У Крэмніевай даліне асцерагаюцца недахопу высокакваліфікаваных кадраў праз іміграцыйную палітыку Трампа

У амерыканскай ІТ-індустрыі непакояцца, што Дональд Трамп ускладніць найманне імігрантаў, чым перакрые важную крыніцу талентаў для сектара, піша Business Insider. Такое меркаванне выказалі, напрыклад, партнёры фірмы Flare Capital, якая інвесціруе ў тэхналогіі для аховы здароўя.

9 каментарыяў

Абранне Трампа можа прывесці да масавай дэпартацыі імігрантаў, якія незаконна знаходзяцца ў краіне. Таксама ён абяцаў завяршыць сцяну ўздоўж паўднёвай мяжы і вярнуць забарону на ўезд мусульман. У 2017 годзе праз гэты ўказ многія ІТ-спецыялісты не змаглі трапіць у краіну.

Таксама пакуль незразумела, як новаабраны прэзідэнт рэарганізуе іміграцыйную сістэму, якая дазваляе прыцягваць замежных спецыялістаў на айцішныя пазіцыі ў ЗША. Дакладна палічыць, колькі імігрантаў легальна працуе ў тэхналагічным сектары, складана, паколькі ім даступна некалькі тыпаў віз. У найбуйнейшай праграме па візе H-1B удзельнічае больш за 600 тысяч работнікаў у 50 тысяч працадаўцаў. Летась 65% ухваленых віз дасталіся работнікам айцішных спецыяльнасцяў.

Гульцы ІТ-галіны хочуць больш пэўнасці з гэтай нагоды. А юрысты з Крэмніевай даліны, якія працуюць з тэхналагічнымі стартапамі, кажуць, што адчуваюць «трывогу» і «неабходнасць прыгатавацца».

У інвестфірме Everywhere Ventures адзначаюць, што Трамп у мінулым не асабліва падтрымліваў візы, крытычна важныя для фаўндараў і супрацоўнікаў, якія хочуць ствараць кампаніі ў ЗША. У свой першы тэрмін палітык прасоўваў куплю тавараў амерыканскай вытворчасці і найманне перш за ўсё амерыканскіх грамадзян. Таксама ён падпісаў указ, які прыпыняе дзеянне некаторых часовых працоўных віз, уключаючы H-1B для кваліфікаваных супрацоўнікаў, што больш за ўсё ўдарыла па ІТ. У першы тэрмін Трампа доля адмоў па візе H-1B перавышала 17%, а пры Джо Байдэне складае толькі 3,2%. Пры гэтым у галіне ўжо назіраецца дэфіцыт кадраў, а асабліва вострая барацьба за іх ідзе ў АІ.

Зрэшты, на сітуацыю можа паўплываць Ілан Маск, які горача падтрымлівае Трампа і можа ўвайсці ў ягоную адміністрацыю. Маск пагадзіўся з адным з пастоў у Х пра тое, што ўжо цяпер іміграцыйная сістэма ЗША не адпавядае рынку, а таксама што патрэба краіны ў талентах, якія будуць тут працаваць і запускаць кампаніі, значна вышэйшая за колькасць людзей, якім дазваляюць заехаць.

Чаго чакаць ад прэзідэнцтва Трампа тэхнагігантам накшталт Google, Apple і Microsoft
Па тэме
Чаго чакаць ад прэзідэнцтва Трампа тэхнагігантам накшталт Google, Apple і Microsoft
Кто из бигтехов подорожал больше всего на победе Трампа
По теме
Кто из бигтехов подорожал больше всего на победе Трампа

Читать на dev.by