Кітайскі стартап DeepSeek хакнуў АІ-рынак у ЗША: танны канкурэнт «парваў» ChatGPT за адзін дзень

Кітайская кампанія DeepSeek нарабіла шуму ў АІ-індустрыі. Стартап выпусціў бясплатны чат-бот, які абышоў ChatGPT у некалькіх тэстах на ўменне разважаць. Разбіраемся, чым навінка пагражае амерыканскаму рынку.

31 каментарый

Што такое DeepSeek

Праграма DeepSeek R1 імкліва стала самай папулярнай бясплатнай праграмай у App Store у ЗША, Вялікабрытаніі і Кітаі. Праз ажыятаж карыстальнікаў ф’ючарсы на біржавым рынку пачалі імкліва зніжацца. Больш за ўсё пацярпела Nvidia, акцыі якой упалі амаль на 18%. Рынкавая капіталізацыя кампаніі праз падзенне скарацілася больш чым на $600 мільярдаў. Каціроўкі аднаго з галоўных інвестараў у АІ-індустрыю SoftBank Group знізіліся больш чым на 8%.

У аснове памочніка — мадэль DeepSeek-V3 з адкрытым зыходным кодам. Распрацоўшчыкі сцвярджаюць, што мадэль была распрацаваная ўсяго за $6 мільёнаў. Гэта значна менш за мільярды долараў, выдаткаваных на падобныя распрацоўкі амерыканскіх канкурэнтаў. Тым не менш эксперты сумняваюцца, што ў кітайскіх праграмістаў атрымалася гэта зрабіць пры такім сціплым бюджэце і насамрэч лічбы нашмат большыя.

DeepSeek R1 атрымаў высокую ацэнку даследчыкаў за яго здольнасць вырашаць складаныя задачы разважання, асабліва ў матэматыцы і кадаванні. Мадэль выкарыстоўвае падыход «ланцужка думак», аналагічны падыходу мадэлі OpenAI o1, што дазваляе ёй вырашаць праблемы, апрацоўваючы запыты крок за крокам. DeepSeek таксама выпусціла шэсць меншых версій R1, дастаткова малых для лакальнага запуску на ноўтбуках.

Дзімітрыс Папаіліопулас, галоўны навуковы супрацоўнік даследчай лабараторыі Microsoft AI Frontiers, кажа, што больш за ўсё яго здзівіла ў R1 яго інжынерная прастата. «DeepSeek быў накіраваны на дакладныя адказы, а не дэталізацыю кожнага лагічнага кроку, што значна скараціла час вылічэнняў пры захаванні высокага ўзроўню эфектыўнасці», — дадаў ён.

Што вядома пра кампанію

Пра самую кампаніі вядома няшмат. Яна была заснаваная кітайскім мільярдэрам, які кіруе інвестыцыйным фондам High-Flyer Лян Вэньфэнам. Лян, які раней засяродзіўся на ўжыванні АІ у інвеставанні, купіў «запас чыпаў Nvidia A100», экспарт якіх цяпер забаронены ў Кітай. Гэтыя чыпы сталі асновай DeepSeek, паведаміла выданне MIT Technology Review.

Фонд цалкам фінансуе Deepseek і не прыцягвае сродкаў іншых інвестараў. Стартап адданы ідэі стварэння фундаментальных тэхналогій, а не камерцыйных праграм, таму каманда распрацоўшчыкаў абавязалася даваць адкрыты зыходны код для ўсіх сваіх мадэляў.

Некаторыя эксперты высока ацанілі працу DeepSeek, а вядомы тэхналагічны інвестар Марк Андрэсен напісаў у X: «DeepSeek R1 — адзін з самых дзіўных і ўражальных прарываў, якія я хоць калі бачыў, а з пункта гледжання адкрытага зыходнага кода — гэта каштоўны падарунак свету». Дэвід Сакс, венчурны капіталіст, прызначаны Трампам для дапамогі ў наглядзе за палітыкай у галіне АІ і крыптавалют, заявіў у сацсетках, што праграма DeepSeek «паказвае, што гонка за АІ будзе вельмі канкурэнтнай».

