Латвія плануе абмежаваць пасажырскія перавозкі з Беларуссю. Раней з'явіліся праблемы з Літвой
Латвія мае намер абмежаваць аўтобусныя зносіны з Беларуссю і Расіяй. Адпаведную прапанову падрыхтавала і вынесла на грамадскае абмеркаванне Міністэрства зносін балтыйскай краіны, піша Delfi. Тут зафіксавалі рост такіх перавозак і бачаць у ім пагрозу нацыянальнай бяспецы.
«Міністэрства зносін сумесна з Аўтатранспартнай дырэкцыяй і ў кансультацыі з Міністэрствам унутраных спраў сабралі дадзеныя, якія паказваюць рост колькасці пасажыраў у аўтобусных перавозках у Беларусь і Расію. Такая сітуацыя ўзмацняе рызыкі бяспекі на знешняй мяжы дзяржавы, таму падрыхтавана нарматыўнае рэгуляванне, якое прадугледжвае абмежаванні ў пасажырскіх перавозках у Беларусь і Расію», — патлумачыў актуальнасць распараджэння міністр зносін Аціс Швінка.
Згодна з дакументам, з 15 кастрычніка 2025 года Дзяржаўная пагранічная ахова павінна будзе не дапускаць, каб пасажырскія перавозчыкі ажыццяўлялі міжнародныя нерэгулярныя перавозкі аўтобусамі праз мяжу Латвіі з Беларуссю і Расіяй у пунктах пропуску на аўтадарогах у Патэрніекі, Грэбнева і Цярэхава. Пры гэтым рэгулярныя аўтобусныя перавозкі будуць захаваны.
Учора аўтобусныя перавозчыкі пачалі адмяняць рэйсы паміж Мінскам і Вільняй. Сітуацыю пракаментавалі ў міністэрстве зносін Літвы. Там патлумачылі, што колькасць аўтобусаў, якія перасякаюць беларуска-літоўскую мяжу, перавышала ўсталяваны ліміт, і перавозчыкі атрымалі папярэджанне пра гэта.
Читать на dev.by