«Ужо 640 водгукаў на вакансіі, перастаў лічыць». Як айцішнікі шукаюць працу гадамі
Айцішнік шукае працу год і больш — цяпер такія гісторыі, на жаль, не рэдкасць. Пагутарылі з чытачамі, якія вось ужо больш як паўгода (а часам і гадамі) не могуць працаўладкавацца.
Тры нашыя героі — у Польшчы, два — у Беларусі (і там таксама ўсё вельмі няпроста з пошукам працы: гэта паказвае наш вялікі рэсёрч).
«Упэўнены, што прычына адмоў мне — жорсткі эйджызм»
Ягор, вядучы інжынер-праграміст:
- узровень і стаж у ІТ: «быў вядучым інжынерам-праграмістам, загадчыкам вылічальных цэнтраў. Стварыў з нуля як распрацоўшчык некалькі Forensic-праектаў»;
- перыяд пошуку: ужо 2 гады;
- геаграфія пошукаў: у Беларусі (у Мінску), ад апошняга месяца — і ў Расіі;
- дыяпазон зп, на які прэтэндуе: «не пазначаю дыяпазону, адгукаюся як на вакансіі для джуноў, так і для мідлоў, бо гэтыя пазіцыі адносныя».
- асабістая рамка пошуку, якія крытэры ў адносінах да працадаўцы: «бывае, сцябаюся, але эйчары сцёбу не разумеюць»;
- які дэдлайн сабе паставіў для пошуку, і што будзе калі да дэдлайну нічога не знойдзе: «не ставіў. Калі зусім стане цяжка, лецішча прадам — яшчэ на некалькі гадоў жыцця грошай хопіць»;
- колькасць водгукаў: 254;
- колькасць кампаній, дзе працэс стартаваў — быў хаця б скрынінг-сазвон: «было 4 сумоўі»;
- колькасць адмоў vs колькасць офераў, калі былі: 0.
— Шукаю працу два гады без аднаго месяца. Не думаю, што прычына адмоў у маёй нізкай кваліфікацыі: У мяне амаль паўсотні прызоў за распрацоўкі, прыкладна столькі ж публікацый.
Першую мову праграмавання я асвоіў у 1984 годзе, гэта была Basic, наступную, праз два тыдні — Fortran (пазней на Fortran пісаў дыплом і выконваў навуковую працу, будучы яшчэ студэнтам). Наступная была Pascal: такі шэраг звязаны не з асабістымі схільнасцямі або перавагамі, а з тэхнікай, з якой давялося працаваць. Пазней — C, яе забыўся, бо не было прымянення, затым Assembler — на ёй дагэтуль раблю ўстаўкі ў кодзе.
Першы паспяховы хак быў у 1986 годзе — падмануў праграму для прыёму экзамену ў «заслужанага кібернетыка СССР» і атрымаў «выдатна», хоць выкладчык некалькі разоў на лекцыях публічна абяцаў паставіць 2.
Універсітэт не даў мне нічога — ад слова «зусім». Далей былі толькі самаадукацыя і самападрыхтоўка. Прыйшлося перавучвацца, каб быць запатрабаваным. Дый першыя свае мовы: Basic і Fortran, — я вывучыў без анічыёй дапамогі. Так што я — на 100% самавук.
Жыву на фінансавую «падушку», праядаю спадчыну. Апошнія два гады, як шукаю, дзе прымяніць сябе ў ІТ, выхопліваю падпрацоўкі — пісаў для Habr, дапрацоўваў калісьці мной жа пачаты сайт для фінтэху і да т. п.
Яшчэ зрабіў Forensic-утыліту для аналізу паведамленняў аднаго папулярнага месенджара — праграма зарабіла адзін прыз і адзін водгук на нейкім чэшскім сайце. Я не люблю гэтага месенджара! Пакуль закінуў утыліту, дый распрацоўшчыкі ўвялі нарэшце шыфраванне файла з данымі — навучыўся шыфраванне абыходзіць, але крыва, такое ў продакт не пусціш.
