ў той краіне, куды прыйшлося з’ехаць. Пры гэтым умовы мякчэйшыя, заробак вышэйшы, менш нейкіх лішніх абавязкаў, ёсць магчымасць наведваць радзіму. Ёсць магчымасць без праблем пераехаць у іншую краіну, дзе прадстаўленыя офісы фірмы.
  • [EPAM] Перагляду заробкавых дыяпазонаў  не было 2 гады для маёй лакацыі (Літва — Заўв.) і ў найбліжэйшы час не будзе. За 1+ год жыцця ў краіне мае выдаткі павялічыліся прыкладна ў 2 разы. А заробак пасля перагляду за год вырас на 5%.
  • [Кампанія не названая] У кампаніі доўгі час адкрытая рэлакацыя для супрацоўнікаў з іх ініцыятывы. Чаго не хапае: рэлакейт-бонусу; «маладым спецыялістам» трэба кампенсаваць сродкі ВНУ за свой кошт.
  • [ISsoft] Старых супрацоўнікаў пераязджаць не прымушаюць, толькі прапануюць. Новых супрацоўнікаў бяруць на працу з умовай пераезду. Пры звальненні ў першыя паўгода трэба будзе вярнуць увесь рэлакейт-бонус, ад паўгода да года — прапарцыйна адпрацаванаму часу.
  • [Кампанія не названая] Ёсць пытанні пры канвертацыі заробку з USD у EUR пры змене краіны. Выглядае гэта прыкладна гэтак жа як і канвертацыя заробкаў у PLN пры пераездзе ў Польшчу. Пры ўладкаванні праз Blue Card у офісы іншых краін ЕС неабходна чакаць атрымання дазволу на жыхарства, і да моманту пераафармлення ў іншы офіс курс канверсіі змяняецца істотна, хоць сума ў новай дамове фіксуецца на момант прыняцця рашэння пра рэлакацыю. Курс канверсіі ў лютым 1.15 да верасня 0.95 прамаўляе сам за сябе, але пэўныя кампаніі аддаюць перавагу таму, што Blue Card выдаецца з прывязкай да пэўнага працадаўцы, і ў працаўніка не так шмат рычагоў для перамоў.
  • [Кампанія не названая] Рэлакейт не аплачваецца, праводзіцца толькі з праектнай неабходнасці, але дапамагаюць з афармленнем PBH.

(Раптам) усё наладжваецца

  • [Кампанія не названая] Былі замарожаныя перагляды, але ўжо месяцы 3-4 з гэтым усё ок, праектаў стала менш і засталіся толькі тыя, хто лаяльны да працы з беларускім офісам. Кампанія тлумачыла ўсе свае дзеянні, прапаноўвала розныя варыянты. Месяцы 3-4 перспектывы здаваліся сумніўнымі, але цяпер усё акей.
Як маюцца айцішнікі з буйнога аўтсорсу (і дзе яны)
Па тэме
Як маюцца айцішнікі з буйнога аўтсорсу (і дзе яны)
Што з беларускім айці? Адказваюць 5000 айцішнікаў. Вялікі рэсёрч
Па тэме
Што з беларускім айці? Адказваюць 5000 айцішнікаў. Вялікі рэсёрч
Закрываюць два офісы ў Мінску з чатырох? Што адбываецца ў iTechArt
Па тэме
Закрываюць два офісы ў Мінску з чатырох? Што адбываецца ў iTechArt

Читать на dev.by