Ліст консулу, Брэст, спісы PAIH. Што робяць айцішнікі, чые запісы на PBH згарэлі
dev.by пагутарыў з айцішнікамі, якім не пашанцавала злавіць дату на PBH 28-29 лістапада ў Мінску/Гомелі/Магілёве.
29 лістапада стала вядома, што ў візавых цэнтрах Мінска, Гомеля і Магілёва перасталі прымаць дакументы на візу PBH. Пры гэтым пацярпелі ў асноўным айцішнікі, якім удалося злавіць дату 28 лістапада — менавіта ў гэты дзень запрацавала верыфікацыя праз Міжбанкаўскую сістэму ідэнтыфікацыі (МСІ). Гэта адрэзала ад сістэмы браніравання пасярэднікаў, і на сайце адразу з’явіліся свабодныя даты. Але радасць прэтэндэнтаў на PBH была нядоўгай.
dev.by пагутарыў з тымі, чый запіс згарэў. Нягледзячы на падабенства гісторый, у розных ВЦ свае нюансы.
Гісторыя 1. Мінск. Прапануюць пісаць ліст у консульства
— У мяне запіс у мінскі ВЦ на 2 снежня. У мужа ўжо ёсць PBH, я прэтэндую на візу як тая, хто яго суправаджае. На ўсялякі выпадак сёння паехалі ў ВЦ — даведацца, ці ёсць сэнс прыязджаць заўтра. Там ужо была чарга з трох чалавек з аналагічным пытаннем. Прычыны скасавання запісаў ніхто не называе. Кансультант спакойна кажа толькі тое, што запіс скасаваны і неабходна пісаць ліст у консульства. Нібыта консульства падасць спісы ў ВЦ, і яны самі будуць звязвацца з заяўнікамі і запрашаць.
Буду спрабаваць і гэты варыянт, і варыянт з Брэстам. Але ў Брэст цяпер усе будуць спрабаваць патрапіць, так што злавіць дату там малаверагодна.
Ад dev.by. Насамрэч даты ў ВЦ Брэста, Пінска і Баранавічаў з’явіліся ўжо пасля абеду 1 снежня. На 5-7 снежня. Іншая рэч, што тыя, хто запісаўся пры канцы лістапада на снежань, не могуць перабраніраваць дату датуль, пакуль стары запіс не будзе пратэрмінаваны.
Гісторыя 2. Гомель. Чакаем свабодных дат у Брэсцкую акругу
Запісваўся 29 лістапада, дзень падачы — 1 снежня. З’ездзілі ў ВЦ — не прынялі. Проста сказалі, што ад сённяшняга дня не прымаюць. Чакаць.
Чаго чакаем? Альбо змены правілаў у прыёме заяў на PBH, альбо свабодных дат у Брэсцкую акругу. Не, пра ліст консулу нам нічога не казалі.
Гісторыя 3. Гомель. Буду падавацца праз PAIH
— Мая сітуацыя з візай сумная. Паўтара месяца таму папрасіла рэкамендацыю ў сваёй кампаніі для візы і з ёю звярнулася ў VisaProm. Паабяцалі за 4-6 тыдняў зрабіць візу. Але па заканчэнні гэтага тэрміну выявілася, што яны мне «нічога не маглі абяцаць». Грошы (640 рублёў) паабяцалі вярнуць, але пакуль не вярнулі.
Пасля такіх прыколаў я вырашыла лавіць запіс самастойна, і 28 лістапада ў мяне гэта атрымалася. На 9 снежня. І вось цяпер высвятляецца, што запіс згарэў, пры гэтым падавацца ў іншыя гарады я не магу, пакуль запіс вісіць у маім акаўнце. Пасля 9-га гіпатэтычна магу, але ў чатах пішуць, што асабістую падачу на PBH наогул прыбралі (Гэта не так. — dev.by).
Застаецца толькі варыянт грукацца ў маю кампанію і спрабаваць падавацца праз спісы PAIH. Але праз адсутнасць праектнай неабходнасці мне могуць адмовіць.
Спісы PAIH — мара, але і яны не гарантыя
Спісы PAIH (спісы кампаній, зацверджаныя Польскім агенцтвам інвестыцый і гандлю, Polish Investment and Trade Agency), падобна, самы верны і жаданы спосаб абысці новыя абмежаванні. Айцішнікі, якія знаходзяцца ў гэтых спісах, могуць падавацца па-ранейшаму ўсюды. Што праўда, тэрмінаў ніхто не гарантуе.
«Працадаўца ў Польшчы адправіў мяне ў спісы PAIH, але мне ніяк не могуць вылучыць слот для падачы дакументаў, — скардзіцца адзін з удзельнікаў чата PBH_Belarus. — З польскага боку кажуць, што мяне дагэтуль нікуды не запрасілі, бо я адзін такі ад кампаніі, а ў першую чаргу спрабуюць апрацаваць масавыя спісы».
Яму адказвае айцішнік, які марна запісаўся на канец снежня ў Мінску: «Божухна, ды ўпісалі б маю сям’ю ў вашыя спісы, яшчэ якіх ахвотных, была б масавасць, і ўсё добра». А на рэпліку-папрок «Вы хочаце ліпавы запіс?» слушна згаджаецца: «Вядома. У мяне ўжо ёсць адзін, ад 28 лістапада на 23 снежня. ВЦ мне падкінуў ліпавы запіс, я ім таксама падкіну 😄».
Пасярэднікі яшчэ ў справе?
Дарэчы, адзін з удзельнікаў чата PBH_Belarus запэўнівае, што ў нейкім візавым агенцтве дагэтуль абяцаюць зрабіць запіс за грошы.
«Раней можна было запісацца ў візавы цэнтр праз пасярэдніка, — піша ён. — Я паспрабаваў так зрабіць, але ў выніку 28 лістапада былі ўнесеныя змены ў парадак рэгістрацыі, і чалавек, які аказваў гэтыя паслугі, сказаў, што пакуль нічога не зразумела, дапамагчы не можа, і настаяў на вяртанні мне грошай. На наступны дзень, 1 снежня, напісаў у іншую арганізацыю — там сказалі, што без праблем запішам, тэрмін — 2-3 тыдні. Пры гэтым перадаплата — 300 рублёў (уся паслуга — 600 рублёў), у папярэдняга пасярэдніка перадаплата была 100 рублёў. Выглядае неяк сумнеўна: у адным месцы проста настаялі на вяртанні грошай, а ў іншым усё без праблем».
Дарэчы, у гутарцы з dev.by гэты чалавек сказаў, што ўжо злавіў дату — яму патрэбная не PBH, а звычайная працоўная віза.
Калі вы маеце адрозны ад апісанага досвед падачы на PBH пасля 29 лістапада, пішыце ў бот @devby_insight_bot — гэта ананімна.
Читать на dev.by