Працу я спачатку шукаў толькі ў Беларусі, а дакладней у Мінску: у мяне маленькае дзіця, таму мая мабільнасць абмежаваная. Апошні месяц пашырыў пошук на Расію — яны прымаюць «парабкаў» з Беларусі (у мяне няма ілюзій наконт таго, як да нас там ставяцца).
Я шукаю праз rabota.by, praca.by і LinkedIn. На жаль, з 204 водгукаў у мяне было ўсяго 4 сумоўі.
На апошнім, што было некалькі дзён таму, спыталі, як я стаўлюся да дзейнай улады, — гэта было дзяржпрадпрыемства, а я прэтэндаваў на пасаду сісадміна. Я адказаў цытатай з Грыбаедава: «Минуй нас пуще всех печалей и барский гнев, и барская любовь». Відаць, адказ іх не задаволіў. Я яшчэ сказаў ім тады: «Я вам патрэбны больш, чым вы мне, працаваць няма каму!»
Не маюць эфекту на сумоўях і мае пет-праекты. Я атрымліваю ў адказ шаблонныя адпіскі ад эйчараў, нібы яны скапіпасцілі — і ўставілі ў ліст:
- «Шчыры дзякуй за цікавасць, праяўленую да вакансіі…» — мая думка пры гэтым: падобна да праўды.
- «На жаль, у гэты момант мы не гатовыя запрасіць вас на далейшае інтэрв’ю па гэтай вакансіі», — гэта таксама праўда.
- «Мы ўважліва азнаёміліся з вашым рэзюмэ», — поўная хлусня.
- »…Магчыма, вернемся да вашай кандыдатуры, калі ў нас паўстане такая патрэба», — хлусня.
Я ўпэўнены, што прычына адмоў мне — жорсткі эйджызм, бо мне 57 гадоў.
Але я не адчайваюся, вольны час трачу на самаадукацыю. Якраз накідаў для сябе праграму па перападрыхтоўцы на паўгода.
У курсы не веру — назіраў, як туды набіраюць выкладчыкаў: мяне самога клікалі весці заняткі для школьнікаў, аплата — 6 рублёў за гадзіну. Я абурыўся, што столькі прапаноўваюць грузчыкам і рознарабочым. Чаму могуць навучыць выкладчыкі з такой аплатай? Таму я курсы не разглядаю наогул і выбіраю саманавучанне.
«Спачатку дыяпазон быў $5000. Знізіў планку да $3000. Цяпер не магу і на $1000 разлічваць»
Зміцер, распрацоўшчык:
- узровень і стаж у ІТ: «сеньёр па досведзе, бо больш за 25 гадоў у гэтай сферы, але аб’ектыўна — не. Навыкі трэба вяртаць, многае забытае, а новае — не вывучанае»;
- перыяд пошуку: 3 гады;
- геаграфія пошукаў: «Польшча, але цяпер я гатовы нават у Азію, бо жыў там паўгода. Яшчэ нядрэнны варыянт — Турцыя, ёсць там знаёмыя, будзе лягчэй пачынаць»;
- дыяпазон зп, на які прэтэндуе: «спачатку дыяпазон быў $5000, так як мой асабісты даход заўсёды быў не меншы за $10 000. Потым я знізіў планку да $3000, а затым і да $2000. Цяпер у Польшчы не магу і на $1000 разлічваць у ІТ. Зваршчык — і той атрымае $1500-1700, але я не зваршчык»;
- асабістая рамка пошуку, якія крытэрыі ў адносінах да працадаўцы: «сумленнасць у адносінах да супрацоўнікаў. На жаль, я сутыкаўся з вялікай колькасцю несумленных працадаўцаў»;
- які дэдлайн сабе паставіў для пошуку, і што будзе калі да дэдлайну нічога не знойдзе: «яго няма, а дакладней, дэдлайн быў учора. Бягучая сітуацыя змушае мяне брацца за любую працу»;
- колькасць водгукаў: «не падлічваў, але думаю, гэта сотні адпраўленых рэзюмэ. І дзясяткі (ці нават сотні) аўтаматычных адказаў у стылі: мы вырашылі працягнуць з іншымі кандыдатамі»;
- колькасць кампаній, дзе працэс стартаваў (быў хаця б скрынінг-сазвон): 2-3;
- колькасць кампаній, дзе завяршыўся поўны цыкл сумоўяў: 0;
- колькасць адмоў vs колькасць офераў, калі былі: 0 офераў, адмоў — бясконцая колькасць.
