Даведаліся, колькі нашых ІТ-кампаній цяпер у Польшчы. У 5 разоў больш, ніж да 2020

У Польшчы зарэгістравана больш за 17 тысяч ІТ-кампаній. З іх 387 (2%) з беларускім капіталам. Большасць з іх была адкрытая за апошнія 3,5+ гады.

Пра гэта dev.by расказалі ў польскім Цэнтры эканамічнай інфармацыі (Centralny Ośrodek Informacji Gospodarczej).

52 каментарыя
У статыстыцы польскага цэнтра эканамічнай інфармацыі ўлічваюцца кампаніі, у якіх адным з акцыянераў з’яўляецца беларуская юрыдычная асоба або фізасоба з беларускім грамадзянствам (або з’яўляецца фактычным бенефіцыярам).

Пры гэтым 90% ІТ-кампаній з беларускімі каранямі ў Польшчы — 336 бізнэсаў — былі зарэгістраваныя ў перыяд ад студзеня 2020 да верасня 2023 года.

Вось як расла іх колькасць: калі ў 2020 годзе ў Польшчы з’явілася 27 ІТ-кампаній з беларускім капіталам, то ў 2021 ужо 82 кампаніі, а ў 2022 — амаль 140, або ў 5 разоў больш, ніж у 2020 годзе. На сёння гэта рэкорд за ўвесь час.

Сёлета, паводле апошніх звестак, у Польшчы было адкрыта 88 ІТ-кампаній з беларускім капіталам.

Яшчэ адзін паказальны момант. На канец 2019 года ў Польшчы дзейнічала ўсяго 76 ІТ-кампаній з інвестарамі-беларусамі. Атрымліваецца, што з 2020 года колькасць польскіх ІТ-кампаній з беларускім капіталам павялічылася ў 5 разоў.

Па колькасці кампаній з беларускім капіталам у Польшчы ІТ уваходзіць у топ-3 і трохі апярэджвае будаўніцтва.

Колькі зарабляюць ІТ-бізнэсы ў Польшчы

Паглядзелі, колькі зарабляюць у Польшчы асобныя ІТ-кампаніі з беларускім капіталам. 

Самы буйны польскі офіс у EPAM. Сюды прыехалі працаваць многія супрацоўнікі мінскага офіса. Каманда ў Польшчы налічвае больш за 7 тысяч супрацоўнікаў. За 2,5 гады штат вырас у 3 разы. Акцыянерны капітал EPAM у Польшчы на гэты момант — 5,1 мільёна злотых. Мы не знайшлі актуальнай інфармацыі аб даходах і прыбытку кампаніі ў Польшчы. 

Офіс у Польшчы пасля сыходу з Беларусі адкрыў стартап-аднарог PandaDoc. Мяркуючы са справаздачнасці, польскі офіс кампаніі ўзначальвае экс-дырэктар мінскага офіса Зміцер Рабцэвіч. За мінулы год польская кампанія атрымала 7 мільёнаў злотых даходу (да падаткаабкладання), або больш за 1,5 мільёна долараў, валавы прыбытак склаў 4,3 мільёна злотых (каля 1 мільёна долараў).

Таксама кампанію ў Польшчы зарэгістраваў вядомы беларускі стартап OneSoil. Уласны капітал юрыдычнай асобы склаў на канец мінулага года 271 тысячу злотых (больш за 60 тысяч долараў), таксама за мінулы год кампанія атрымала 497,5 тысяч злотых чыстага прыбытку (больш за 110 тысяч долараў). 

З Беларусі ў Польшчу асноўны офіс распрацоўкі перанесла кампанія Exadel. У польскіх офісах працуе больш за 500 супрацоўнікаў. У адкрытым доступе ёсць фінансавая інфармацыя аб дзейнасці кампаніі за 2021 год. Паводле звестак справаздачнасці, за 2021 год Exadel у Польшчы атрымала амаль 42 тысячы злотых чыстага прыбытку (каля 11 тысяч долараў).

