Беларусам стане лягчэй ажаніцца за мяжой (але не ўсім)

1 студзеня 2025 года ў Беларусі ўступілі ў сілу змены ў Кодэкс аб шлюбе і сям'і датычна рэгістрацыі шлюбаў за мяжой, піша канал Dzik Pic.

3 каментарыя

Згодна з новымі правіламі, грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць па-за межамі РБ, могуць падаць замест даведкі з беларускага загса заяву аб адсутнасці перашкод да пабрання, сапраўднасць подпісу якой засведчаная натарыусам або службовай асобай, якая мае такія паўнамоцтвы.

Каб пабрацца ў Польшчы, замежніку трэба падаць даведку з консульства, што для шлюбу няма перашкод. Аднак беларусы не могуць атрымаць гэтую даведку за мяжой ад верасня 2023 года. 

Да таго ж людзі з міжнароднай абаронай не маюць права камунікаваць з беларускімі дзяржорганамі. Так што грамадзянам РБ у такіх выпадках даводзіцца звяртацца ў польскі суд.

Як сказана ў абноўленым законе, у дадзенай заяве мае быць паказана, што на момант яе падачы заяўнік не знаходзіцца ў шлюбе і ніколі ў шлюбе не быў. Альбо што ён раней быў у шлюбе, які быў спынены (з пазначэннем падставы і даты спынення), і ў цяперашні момант не знаходзіцца ў шлюбе.

У якасці пацверджання можна падаць:

  • пасведчанне аб скасаванні шлюбу;
  • рашэнне суда аб скасаванні шлюбу, якое ўступіла ў законную сілу;
  • пасведчанне аб смерці мужа/жонкі.

Паводле беларускіх законаў, дыпламатычныя і консульскія ўстановы могуць сведчыць сапраўднасць подпісу на дакументах. Верагодна, яны змогуць засведчыць подпіс і на заяве аб адсутнасці перашкод да шлюбу.


Читать на dev.by