АІ-бурбалка ўсё навочнейшая

Папулярнасць кітайскага канкурэнта абвергла меркаванне пра бясспрэчнае лідэрства ЗША ў галіне штучнага інтэлекту. DeepSeek сцвярджае, што яго чат-бот выкарыстоўвае таннейшыя чыпы і нашмат меншы пул даных за амерыканскую праграму. Выхад мадэлі R1 паказаў, што амерыканскія кампаніі, такія як OpenAI, Meta і Anthropic, могуць хутка страціць лідарства і не здольныя абараніць сваю тэхнічную перавагу.

Поспех DeepSeek яшчэ больш характэрны, улічваючы абмежаванні, з якімі сутыкаюцца кітайскія АІ-кампаніі ў выглядзе пастражэння экспартнага кантролю ЗША на перадавыя чыпы. Але першыя даныя паказваюць, што гэтыя меры не працуюць так, як меркавалася. Замест таго, каб аслабіць магчымасці Кітая ў галіне АІ, санкцыі, відаць, падахвочваюць стартапы, такія як DeepSeek, укараняць інавацыі.

«DeepSeek заваяваў рынак, зрабіўшы больш з меншымі намаганнямі», — напісаў у электронным лісце Джузэпэ Сетэ, прэзідэнт даследчай кампаніі па АІ Reflexivity. «Гэта паказвае, што найбліжэйшыя некалькі гадоў сюрпрызы з АІ будуць працягвацца».

Можна выдаткоўваць менш

Цяпер інвестары сумняваюцца ў тым, што шматмільярдныя ўкладанні ў стварэнне магутных чыпаў, якія вырабляюць Nvidia і аналагічныя кампаніі, апраўданыя. Для параўнання: OpenAI, Google і іншыя буйныя амерыканскія кампаніі збіраюцца інвеставаць у АІ агулам каля $1 трыльёна найбліжэйшымі гадамі, паводле даных Goldman Sachs. Кітайская праграма можа патэнцыйна падарваць інвестыцыйнае абгрунтаванне для ўсяго ланцужка паставак АІ.

«Той факт, што гэтая тэхналогія, як мяркуецца, спажывае менш энергіі і з’яўляецца рэнтабельнейшай за амерыканскія мадэлі, вельмі турбуе амерыканскіх інвестараў у тэхналогіі», — сказаў Джэй Вудс, галоўны глабальны стратэг Freedom Capital Markets. Трамп на фоне поспеху DeepSeek заявіў, што ЗША ўвядуць мыты на замежныя чыпы для Кітая.

Як адзначае Bloomberg, прэзідэнт ЗША прыгразіў увесці мыты на паўправаднікі праз некалькі гадзін пасля таго, як рынкавая капіталізацыя вытворцы чыпаў Nvidia скарацілася на фоне запуску DeepSeek. Выданне адзначае: Трамп мяркуе, што стварэнне АІ DeepSeek «мае стаць трывожным сігналам» для амерыканскіх кампаній, якім варта сфакусавацца на канкурэнцыі, «каб перамагчы».

DeepSeek запусціў AI-генератар выяў, які пераўзыходзіць OpenAI
Па тэме
DeepSeek запусціў AI-генератар выяў, які пераўзыходзіць OpenAI
Stargate — мегастартап США в сфере ИИ. Что о нем известно
По теме
Stargate — мегастартап США в сфере ИИ. Что о нем известно
Meta адмовіцца ад фактчэкінгу ў сацсетках. Наўзамен з’явяцца заўвагі карыстальнікаў
Па тэме
Meta адмовіцца ад фактчэкінгу ў сацсетках. Наўзамен з’явяцца заўвагі карыстальнікаў

Читать на dev.by