Кітайскі адказ ChatGPT — чат-бот на цытатах Сі Цзіньпіна
У Кітаі з’явіўся чат-бот, навучаны на ідэях старшыні КНР Сі Цзіньпіна, піша Financial Times. Улады краіны імкнуцца як мага шырэй распаўсюдзіць яго погляды на палітыку, эканоміку і культуру ў самых розных фарматах.
Вялікую моўную мадэль у аснове бота трэніравалі на палітычнай філасофіі лідара краіны пра «сацыялізм з кітайскай спецыфікай у новую эпоху», а таксама на іншай афіцыйнай літаратуры, якая была дадзеная дзяржаўнай канцылярыяй інтэрнэт-інфармацыі.
У пасце рэгулятара, прысвечаным мадэлі, адзначаецца, што экспертыза і аўтарытэтнасць абраных тэкстаў забяспечвае прафесіяналізм генераванага кантэнту. Навязванне АІ філасофіі кіраўніка адбываецца на фоне жорсткай цэнзуры ў Кітаі, а таксама імкнення ўладаў падштурхнуць распрацоўку канкурэнтаў амерыканскага чат-бота ChatGPT.
Цяпер мадэль ужываецца ў адным з даследчых цэнтраў пры канцылярыі, але ў перспектыве будзе выпушчаная на шырэйшую аўдыторыю. Яна ўмее адказваць на пытанні, генераваць даклады, рэзюмаваць інфармацыю і выконваць пераклад у пары кітайская-англійская.
Канцылярыя вызначае правілы для сістэм на базе генератыўнага АІ і ўвяла для іх ліцэнзаванне. Распрацоўшчыкі маюць «увасабляць ключавыя сацыялістычныя каштоўнасці», а генераваны кантэнт не мае ўтрымліваць чаго-небудзь, што «падрывае дзяржаўную ўладу». Кампаніі нясуць адказнасць за тое, што выдае іхні АІ.
FT адзначае, што масіў тэкставай інфармацыі для навучання моўных мадэляў на кітайскай мове ў параўнанні з англійскай адносна малы, што ўскладняе задачу для распрацоўшчыкаў. У мадэлях тэхнагігантаў накшталт Baidu і Alibaba строга кантралюецца кантэнт, які генеруецца наконт Сі і іншых адчувальных тэм. Калі карыстальнік падымае такую тэму, боты звычайна просяць пачаць дыялог нанова.
Читать на dev.by