Брэша, але не кусае? Аўтары новага даследавання кажуць, што ШІ не пазбаўляе амерыканцаў працы (пакуль)
Нягледзячы на размовы пра тое, што ШІ ужо выклікаў масавыя звальненні, эканамісты з Ельскага ўніверсітэта і Брукінгскага інстытута сцвярджаюць адваротнае. Даследчыкі абапіраліся на аналіз афіцыйнай статыстыкі па рынку працы ЗША і дадзеныя з індустрыі пра тое, як выкарыстоўваецца ШІ і якія прафесіі найбольш уразлівыя перад тэхналогіяй. Яны прыйшлі да высновы, што ChatGPT і іншыя ШІ-інструменты паўплывалі на занятасць не больш, чым папярэднія тэхналагічныя прарывы, піша Financial Times.
Нягледзячы на размовы пра тое, што ШІ ужо выклікаў масавыя звальненні, эканамісты з Ельскага ўніверсітэта і Брукінгскага інстытута сцвярджаюць адваротнае. Даследчыкі абапіраліся на аналіз афіцыйнай статыстыкі па рынку працы ЗША і дадзеныя з індустрыі пра тое, як выкарыстоўваецца ШІ і якія прафесіі найбольш уразлівыя перад тэхналогіяй. Яны прыйшлі да высновы, што ChatGPT і іншыя ШІ-інструменты паўплывалі на занятасць не больш, чым папярэднія тэхналагічныя прарывы, піша Financial Times.
«Нягледзячы на хуткі прагрэс тэхналогіі ШІ, рынак працы за апошнія тры гады хутчэй стабільны, чым змяніўся. Мы не назіраем апакаліпсіса працоўных месцаў у маштабе эканомікі. Гэта павінна крыху супакоіць грамадства», — адзначаюць аўтары.
Па іх словах, сітуацыя на рынку працы зараз далёка не ідэальная, таму здаецца, што ў тым, што людзі губляюць працу, вінаваты менавіта ШІ. «Але мы праверылі гэта мноствам спосабаў і не знайшлі ніводнай прыкметы, што гэта так», — адзначаюць даследчыкі.
Яны прызнаюць, што ШІ сапраўды змяняе размеркаванне прафесій у тэхналагічнай сферы, але эканоміцы ў цэлым змены ідуць не хутчэй, чым у часы ўкаранення камп’ютараў і інтэрнэту.
«ШІ пакуль не парушае законы гравітацыі. Мы ўсё яшчэ на вельмі ранняй стадыі, калі кампаніі толькі спрабуюць перабудоўваць свае працэсы з дапамогай гэтай тэхналогіі», — падкрэслілі эканамісты.
У дакладзе адзначаецца, што ў жніўні ўзровень беспрацоўя сярод выпускнікоў бакалаўрыата ва ўзросце 20-24 гадоў вырас да 9,3% — больш чым у два разы ў параўнанні з 4,4% у красавіку. Але асаблівай розніцы паміж прапановамі для тых, хто выпусціўся зусім нядаўна і некалькі гадоў таму (25-29-гадовыя) не выяўлена. Аўтары лічаць, што складанасці з пошукам працы звязаны не з ШІ, а з іншымі фактарамі.
Яны падкрэсліваюць, што пытанне пра ўплыў ШІ на рынак працы застаецца адкрытым. Плануюць абнаўляць дадзеныя кожны месяц і заклікаюць не нагнятаць абстаноўку.
Гэтыя высновы ідуць уразрэз з заявамі топ-менеджараў IT-кампаній. Гендырэктар Anthropic Дарыа Амадэй папярэджвае, што ШІ можа знішчыць палову ўсіх пачатковых пазіцый у юрыспрудэнцыі, кансалтынгу і фінансах, а беспрацоўе ў ЗША вырасце да 10-20% у бліжэйшыя пяць гадоў (з цяперашніх 4,3%). Кіраўнік OpenAI Сэм Альтман казаў, што ШІ дакладна паставіць крыж на некаторых прафесіях, напрыклад тэхпадтрымцы кліентаў.
Некаторыя эканамісты лічаць заявы прадстаўнікоў ІТ-індустрыі перабольшанымі. Нобелеўскі лаўрэат Дарон Аджэмаглу кажа, што на топ-менеджараў зараз аказваецца моцны ціск — яны павінны нешта рабіць з ШІ, і на гэта накладваецца хайп вакол тэхналогіі, але насамрэч пакуль мала хто робіць з ШІ нешта сапраўды крэатыўнае. Ён дадаў, што ШІ-кампаніі падаграваюць увагу да сваіх тэхналогій, каб падштурхнуць бізнес да пашырэння вылічальных магутнасцяў, неабходных для стварэння мадэляў. Нядаўняе даследаванне Goldman Sachs паказала, што ўкараненне ШІ можа выцесніць 6-7% работнікаў у ЗША, але гэты ўплыў, хутчэй за ўсё, будзе «часовым».
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.