«Прыходзіў на сазвоны ледзь не ў чым маці нарадзіла». +5 гісторый ад айцішнікаў пра крындж-звычкі калег

Працягваем публікаваць гісторыі пра крындж-звычкі калег айцішнікаў.

22 каментарыя

«Паправіла бюст, і, панізіўшы голас, сказала: «Дзяўчаты, я пайшла…»

Ігар (імёны змененыя), распрацоўшчык, у ІТ — 10+ гадоў:

— Калега ў адной з кампаній, дзе я працаваў, у кожным новым супрацоўніку бачыла свайго суджанага. Аднойчы я быў выпадковым сведкам сцэны, як з кіно: эйчарка прывяла новенькага — убачыўшы яго, тая кабета карыкатурна паправіла бюст, і, панізіўшы голас, сказала дзвюм іншым калегам: «Дзяўчаты, я пайшла… знаёміцца». 

Усе размовы гэтай супрацоўніцы круціліся вакол «як замуж карціць». Неяк у офісе яе віншавалі з днём нараджэння, зычылі кар’ернага росту і фінансавага дабрабыту, а яна сказала: «Ой, годзе! Галоўнае — замуж мне выйсці пазычце!»

Вядома, анікому з нашых хлопцаў не падабаліся ні напор, ні шчырасць гэтай кабеты: кожны разумеў, што ёй абы хамут адзець на кагосьці — не істотна каго. Адзін пасля некаторых зносін з ёй прынёс у офіс і паставіў на стол фота «нявесты», іншы завёў звычку даволі гучна размаўляць па тэлефоне са сваёй дзяўчынай.

Я калегу не цікавіў, паколькі на той момант быў жанаты і насіў заручальны пярсцёнак. 

«Казаў: „У нас тут пекла — у футболцы горача“. І працягваў свяціць валасатымі грудзьмі»

Інга, QA-інжынерка, у ІТ — 12 гадоў:

— Ох, як ужо пайшла гаворка пра крынджовыя звычкі — адзін мой калега прыходзіў на анлайн-сазвоны ледзь не ў чым маці нарадзіла. 

Ён заўсёды быў на відэа без кашулі. Ці былі на ім шорты або нагавіцы, я не ведаю, але не здзіўлюся, калі не. Яму рабілі некалькі разоў заўвагі: маўляў, ніхто не патрабуе ад цябе смокінгу, але хаця б футболку надзець можна было б. Ён адказваў, што толькі прачнуўся і яшчэ не ачуўся, або казаў: «У нас тут сапраўднае пекла — у футболцы мне горача». І працягваў свяціць валасатымі грудзьмі.

«Малявала на сцікеры свінню або пятачок — і ляпіла калегу на стол»

Аліса, продакт оўнерка ўжо 2 гады, раней 4 гады была PM:

— 3 гады таму ў нас была памочніца эйчара, якая, калі ёй не падабаўся сам чалавек або беспарадак у яго на працоўным месцы, малявала на сцікеры свінню або пятачок — і ляпіла яму на стол.

Яна думала, што з дапамогай такой бяскрыўднай, на яе погляд, карцінкі прасцей даць зразумець чалавеку, што зусім запусціў сваё працоўнае месца. Але праблема была яшчэ і ў тым, што сцікеры са свінкамі ў асноўным з’яўляліся на сталах у мажных або не вельмі ахайных калег.

Усе ў калектыве лічылі, што яна чапляецца толькі да людзей з лішняй вагой — у яе быў сябар-прыгажунчык, які ні разу не атрымліваў сцікера ад яе, хоць у яго на стале варта было б прыбрацца.

Так, калегі з ёй размаўлялі — яна смяялася ў адказ і пераводзіла ўсё ў жарт, казала: «Я ж не пакрыўдзіць хацела, а паказаць на праблему». З ёй гутарыла і яе кіраўніца — і тады яе нападкі спыняліся, але потым аднаўляліся. У выніку ёй паўторна прызначылі выпрабавальны тэрмін — а потым папрасілі сысці з кампаніі. 

«Пасля ежы набіраў у рот гарбату і вельмі гучна і інтэнсіўна паласкаў рот»

Марыя, QA manual, у ІТ — 6 гадоў:

— У экс-калегі была крынджовая звычка пасля ежы набіраць у рот гарбату і вельмі гучна і інтэнсіўна паласкаць рот! І гэта ён рабіў у оўпэнспэйсе. 

Ніхто з супрацоўнікаў не казаў яму ні слова з гэтай нагоды. Але за вочы, вядома, абмяркоўвалі. Я ўжо звольнілася з кампаніі, але былыя калегі пішуць, ён дагэтуль гучна палошча рот гарбатай. Дарэчы, хлопец малады — яму прыкладна 26-27 гадоў.

«Посціць у чаце відэа-віншаванні „З Вялікаднем!“ на фоне кулічоў і „З 8 сакавіка!“ на фоне руж»

Антон, франтэнд-распрацоўшчык, 5 гадоў у ІТ:

— У калегі звычка — як у бабулі: ён посціць у чаце, у якім абмяркоўваюцца непрацоўныя моманты, малюнкі і відэа-віншаванні «З Вялікаднем!» на фоне кулічоў і «З 8 сакавіка!» на фоне руж.

Праз гэтае глупства, якога рэальна шмат, іншыя калегі перасталі пісаць у чат і завялі новы — без таго чэла. Але ён, здаецца, нават не заўважыў гэтага, працягвае спаміць. Так, яму намякалі, што гэтага ўсяго ту мач і пара б спыніцца, але ён намёку не зразумеў.

«Пёр з працы папяровыя ручнікі». Айцішнікі дзеляцца гісторыямі пра крынджовыя звычкі калег
Па тэме
«Пёр з працы папяровыя ручнікі». Айцішнікі дзеляцца гісторыямі пра крынджовыя звычкі калег

Читать на dev.by