— Жыву ў Варшаве. Да гэтага жыў ва Украіне, у мяне жонка і сын — украінцы. Чаму пераехаў, думаю, не трэба тлумачыць.
Да пераезду я вельмі нядрэнна зарабляў — працаваў як самазаняты. У мяне вельмі шырокая спецыялізацыя — ад Assembler да С/С++, але апошнім часам гэта PHP + MySQL, у асноўным бэкэнд. Яшчэ займаўся адміністраваннем сервераў — Linux і не толькі, крыптавалютамі і напісаннем смарткантрактаў (EOSIO, потым Solidity & EVM, цяпер вывучаю TON network + FunC).
Цяпер вось ужо тры гады шукаю працу. Пастаянна адпраўляю рэзюмэ ў польскія кампаніі, на старце — па 10 на дзень, але атрымліваю ветлівыя адмовы. Было пару сумоўяў, але там я аб’ектыўна не прайшоў — патрабаваліся рэальныя топы, накшталт суаўтараў распрацоўшчыкаў ядра (я такога аб’ектыўна не цягну).
Асноўныя праблемы, якія я бачу:
- у мяне расійскі пашпарт;
- век 54 гады;
- слабое веданне моў — у мяне англійская і польская дзесьці на А2;
- таксама ў мяне няма права на працу ў Польшчы, а 50% працадаўцаў (калі не больш) не хочуць займацца легалізацыяй сваіх супрацоўнікаў — а мне патрэбная дапамога з гэтым.
Я звяртаўся да незалежных рэкруцёраў — да 20, а то і 30 (і да рускіх, і да палякаў): яны бяруцца з энтузіязмам, а пасля некалькіх адмоў перастаюць мне пісаць. Я нават мяркую, што гэта былі выпадковыя аб’явы, якія па фільтрах падышлі пад маё рэзюмэ.
Па прыездзе ў Польшчу я аформіў ВНЖ па вучобе (падстава для выдачы — вывучэнне мовы), у сакавіку ён скончыўся — я падаўся на новы, але без працы дазволу на жыхарства не дадуць.
Кажуць, ёсць яшчэ адзін варыянт — пашукаць працу ў Турцыі. Туды пераехала шмат кампаній з Расіі, і гэта стварыла попыт на айцішнікаў. Але я пакуль гэтага варыянта сур’ёзна не разглядаў. Хоць сёння гатовы ўжо куды заўгодна адправіцца — абы была праца і за яе плацілі грошы. Але патрэбная дапамога ў рэлакацыі: сам не пацягну.
«Быць дызайнерам у ІТ — гэта пекла. Трэба знаць столькі, колькі знае спецыяліст у NASA»
Андрэй (імёны далей змененыя), прадуктовы дызайнер:
- узровень і стаж у ІТ: «у дызайне больш за 8 гадоў, як Product Designer працую 4 гады. Сябе ацэньваю як middle, але сумовіўся і на senior»;
- перыяд пошуку: ад пачатку года — то-бок 7 месяцаў;
- геаграфія пошукаў: па ўсёй Еўропе;
- дыяпазон зп, на якую прэтэндуе: «дыяпазон мінімум 15 000 злотых (прыкладна 3500 еўра), з фінансавага боку ў кампаній усё ў парадку. Але бываюць і выключэнні: сумовіўся на заробак 11 000 злотых (каля 2570 еўра). Ім спадабалася мая англійская і self presentation. Насамрэч з прафесійнага пункта гледжання гатовы разглядаць і 10 000 злотых (прыкладна 2300 еўра). Абы кампанія была нармальнай. Але ў нармальных кампаній і заробкі нармальныя»;
- асабістая рамка пошуку, якія крытэры ў адносінах да працадаўцы: «шукаю прадуктовыя кампаніі, так як люблю развіваць адзін прадукт. Такія кампаніі стабільнейшыя ў параўнанні з аўтсорсам»;
