«ШІ прыйдзе па кожнага»: чат-боты знішчылі рынак напісання студэнцкіх прац у Кеніі
Штучны інтэлект практычна знішчыў рынак студэнцкіх прац на замову ў Кеніі, пазбавіўшы заробку тысячы аўтараў. Пасля з’яўлення ChatGPT замежныя студэнты радзей сталі звяртацца да іх, піша The New York Times.
Штучны інтэлект практычна знішчыў рынак студэнцкіх прац на замову ў Кеніі, пазбавіўшы заробку тысячы аўтараў. Пасля з’яўлення ChatGPT замежныя студэнты радзей сталі звяртацца да іх, піша The New York Times.
34-гадовы Тэрэсіёс Бунды пачаў пісаць эсэ для замежных студэнтаў у 2011 годзе, калі вучыўся ва ўніверсітэце Найробі. За першую працу — двухстаронкавую — ён атрымаў $7 за тры гадзіны. За наступныя 12 гадоў, паводле ягонай ацэнкі, ён напісаў больш за 2500 прац.
Пасля заканчэння ўніверсітэта Бунды адкрыў уласны бізнес: браў за эсэ па $40–70 і наймаў іншых студэнтаў. Паводле яго, ён зарабляў як мінімум у пяць разоў больш, чым мог бы атрымліваць па спецыяльнасці ў сферы грамадскага здароўя. На піку рынку ў Найробі не менш за 40 тысяч чалавек зарабляла выкананнем чужых вучэбных заданняў, ацэньвалі даследчыкі.
Пасля запуску ChatGPT у 2022 годзе замоваў стала менш, расцэнкі ўпалі, і Бунды давялося закрыць бізнес. Цяпер ён працуе ў нямецкай арганізацыі па развіцці, дапамагаючы маладым кенійцам шукаць магчымасці ў лічбавай эканоміцы. «ШІ прыйдзе за банкірамі, бухгалтарамі, інжынерамі і архітэктарамі. Ён прыйдзе за ўсімі», — лічыць Бунды.
Падобныя праблемы ўзніклі ў спецыялістаў па расшыфроўцы аўдыё, разметцы дадзеных і мадэрацыі кантэнту. Напрыклад, Фрыда Мвангі, якая займалася расшыфроўкай медычных запісаў ды інтэрв’ю, расказала, што ейныя замовы пачалі знікаць яшчэ ў 2017 годзе праз праграмы аўтаматычнага распазнавання мовы. Цяпер яна займаецца абаронай правоў працаўнікоў.
Пры гэтым частка былых аўтараў эсэ знайшла новую нішу — рэдагаванне тэкстаў, створаных ШІ, каб яны выглядалі напісанымі чалавекам і праходзілі ўніверсітэцкія праверкі. Іншыя перайшлі на апрацоўку фатаграфій і разметку дадзеных, але гэтыя заняткі часта аплочваюцца горш.
Выданне адзначае, што ўрад Кеніі доўгі час разглядаў лічбавы аўтсорсінг як спосаб стварыць працоўныя месцы для адукаванай моладзі. Аднак аўтаматызацыя цяпер скарачае менавіта тыя магчымасці, якія дазвалялі выпускнікам зарабляць на міжнародным рынку, не пакідаючы краіну.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.