Найбуйнейшы ў свеце рэгістратар даменаў сыходзіць з Расіі
Амерыканская кампанія GoDaddy, якая аказвае паслугі рэгістрацыі даменаў і інтэрнэт-хостынгу, 31 снежня закрые ўліковыя запісы кліентаў, якія «могуць знаходзіцца ў Расійскай Федэрацыі». Электронныя лісты з папярэджаннем атрымалі журналісты «Камерсанта» і Cnews.
Амерыканская кампанія GoDaddy, якая аказвае паслугі рэгістрацыі даменаў і інтэрнэт-хостынгу, 31 снежня закрые ўліковыя запісы кліентаў, якія «могуць знаходзіцца ў Расійскай Федэрацыі». Электронныя лісты з папярэджаннем атрымалі журналісты «Камерсанта» і Cnews.
Прычына спынення працы з кліентамі ў Расіі не пазначаная. Кампанія просіць да канца года перанесці дамены, кіраваныя праз GоDaddy, да іншага рэгістратара. Тых, хто не паспее, чакае поўнае блакаванне акаўнта з усімі прывязанымі да яго даменамі.
«Да 31 снежня 2023 года вы можаце пачаць працэдуру пераносу закранутых даменаў да абранага вамі рэгістратара, улічваючы абмежаванні на прыём даменаў з боку іншых рэгістратараў… Што тычыцца іншых прадуктаў, то доступ да ўсіх даных і кантэнту, які захоўваецца ў нас, будзе спынены 31 снежня 2023 года, і мы не зможам даць вам доступ да рэзервовых копій», — гаворыцца ў паведамленні.
У кастрычніку Раскамнагляд забараніў пашукавікам паказваць спасылкі на GoDaddy і яшчэ 11 буйных замежных хостараў праз адмову адкрыць прадстаўніцтва ў Расіі, а 1 снежня ў краіне набылі моц новыя патрабаванні да хостынг-правайдараў.
GoDaddy — ужо трэці замежны хостар, які спыніў працу з расійскімі кліентамі пасля патрабаванняў Раскамннагляду ў гэтым годзе. Раней кампанія FastComet абвясціла аб спыненні абслугоўвання расійцаў ад 1 кастрычніка і адключыла доступ да сайта з тэрыторыі краіны, а Hetzner праінфармаваў кліентаў з расійскім адрасам праз асабістыя кабінеты, што ў сувязі з «напружанай геапалітычнай сітуацыяй у Расіі» разрывае з імі дамовы 31 студзеня 2024 года.
Ад 1 лютага 2024 года ў Расіі змогуць працаваць толькі хостынг-правайдары, унесеныя ў рэестр, які фарміруецца Раскамнаглядам. Дзейныя хостары маюць падацца на ўступленне ў рэестр да 15 снежня. Кампаніі, якія працуюць па расійскіх законах, маюць ідэнтыфікаваць сваіх кліентаў з дапамогай плацяжу, нумара тэлефона або па дакументах, якія падаюцца асабіста.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.