- які дэдлайн сабе паставіў для пошуку, і што будзе калі да дэдлайну нічога не знойдзе: «як грошы скончацца — а гэта здарыцца неўзабаве. У верасні хацеў бы ўжо працаваць. Калі нічога не атрымаецца знайсці па прафесіі, паспрабую ўладкуецца кур’ерам, або пакавальшчыкам. Польскую я знаю слаба, таму гэтым таксама выбар абмежаваны»;
- колькасць водгукаў: «на гэты момант у мяне каля 640 водгукаў — перастаў лічыць. На месяц я магу адгукнуцца на 40 вакансій, плюс-мінус, і атрымаць 3 запрашэнні на сумоўе. Але цяпер сітуацыя пагоршылася: несезон, вельмі мала вакансій»;
- колькасць кампаній, дзе працэс стартаваў — быў хаця б скрынінг-сазвон: «за апошнія 2 месяцы было 12 сумоўяў. Большасць рэкруцёраў развіталася са мной на другім этапе, дала шаблонныя адказы, што вырашылі працягнуць зносіны з іншымі кандыдатамі»;
- колькасць кампаній, дзе завяршыў поўны цыкл сумоўяў: «такіх кампаній няма, у некаторых я даходзіў да 4 этапу з 5 — гэта пакуль што мой топ. Цяпер праходжу сумоўі ў дзвюх кампаніях, у абедзвюх — на другім этапе».
- колькасць адмоў vs колькасць офераў, калі былі: 0 офераў, адныя адмовы.
— Я шукаю працу па спецыяльнасці ад пачатку года. Жыву ў Варшаве, але працу шукаю не толькі ў Польшчы, але і ва ўсёй Еўропе. Разглядаю тыя еўрапейскія вакансіі, у якіх прапісаная магчымасць рэлакацыі або аддаленай працы. Асноўная пляцоўка для пошуку — LinkedIn, часам — Startup Jobs.
У дызайне я больш за 8 гадоў. 4 гады працуюць як прадуктовы дызайнер. За гэты час змяніў некалькі кампаній, даўжэй за ўсё працаваў у аўтсорсе. Але трапіў пад скарачэнне — і, магчыма, гэта нават да лепшага: інакш бы так і працаваў за капейкі.
Ад пачатку года актыўна пачаў шукаць працу. Спачатку неяк паршыва атрымлівалася: адныя шаблонныя адмовы, нават ад кампаній, у якія выдатна пасую па досведзе. У мяне ёсць адпаведныя навыкі і рэлевантныя праекты ў партфоліа, але чамусьці ўсё роўна адмаўлялі.
У нейкі момант, перасягнуўшы планку ў сотню адмоў, я палічыў, што варта быць менш выбарчым. Стаў адклікацца на вакансіі ва ўсіх кампаніях, што шукалі прадуктовых дызайнераў. У выніку атрымалася ўладкавацца на парт-тайм у прадуктовую кампанію на Кіпры. На той момант водгукаў было 476 — я лічыў. І ўсяго 3 запрашэнні на інтэрв’ю.
Заробак у мяне быў добры — крыху большы, чым у 2 разы ў параўнанні з аўтсорсам, дзе працаваў раней. У Польшчы гэта сярэдні заробак, на які можна прэтэндаваць з маім досведам.
Я разумеў, што з гэтай кампаніяй я ненадоўга, таму пошукаў фул-тайм працы не спыняў. Перарабіў партфоліа — і быццам бы справы пайшлі пад гару: мяне пачалі запрашаць на сумоўі. Я праходзіў 2-3 інтэрв’ю на тыдзень — для мяне гэта поспех.
Што праўда, толку ад такога поспеху пакуль нуль! Кампаніі з розных краін, амаль усе з офісамі ў Польшчы альбо канкрэтна ў Варшаве. Працэс наймання таксама ва ўсіх розны: у кагосьці 3 этапы сумоўя, у кагосьці — 5. Хтосьці адказвае на працягу тыдня, а хтосьці і ў месяц не ўкладваецца з адказам.
