Латвія плануе абмежаванні на ўезд грамадзян краін СНД. Для беларусаў таксама
Парламенцкая камісія па нацбяспецы Латвіі падрыхтавала і падала ў прэзідыум сейма папраўкі да закона «Аб іміграцыі», паведамляе Delfi. Згодна з імі, грамадзяне краін-удзельніц СНД перад уездам у Латвію павінны будуць падаваць інфармацыю пра мэту паездкі.
Законапраект вызначыць, што грамадзяне краін СНД перад уездам у Латвію абавязаны будуць падаць інфармацыю пра мэту паездкі, час і месца знаходжання, маршрут, займаныя пасады, кантакты і да т. п. Здаецца, гаворка вядзецца ў тым ліку пра ўезд у Латвію з краін шэнгенскага пагаднення, які не прадугледжвае памежнага кантролю.
За непадачу гэтай інфармацыі або ілжывыя звесткі магчымы штраф да 2000 еўра.
Выключэнне — асобы з дыпламатычным імунітэтам, а таксама тыя, хто здзяйсняе кароткатэрміновыя паездкі для выканання афіцыйных функцый або забеспячэння тэхнічнай падтрымкі. Ім падаваць такой інфармацыі не трэба.
Акрамя таго, камісія па нацбяспецы распрацавала папраўкі да закона пра дзяржмяжу Латвійскай Рэспублікі, згодна з якімі грамадзянам краін СНД дазвол на знаходжанне ў памежнай зоне Латвіі будзе выдавацца толькі са згоды Службы дзяржбяспекі.
Меры тлумачацца рызыкамі, звязанымі з выведкай, і гібрыднымі пагрозамі. Як адзначаецца ў анатацыі да законапраекта, «краіны СНД цесна супрацоўнічаюць у сферы бяспекі, эканомікі і культуры, і Расія выкарыстоўвае гэтае супрацоўніцтва для атрымання інфармацыі, якая яе цікавіць».
Акрамя Беларусі і Расіі, у склад СНД уваходзяць Азербайджан, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Таджыкістан і Узбекістан.
Читать на dev.by