«Лесту» абвясцілі экстрэмісцкай у Расіі. У адказ яна выклала ўсе свае граматы і распавяла, як дапамагае расійскім вайскоўцам
Таганскі раённы суд Масквы 3 чэрвеня прызнаў дзейнасць кампаніі «Леста Игры» экстрэмісцкай. Яна будзе ўнесена ў рэестр Расфінманіторынгу, а яе юрыдычныя асобы перайдуць у даход дзяржавы, паведамляе Расійскае агенцтва прававой і судовай інфармацыі.
«Суд пастанавіў задаволіць пазоў Генпракуратуры РФ аб прызнанні экстрэмісцкімі трох юрыдычных асоб „Леста Игры“ на тэрыторыі РФ <…>, звярнуць у даход дзяржавы 100% доляў статутнага капіталу», — заявіў старшынствуючы суддзя Міхаіл Строганаў.
Ведамства настойвала на датычнасці «Лесты» да экстрэмісцкай дзейнасці. Паводле версіі Генпракуратуры, магчымая сувязь з Wargaming, якая падтрымлівае Узброеныя сілы Украіны, стварала падставу для абвінавачвання «Лесты» ў экстрэмісцкай дзейнасці. У кампаніі сцвярджалі, што не парушалі законаў ні Расіі, ні Беларусі і «ім няма чаго баяцца».
Да 2022 года «Леста» фактычна была расійскім філіялам Wargaming. Але пасля пачатку вайны Wargaming сышла з Беларусі і Расіі і пераехала на Кіпр. «Леста» занялася лакалізацыяй праектаў «Мир танков» і «Мир кораблей», а Wargaming працягнула прасоўваць аналагічныя праекты пад арыгінальнай назвай у іншых рэгіёнах.
Wargaming праводзіла ў сваёй гульні з танкамі акцыі ў падтрымку ВСУ. У гульні, якую распаўсюджвала «Леста», такіх акцый не было. У кампаніі ўдакладнялі, што пасля падзелу іх праекты развіваліся самастойна.
«Леста» адрэагавала на рашэнне суда ў сваім Telegram шэрагам допісаў. Кампанія напісала, што мае шмат дасягненняў, але ў інфармацыйнай прасторы яе часта крытыкуюць за тое, што «не вызначыла сваю пазіцыю» адносна вайны і публічна не падтрымала Расію, пакуль Wargaming сабрала больш за $1 млн для Украіны. Кампанія дадала, што наогул-то яна проста сціплая і не любіць публічнасці.
«У нас на гэта былі свае прычыны:
1. Мы лічым, што дабрачыннасцю і падтрымкай трэба займацца непублічна. Мы не хацелі ператвараць добрыя справы ў часовыя піяр-акцыі.
2. З-за ліцэнзійных рызыкаў і пагрозы санкцый мы аддалі перавагу працы без публічных заяваў.
3. Усе гэтыя гады мы адкрыта адзначалі Дзень Перамогі, Дзень танкіста, Дзень Расіі і іншыя важныя даты, распавядаючы пра нашых герояў, гісторыю і патрыятызм. Мы рабілі гэта не «для галачкі», а з пераканання.
Мы ўпэўнены, што ўносім вялікі ўнёсак у патрыятычнае выхаванне грамадзян нашай краіны — плады нашай працы вы лёгка знойдзеце на ўсіх нашых рэсурсах і платформах. Але, як высветлілася, у наш час мала рабіць — трэба яшчэ і гучна пра гэта казаць».
У наступных допісах кампанія выклала розныя граматы і падзякі, выдадзеныя ёй самой і яе кіраўніку Маліку Хатажаеву. Таксама яна распавяла, што пастаўляла гуманітарную дапамогу расійскім вайскоўцам.
Варта адзначыць, што рашэнне суда ўступае ў сілу праз 30 дзён. У гэты перыяд кампанія можа яго абскардзіць.
Читать на dev.by