Першы этап я праходжу без праблем. Другім звычайна ідзе альбо тэхсумоўе, дзе цябе просяць выканаць задачу, альбо размова з патэнцыйным лідом. І тут пачынаюцца персанальна мае прыколы: я ўпэўнены ў сваіх навыках, асабліва тэхнічных, але калі просяць выканаць таску, пачынаю тармазіць.
Яшчэ ўзнікаюць праблемы пры камунікацыі: вельмі часта задаюць пытанні, да якіх я проста не гатовы. І ў кожнай кампаніі гэтыя пытанні свае, і свае «прыколы». Ты проста не разумееш, як і да чаго рыхтавацца.
Месяц таму праходзіў пяць этапаў сумоўяў у нямецкую кампанію. На чацвёртым этапе мяне запрасілі ў офіс.
Усё паказалі, пазнаёмілі з людзьмі, пасадзілі за макбук — сумку і смартфон забралі і сказалі прайсці тэсты. Гэта былі тэсты на матэматыку, на ўважлівасць, на колеразнаўства, на дызайн-скілы, на тэх-скілы, на распрацоўку і аптымізацыю даных, на брэндынг, софт-скілы і лідарскія якасці. А я ішоў туды як UX/UI-дызайнер.
Гэта ўсё доўжылася больш за 2 гадзіны. А ў выніку я атрымаў ад гэтай кампаніі велізарны ліст з адмовай, па тэсце толькі ветлівыя фразы — і ні намёку на адказ, чаму мне адмовілі.
Быць дызайнерам у ІТ — гэта пекла. Табе трэба знаць столькі, колькі знае спецыяліст у NASA. Мала зацікавіць рэкруцёра і атрымаць запрашэнне на сустрэчу — мае быць шыкоўнае партфоліа і ідэальна скроенае CV, дык яшчэ і на кожным этапе сумоўя можа адбыцца што заўгодна, і патрабаванні і пытанні ў кожнага розныя. У вакансіях нават пазначаюць, што «патрэбныя навыкі кода» — па мне, дык гэта перабор.
Хтосьці сказаў мне, што ў мяне дрэнная англійская і яе трэба падцягнуць, спецыяліст з амерыканскай кампаніі, наадварот, адзначыў, што мая англійская вельмі добрая і са мной прыемна размаўляць. Карацей, жыву як у меме: «каб я ведаў, што гэта такое і што адбываецца, але я не ведаю, што гэта такое і што адбываецца».
Цяпер я працягваю шукаць працу па спецыяльнасці. Поспеху — нуль. Але я вельмі радуюся, калі запрашаюць на сумоўі. Для мяне гэта ўжо перамога. Спадзяюся, мне ўдасца атрымаць офер да таго, як скончыцца мая «заначка».
«Офер паступіў з адной кампаніі, і заробак там нізкі — 1500 рублёў»
Алег, .NET-распрацоўшчык:
- узровень і стаж у ІТ: «свой узровень ацэньваю як мідл, стаж 2+ гады»;
- перыяд пошуку: 1+ год;
- геаграфія пошукаў: у Мінску, калі ў Маскве — то на адлегласці;
- дыяпазон зп, на які прэтэндуе: «мінімум 2000 беларускіх рублёў».
- асабістая рамка пошуку, якія крытэры ў адносінах да працадаўцы: «ніякіх крытэраў няма, галоўнае — каб плацілі і сфера бізнэсу мяне цікавіла»;
- які дэдлайн сабе паставіў для пошуку, і што будзе, калі да дэдлайну нічога не знойдзе: «мой дэдлайн — пакуль ёсць запас грошай. Калі скончацца, пайду на „звычайную“ працу. Але ўсё роўна буду імкнецца ў ІТ, я сур’ёзна настроены»;
- колькасць водгукаў: не падлічваў;
- колькасць кампаній, дзе працэс стартаваў — быў хаця б скрынінг-сазвон: «было 3-4 пачатковыя сазвоны»;
- колькасць кампаній, дзе завяршыў поўны цыкл сумоўяў: 1.
- колькасць адмоў vs колькасць офераў, калі былі: колькасць адмоў — 50+, офераў — 2.
— Шукаю працу ўжо больш за год — праглядаю rabota.by, hh.ru і LinkedIn (там рэкруцёры мне нават самі пісалі некалькі разоў).
