Не здасі курс — не пройдзеш перфоманс-рэв'ю: СЕО прымусіў 2 тысячы супрацоўнікаў вучыцца ШІ, намякнуўшы на звальненне
HR-платформа Remote вырашыла прывучваць каманду да нейрасетак метадам пугі. Генеральны дырэктар Йоб ван дэр Ворт выдзеліў усім 2 тысячам супрацоўнікаў па пяць гадзін працоўнага часу — аплочанага — на навучанне працы з ШІ, але папярэдзіў, што тыя, хто праігнаруе курс, могуць не разлічваць на паспяховае праходжанне рэгулярнай ацэнкі эфектыўнасці.
HR-платформа Remote вырашыла прывучваць каманду да нейрасетак метадам пугі. Генеральны дырэктар Йоб ван дэр Ворт выдзеліў усім 2 тысячам супрацоўнікаў па пяць гадзін працоўнага часу — аплочанага — на навучанне працы з ШІ, але папярэдзіў, што тыя, хто праігнаруе курс, могуць не разлічваць на паспяховае праходжанне рэгулярнай ацэнкі эфектыўнасці.
Ван дэр Ворт запусціў бясплатны экспрэс-курс aiforactualwork.com і зрабіў яго першую частку абавязковай для ўсёй каманды. На ягоную думку, кампаніі абавязаны самі ўкладвацца ў перанавучанне людзей, а не спрабаваць замяніць увесь штат на новых спецыялістаў.
«ШІ будзе кіраваць светам, так што час ісці ў нагу з часам. Вельмі важна, каб кампаніі бралі на сябе адказнасць. Гэта нашыя людзі. Мы іх наймалі. Мы прынялі рашэнне і сказалі ім: «Цяпер планка такая, што вы пачынаеце выкарыстоўваць ШІ». Так што так, мы дакладна павінны адказваць за тых, хто на нас працуе. Вы ж не зможаце звольніць усіх сваіх супрацоўнікаў і набраць новых, якія ў гэтым добра разбіраюцца», — растлумачыў кіраўнік Remote у інтэрв’ю Fortune.
Адказнасць двухбаковая. Супрацоўнікам далі зразумець, што адмова ад навучання ўдарыць па іхнай кар’еры ўнутры кампаніі.
«Мы выказаліся вельмі выразна: вы абавязаны гэта зрабіць, а калі не — не атрымаеце ацэнку «адпавядае чаканням» на рэв’ю. У выніку курс прайшлі ўсе», — расказаў ван дэр Ворт. У заходніх кампаніях неадпаведнасць чаканням на рэв’ю запускае працэдуру PIP — план выпраўлення прадуктыўнасці, пасля якога ў 80-90% выпадкаў наступае звальненне.
Паводле СЕО, адной прыстрашкі хапіла, каб падцягнуць базавы ўзровень усёй каманды. Цяпер кіраўнікі, якія ставяць задачу, дакладна ведаюць, што супрацоўнік здагадаецца вырашыць яе з дапамогай нейрасеткі для прастаты, а самі працаўнікі перасталі дапускаць элементарныя памылкі.
Тым, каму пашанцавала менш і чыё начальства не аплачвае час навучання, ван дэр Ворт раіць не чакаць у мора надвор’я і прайсці ягоны бясплатны курс самастойна — спатрэбіцца калі не на бягучай працы, то на наступнай. На ягоную думку, засваенне ШІ нічым не адрозніваецца ад прывыкання да мабільных тэлефонаў або кампутараў у мінулым, і нічога складанага ў гэтым няма: «Дастаткова папросту спытаць у ШІ, як зрабіць што-небудзь, і ён сам усё раскажа».
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.