Латвія зачыняе паветраную прастору на мяжы з Беларуссю і можа зачыніць сухапутную мяжу
Латвія зачыніць паветраную прастору на мяжы з Расіяй і Беларуссю з 18 гадзін 11 верасня — мінімум да 18 верасня. Пра гэта піша LSM са спасылкай на міністра абароны краіны Андрыса Спрудса.
Гэта адказ Латвіі на інцыдэнт з расійскімі беспілотнікамі, якія заляцелі на тэрыторыю Польшчы ў ноч на 10 верасня.
«Беспілотнікі Расіі ў паветранай прасторы НАТА — трывожны сігнал, і мы павінны зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць эскалацыі атак дронаў», — заявіў міністр. Такі крок дазволіць лягчэй выяўляць несанкцыянаваныя паветраныя судны і вызваліць гэтую зону для знішчальнікаў НАТА і сістэм ППА Латвіі.
Раней Польшча на тры месяцы абмежавала палёты на мяжы з Беларуссю і Украінай.
Акрамя гэтага, Латвія можа цалкам зачыніць сухапутную мяжу з дзвюма ўсходнімі суседкамі на час ваенных вучэнняў «Захад-2025». Як піша Delfi, сёння Сейм краіны перадаў на разгляд Камісіі па нацыянальнай бяспецы праект такога рашэння. Дэпутаты настойваюць, што праект павінен быць разгледжаны і рашэнне прынята сёння ж. Ён таксама абавязвае Міністэрства абароны Латвіі прыняць дадатковыя меры для своечасовага рэагавання на пагрозы.
Літва пакуль не плануе зачыняць мяжу з Беларуссю, але ўзмоцніць яе ахову.
Читать на dev.by