«Закрытаму хлопцу будзе несалодка». Як айцішнікі развіваюць софт-скілы сваіх дзяцей — 3 кейсы
А як вы развіваеце софт-скілы ў сваіх дзяцей — пішыце ў каментарах.
«Хор вучыць не баяцца выступаць, тэатральны гурток — пераўвасабляцца»
— У мяне двое дзяцей з розніцай 10+ гадоў. Развіццём софт-скілаў у старэйшай дачкі мы з жонкай спецыяльна не займаліся — усё выйшла само сабой. Мы вадзілі малышку на розныя гурткі — яна займалася харэаграфіяй, плавала ў басейне, грала на фартэпіяна, спявала, малявала ў галоўным музеі Мінска, наведвала тэатральны гурток… Увогуле, графік — не вальнейшы, чым у Любачкі, пра якую пісала Агнія Барто.
Да школы да ўсіх гэтых актыўнасцяў мы дадалі англійскую мову — дачка займалася з рэпетытарам, а пазней уступіла ў «дыскусійны клуб» пры гімназіі, у якой вучылася. Гэты клуб таксама шмат ёй даў — яна навучылася адстойваць сваю пазіцыю, спрачацца і даводзіць сваю праўду, і адначасова чуць іншых і прымаць іх пункт гледжання.
Зараз дачка — студэнтка, вучыцца ў іншай краіне. Яна ўмее сыходзіцца з людзьмі, добра з імі ладзіць, умее дамаўляцца. Мне здаецца, у гэтым ёсць і наша заслуга.
Таксама ў нас падрастае сын, і ў адрозненне ад сваёй старэйшай сястры, адкрытай і камунікабельнай, ён хлопец вельмі закрыты — з яго слова клешчамі не выцягнеш.
Мы зразумелі ў нейкі момант: не пераадолеем гэта — яму давядзецца несалодка. Праграму ўзялі ўсё тую ж. Спачатку яму было няпроста, на хор, напрыклад, ён ісці не хацеў — саромеўся. Але мы бачым, як заняткі яго разнявольваюць: той жа хор вучыць не баяцца раскрываць рот і выступаць на сцэне (а з калектывам гэта неяк прасцей, не так страшна), тэатральны гурток — пераўвасабляцца, быць на відавоку.
Англійская таксама ўваходзіць у яго абавязковую праграму. Праўда, клуб, на жаль, ужо зачынілі. Але мы думаем, што знойдзем з часам, чым яго замяніць.
«Дачка з’яўляецца маладым амбасадарам Беларусі ў Еўразвязе»
— Мне самому софт скілоў не хапала, таму я вырашыў, што іх трэба абавязкова развіваць у дзяцей. У сваёй дачцы гэтае развiццё я пачаў з вывучэння англійскай мовы. У 6 гадоў аддаў яе на курсы, дзе навучанне адбывалася ў гульнявой форме з элементамі акцёрскага майстэрства, дэкламацыі і прамоўленчай практыкі.
Калі дачка была ў чацвёртым класе, я запісаў яе на заняткі ў акадэмію «IT-princess». Наўмысна выбраў курс, які максімальна быў скіраваны на развіццё софт-скілаў, бо ў школе гэтаму ўвагі не надавалі. Дзякуючы выкладчыкам, дзіця змагло крыху раскрыцца і з цікавасцю працягнула развівацца ў гэтым кірунку.
У 2021 годзе, яшчэ ў Беларусі, яна прайшла курс дэбатаў. Гэта быў час, калі пачалося сістэмнае знішчэнне прыватнай адукацыі — і заняткі даводзілася заканчваць амаль у паўпадпольных умовах. Пазней выкладчыкі і арганізатары курсу выехалі з краіны.
Праз тры гады з’ехала і наша сям’я — у Польшчу. Сацыяльныя навыкі, якія дачка набыла ў Беларусі, істотна дапамаглі ёй у першыя месяцы навучання ў ліцэі. Цяпер яна з’яўляецца маладым амбасадарам Беларусі ў Еўразвязе — гэта праграма Еўракамісіі, што яднае моладзь з краін Усходняй Еўропы.
Наступны крок — курсы пастаноўкі маўлення ў спецыяліста. Гэта стане карыснай падмогай для яе будучай кар’еры ў Еўропе. Развіццё софт скілоў — адна з найлепшых інвестыцый, якія мы зрабілі ў яе будучыню.
«Кожны вечар мы разам чытаем кнігі і абмяркоўваем прачытанае»
— Я бачу на працы, як важныя софт скілы, таму вельмі за тое, каб развіваць іх у дзяцей.
У нас з жонкай адзін сын. Ён пакуль вучыцца ў малодшай школе, але ў яго ёсць некалькі гурткоў, якія ўплываюць у тым ліку на ягоныя софт скілы:
- «тэатралка» — тут дзіця можа прымяраць розныя ролі і адначасова развіваць навыкі зносін;
- Lego-праграмаванне — мне падабаецца, што кожны праект хлопцы і дзяўчаты робяць невялікімі камандамі, таму сын вучыцца там не толькі праграмаваць Lego-канструктары, але і слухаць іншых, дамаўляцца і размяркоўваць абавязкі;
- маляванне і лепка — я ўпэўнены, што яны вельмі патрэбныя для развіцця ўяўлення і крэатыўнасці дзіцяці.
Яшчэ мы самі вучым сына гаварыць (гэта значыць выказваць свае думкі ўголас): кожны вечар мы разам чытаем кнігі і абмяркоўваем прачытанае, напрыклад, як герой спрабаваў вырашыць канфлікт і што зрабіла бы на ягоным месцы наша дзіця. Мы шмат гаворым і пра тое, што адбылося за дзень у жыцці нашага дзіцяці — абмяркоўваем яго пачуцці і матывы розных яго ўчынкаў.
Нашы заняткі даюць свае плады. У канцы года клас сына пісаў першае сачыненне. Па словах настаўніцы, яно паказала, што нашы дзеці мала чытаюць — у многіх працах не хапала прыметнікаў. Сюжэты былі вельмі простымі. Але ў нашага дзіцяці з гэтым быў поўны парадак — ён і сюжэт цікавы прыдумаў, і з апісаннем справіўся.
Калі вы не супраць расказаць, як развівалі софт-скілы ў сябе, напішыце нам на editor@devby.io або у бот. Гэта (пры жаданні) ананімна.
Читать на dev.by