КДБ выклікае беларусаў, якія даўно не былі дома, каб распавесці пра дзяржздраду
Паводле інтэрнэт-крыніц, беларускія сілавікі пачалі цікавіцца грамадзянамі, якія пастаянна жывуць за мяжой, але час ад часу прыязджаюць дадому. Іх выклікаюць на прафілактычныя гутаркі — нават тых, хто не ўдзельнічаў у пратэстах пасля выбараў-2020 і не выказваўся пра ўладу.
Напрыклад, адну жыхарку Гродзенскай вобласці выклікалі ў мясцовае ўпраўленне КДБ па тэлефоне, хоць на мяжы да яе пытанняў не было. Прыйсці сказалі абавязкова і пагражалі адказнасцю за няяўку. Жанчыну падрабязна распытвалі пра тое, чым яна займаецца за мяжой, ці чытае непажаданыя рэсурсы, на якія супольнасці падпісана, што думае пра ўладу і чаму аддае перавагу жыццю ў чужой краіне.
Адказы запісалі, пасля чаго зачыталі пра дзяржздраду — якія дзеянні так могуць быць расцэнены і якое за іх пакаранне. Потым ёй далі падпісаць дакумент, што ёй гэта растлумачылі. Кажа, усё прайшло суха і фармальна і выглядала так, быццам супрацоўнікам трэба выканаць нейкі план па прафілактыцы.
Таксама вядома, што на гутаркі на такую тэму выклікаюць у мінскае КДБ. Найбольш увагі да тых, хто наведвае радзіму рэдка — некалькі разоў на год.
Паняцце дзяржздрады замацавана ў артыкуле 356 Крымінальнага кодэкса. Пад ёй разумеецца выдача замежнай дзяржаве або арганізацыі дзяржаўных сакрэтаў, шпіянаж, пераход на бок ворага падчас вайны або іншая дапамога ў дзейнасці, якая прычыняе шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі. Артыкул прадугледжвае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі са штрафам або без, а для службовых асоб і вайскоўцаў — ад 10 да 20 гадоў.
Як тлумачаць юрысты, грамадзяне абавязаны з’явіцца на такую гутарку, а выклікаць іх могуць па тэлефоне або ў месэнджарах. За няяўку могуць завесці адміністрацыйку са штрафам або арыштам. Тым, хто трапіў на такую гутарку, раяць уважліва прачытаць пратакол, які дадуць на подпіс у канцы гутаркі, і ўдакладніць усё незразумелае.
Читать на dev.by