Таксама ў Польшчу з Беларусі рэлакавалася вялікая каманда Godel Technologies. Тут працуе каля 1400 супрацоўнікаў (з 2000 ва ўсіх лакацыях). За мінулы год даход кампаніі ад продажаў склаў 159,1 мільёна злотых (больш за 35 мільёнаў долараў). Для параўнання, за перыяд з лістапада 2020 года да снежня 2021 года даход быў у 10 разоў меншы — 15,1 мільёна злотых (каля 4 мільёнаў долараў). Валавы прыбытак кампаніі вырас за мінулы год на 14,5 мільёна злотых (на 3+ мільёны долараў), чысты прыбытак склаў 10,8 мільёна злотых (каля 2,4 мільёна долараў).

Coherent Solutions (матчына Кампанія iSsoft) адкрыла 3 офісы ў Польшчы (Варшава, Кракаў, Уроцлаў). За мінулы год кампанія зарабіла 411,8 тысячы злотых чыстага прыбытку (больш за 91 тысячу долараў). 

SoftTeco зарэгістравала юрыдычную асобу ў Польшчы восенню 2020 года. З кастрычніка 2020 да канца 2021 года кампанія атрымала больш за 2,6 мільёна злотых выручкі (каля 675 тысяч долараў), чысты прыбытак склаў 489 тысяч злотых (каля 127 тысяч долараў).

VRP Consulting за 2021 год (знайшлі даныя толькі за гэты перыяд) павялічыла выручку больш як на 50% да 17 мільёнаў злотых (больш за 4,5 мільёны долараў), але пры гэтым атрымала чыстую страту ў памеры амаль 38 тысяч злотых (каля 10 тысяч долараў). 

LeverX Group адкрыла два офісы ў Польшчы — у Варшаве і Уроцлаве. Паводле звестак фінансавай справаздачнасці, ад снежня 2020 ад снежня 2021 года кампанія атрымала больш за 160 тысяч злотых чыстага прыбытку (больш за 41 тысячу долараў). 

Колькі ўсяго ў Польшчы беларускіх кампаній

Усяго ў Польшчы, паводле даных Цэнтра эканамічнай інфармацыі, на канец верасня было зарэгістравана каля 6 тысяч кампаній з беларускім капіталам.

Як і ў выпадку з ІТ-бізнэсамі, асноўная колькасць кампаній — 4,4 тысячы, або больш за 70% — былі адкрытыя пачынаючы з 2020 года. Калі ў перыяд з 2016 да 2018 года беларусы/беларускія юрыдычныя асобы рэгістравалі ў Польшчы больш за 200 кампаній штогод, то ў 2019–2020 гадах колькасць новых кампаній вырасла да 400+, а ў 2022 годзе быў усталяваны рэкорд — больш за 1,8 тысячы кампаній. Гэта 14% ад усіх кампаній з замежным капіталам, адкрытых у Польшчы ў 2022 годзе. 

Сёлета, паводле апошніх звестак, у Польшчы адкрылася больш за 1,2 тысячы кампаній з беларускім капіталам. 

Усяго ў Польшчы на канец верасня гэтага года было зарэгістравана 103,5 тысячы кампаній з замежным капіталам. Беларусь па колькасці адкрытых бізнэсаў у тым ліку дзякуючы ІТ уваходзіць у топ-3.


dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.

Праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут кашалькі.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

Большасць ІП, адкрытых беларусамі ў Польшчы, займаецца ІТ
Па тэме
Большасць ІП, адкрытых беларусамі ў Польшчы, займаецца ІТ
Каго шукаюць і колькі плацяць EPAM, Wargaming і іншыя ў Польшчы
Па тэме
Каго шукаюць і колькі плацяць EPAM, Wargaming і іншыя ў Польшчы
«Мыеш падлогі палякам, а магла б стаць пракуроркай». Змяніла службу на ІТ, а ІТ на McDonald’s — і не шкадуе
Па тэме
«Мыеш падлогі палякам, а магла б стаць пракуроркай». Змяніла службу на ІТ, а ІТ на McDonald’s — і не шкадуе
У галоўнага аграстартапа беларусаў — спін-оф. Робяць палявую камеру з AI 
Па тэме
У галоўнага аграстартапа беларусаў — спін-оф. Робяць палявую камеру з AI


Читать на dev.by