Літва скасавала забарону на ўезд легкавым аўто з беларускімі нумарамі. Але не для ўсіх
Ад заўтрашняга дня ў Літве мелася ўступіць у сілу забарона на ўезд і знаходжанне ў краіне аўтамабіляў, зарэгістраваных у Беларусі. Сёння памежная служба Літва нечакана паведаміла пра змену правілаў уезду. Для часткі беларусаў забарону ў выніку скасуюць.
Як заявілі ў памежнай службе, ад 14 лютага 2025 года ўязджаць у Літву змогуць уладальнікі легкавых аўтамабіляў на беларускіх нумарах, якія маюць дзейную літоўскую візу або дзейны часовы або пастаянны дазвол на жыхарства ў Літве.
Гэтая норма дзейнічае ў дачыненні да аўтамабіляў, прызначаных для асабістага карыстання. Яна не тычыцца аўтамабіляў, якія належаць юрыдычным асобам або выкарыстоўваюцца ў камерцыйных мэтах.
Таксама ад 14 лютага будзе дазволены ўезд на тэрыторыю Літвы на аўтамабілі, які не прызначаны для продажу і належыць грамадзяніну дзяржавы-сябра ЕС, «калі ён з’яўляецца рэзідэнтам Беларусі і кіруе гэтым транспартным сродкам».
Між тым памежная служба Літвы ў сваім паведамленні не ўдакладніла, якія правілы ўезду будуць дзейнічаць для беларускіх аўтаўладальнікаў ад 18 студзеня да 14 лютага.
Удакладненне ведамства адносна правілаў уезду і знаходжання ў краіне апублікоўваў тэлеграм-канал @volna_lt.
Як растлумачылі ў памежнай службе Літвы, да 14 лютага ўязджаць у Літву на сваіх аўто змогуць беларусы, якія маюць візы/ДНЖ любых краін ЕС (напрыклад, Польшчы або Латвіі). Пасля 14 лютага ўезд будзе дазволены толькі беларускім аўтаўладальнікам, якія маюць літоўскую візу/ДНЖ/ПМЖ.
Читать на dev.by