Хто і як адрэагаваў на затрыманне Дурава ў ІТ-супольнасці
Увечары 24 жніўня з’явілася інфармацыя пра затрыманне заснавальніка Telegram Паўла Дурава ў Францыі. На навіну адрэагавалі некаторыя прадстаўнікі ІТ-кам’юніці, і гэта — словы падтрымкі Дураву і асуджэння ўладаў краіны.
Кіраўнік Tesla Ілан Маск выклаў у сваёй сацсетцы іранічны каментар да навіны: «Уявіце. Еўропа, 2030. Вас караюць смерцю за тое, што вы лайкнулі мем».
Таксама Маск апублікаваў урывак з інтэрв’ю Дурава журналісту Такеру Карлсану, у якім той хваліў Маска, з хэштэгам #FreePavel.
Маск размясціў яшчэ цэлы шэраг пастоў на тэму. У адным ён спытаў у чат-бота Grok, «ці быў Павел арыштаваны ў Парыжы». Той са спасылкай на французскія медыя даў станоўчы адказ і ўдакладніў, што расследаванне звязанае з дрэннай мадэрацыяй кантэнту ў Telegram. Маск назваў сітуацыю «вельмі пераканаўчай рэкламай першай папраўкі» да Канстытуцыі ЗША, якая тычыцца ў тым ліку свабоды слова. У іншым пасце ён адрэагаваў словамі «небяспечныя часы» на падборку з праявамі цэнзуры, арыштамі за мемы і затрыманне Дурава ў розных краінах. У трэцім Маск тройчы напісаў слова «свабода» па-французску.
Падпісчыкі заклікалі Маска не прыязджаць у Еўропу, бо «сёння Telegram, а заўтра — X». А тэмы Telegram і Pavel Durov выйшлі ў трэнды ў тым ліку ў амерыканскім сегменце Х.
Стваральнік крыптавалюты Ethereum Віталік Бутэрын напісаў, што раней крытыкаваў Telegram за несур’ёзнае стаўленне да шыфравання. Але мяркуючы з таго, што абвінавачванне палягае ў «адсутнасці мадэрацыі» і адмове раскрываць даныя карыстальнікаў, «гэта выглядае вельмі дрэнна і выклікае трывогу за будучыню софту і свабоды камунікацый у Еўропе».
«Цяжка ўявіць сабе краіну, якая адначасова арыштоўвае заснавальніка Telegram і застаецца буйным цэнтрам стартапаў», — здзівіўся стваральнік акселератара Y Combinator Пол Грэм.
Заснавальнік сэрвісу Rumble (канкурэнт YouTube) Крыс Паўлоўскі заявіў, што Францыя «пераступіла чырвоную лінію», арыштаваўшы Дурава.
«Затрыманне Дурава — гэта замах на асноўныя правы чалавека, на свабоду слова і аб’яднанняў. Я здзіўлены і глыбока засмучаны тым, што Макрон апусціўся да ўзроўню захопу закладнікаў у якасці сродку атрымання доступу да прыватных камунікацый. Гэта прыніжае не толькі Францыю, але і ўвесь свет», — выказаўся былы супрацоўнік ЦРУ Эдвард Сноўдэн, які атрымаў прытулак у Расіі.
З суайчыннікаў у падтрымку Дурава выступіў заснавальнік «Т-Банка» Алег Цінькоў. Ён прызнаўся, што не карыстаецца Telegram, але лічыць залішнім пазбаўляць «таленавітага прадпрымальніка» свабоды за «ўтапічныя думкі». Аднак Цінькоў дадаў, што кіраўніцтва месенджара ўсё ж «мае супрацоўнічаць з цывілізаванымі краінамі», каб прадухіляць злачынствы.
Каманда Telegram таксама пракаментавала навіну пра затрыманне Паўла Дурава. Тут заявілі, што месенджар выконвае законы ЕС, а яго фаўндару няма чаго хаваць. Таксама ў Telegram лічаць абсурдным вінаваціць стваральніка платформы за злоўжыванне ёю з боку карыстальнікаў.
Читать на dev.by