Літоўскі банк увёў абмежаванні для беларусаў — за парушэнне могуць пагражаць штраф або нават турма
У красавіку літоўскі Swedbank увёў абмежаванні, якія датычацца беларусаў. Цяпер недапушчальныя як наяўныя, так і безнаяўныя транзакцыі ў любой валюце, калі яны наўпрост або ўскосна звязаныя з шэрагам краін, што лічацца забароненымі з-за санкцый або ўнутранай палітыкі банка. Сярод такіх краін, напрыклад, Беларусь і Расія. Ёсць яшчэ адно невідавочнае правіла, якое таксама падпадае пад забарону. Пра яго і пра наступствы яго парушэння юрысты распавялі выданню Delfi.
Калі чалавек прадае маёмасць у Беларусі (кватэру або аўтамабіль) і хоча перавесці атрыманыя грошы на свой літоўскі рахунак, гэта таксама можа выклікаць пытанні.
«Нават калі ён прывязе грошы наяўнымі і паспрабуе ўнесці іх на рахунак у Літве, гэтая аперацыя будзе лічыцца ўскоснай аперацыяй з санкцыянаванай краінай (бо грошы з Беларусі). … Банк расцэніць гэтую ўгоду як рызыкоўную», — патлумачыў партнёр адвакатскай канторы Averus Ёнас Сакалаўскас.
Юрыстка адвакатскай канторы Glimstedt Ксенія Велічкене ўдакладніла, што гэтае абмежаванне датычыць як бізнесу, так і грамадзян Беларусі. За такія аперацыі могуць наступіць санкцыі — як фінансавыя, так і пазбаўленне волі тэрмінам да 5 гадоў.
«Гэтае абмежаванне закране і жыхароў — асабліва тых, у каго ёсць сваякі, члены сям’і або сябры ў санкцыянаваных краінах, з якімі яны раней „абменьваліся“ грашыма праз пасрэднікаў або іншыя фінансавыя ўстановы», — адзначыла яна.
Сакалаўскас параіў не спрабаваць схаваць сапраўдную сутнасць аперацыі, бо банкі лічаць гэта сур’ёзным парушэннем.
«Варта адзначыць, што з 15 мая 2025 года была ўзмоцнена адказнасць за любыя парушэнні міжнародных санкцый або спробы іх абысці — нават калі парушэнне дапушчана па неасцярожнасці», — дадала Вялічкене.
Пры гэтым у Swedbank запэўнілі, што будуць ацэньваць кожны канкрэтны выпадак індывідуальна.
Читать на dev.by