Латвія ўводзіць плату за электронную рэгістрацыю пры ўездзе з Беларусі
Усе аўтамабілі, што ўязджаюць у Латвію з Беларусі і Расіі, павінны будуць загадзя прайсці рэгістрацыю ў спецыяльнай інфармацыйнай сістэме. Пры гэтым браніраванне ў электронную чаргу будзе платным. Пра гэта паведамляе прэс-служба ўрада Латвіі.
Адпаведнае рашэнне Кабінет міністраў краіны прыняў 27 мая. Калі яно ўступіць у сілу, пакуль не паведамляецца, бо патрабаванні да сістэмы яшчэ не распрацаваныя. Але латвійскія ўлады лічаць, што гэта паскорыць перасячэнне мяжы і афармленне транспарту.
Міністр транспарту Латвіі Аціс Швінка адзначыў, што гэта выгадна як перавозчыкам, так і кіроўцам транспартных сродкаў, бо ім больш не давядзецца доўга стаяць у чарзе для перасячэння мяжы.
Электронная сістэма будзе апрацоўваць інфармацыю пра транспартны сродак, яго кіроўцу і пасажыраў, перавозімы груз і праведзеныя кантрольныя мерапрыемствы па грузе.
Раней улады Латвіі абавязалі беларусаў, у якіх няма латвійскай візы або віду на жыхарства, за 48 гадзін да ўезду падаць пра сябе вялікі аб’ём інфармацыі, у тым ліку пра службу ў арміі. Таксама Латвія рыхтуецца забараніць беларусам працаваць на аб’ектах крытычнай інфраструктуры і набываць нерухомасць у краіне.
Читать на dev.by