Было некалькі інтэрв’ю, таксама выканаў некалькі тэставых заданняў. Але офер паступіў з адной кампаніі, і заробак там нізкі — 1500 рублёў.
Яшчэ адная была прапанова — займацца самавыкупамі на маркетплэйсах (гэта калі прадавец выкупляе свой жа ўласны тавар і адвозіць да сябе назад на склад — такім чынам павышаецца рэйтынг тавару і прапампоўваецца «ключ» на маркетплэйсе, то-бок запыт на сайце). Ад праграміста патрабуецца аўтаматызаваць працу ў браўзеры ў шматпатоку ад асобы фэйкавых пакупнікоў з дапамогай спецыяльнага софту ZennoPoster. У кампаніі ёсць некалькі тысяч профіляў на маркетплэйсах, з дапамогай якіх яна займаецца самавыкупамі. Профілі ствараюцца аўтаматызацыяй дзеянняў у браўзеры. Самавыкупы — недазволеная дзейнасць, за яе штрафуюць. Само сабой, я не захацеў гэтым займацца.
У мяне спецыфічны досвед — я не працаваў на заходні рынак, я быў супрацоўнікам у ІТ-аддзеле кампаніі, якая гандлюе на Wildberries і OZON.
Я не пытаўся, чаму не падыходжу ў кампаніі, якія дасылаюць мне адмовы. Здагадваюся, што не заўсёды дацягваю да тэхнічнага стэку ў вакансіях. Адзін раз пасля добра зробленага тэставага мне сказалі, што знайшлі кандыдата лепшага за мяне. Напэўна, так было і ў іншых выпадках.
Я прайшоў 3 стажыроўкі, але таксама не дацягваў па скілах да працаўладкавання. Цяпер хачу пачаць адгукацца на вакансіі для джуноў — але іх мала. Кідаць пошукі не думаю.
На рынку вакансіі ёсць — але канкурэнцыя на іх вялікая. «Сярэднячку», як я, цяжка ўладкавацца.
«5 разоў аказваўся без жытла і цяпер маю больш за 10 000 злотых даўгоў»
Індра (так ён назваўся), распрацоўшчык AI-мадэлi:
- узровень і стаж у IТ: «пачаў вучыць Python пасля 2020 года»;
- перыяд пошукаў: ад таго ж часу;
- геаграфiя пошукаў: у Польшчы ды ЕС;
- дыяпазон зп, на які прэтэндуе: «для мяне прымальна €1500 штомесяц»;
- асабiстая рамка пошукаў, крытэры ў адносiнах да працадаўцы: «было б цудоўна знайсцi бізнэс-анёла, каб пакрыць базавыя патрэбы мяне як істоты і маёй мадэлі»;
- якi дэдлайн паставiў, i што, калi нiчога не знойдзе да гэтага часу: «я ўжо не шукаю працы ў класічным яе сэнсе, бо зарэгістраваў сваю AI-мадэль»;
- колькасць водгукаў: 800+;
- колькасць кампанiй, дзе працэс распачаўся — быў хаця б скрынiнг-сазвон: 2;
- колькасць адмоў vs колькасць офераў, калi былi: 0 офераў, адмова ад EPAM.
— Я жыву ў Кракаве. Маю дыплом інжынера гандлёвых сістэм, працаваў 5 гадоў брэнд-менеджарам. У 2020 годзе я пачаў вучыць Python, спецыялізуючыся на AI-інжынерыі.
Ад таго ж часу распрацоўваю AI-мадэлі для мясцовых брэндаў і актыўна шукаю працу праз платформы NoFluffJobs, Glassdoor, PracujPL, LinkedIn і розныя агенцтвы. Да 2024 года я падаў больш за 800 рэзюмэ, пастаянна паляпшаю яго праз мноства ітэрацый.
Я выканаў два тэставыя заданні — ад адной мясцовай кампаніі і ад польскай EPAM на пасаду AI-распрацоўшчыка. Для EPAM я паспяхова распрацаваў AI-сістэму рэкамендацый для пастаўшчыка аўтамабіляў. Спачатку яны адказалі пазітыўна і планавалі далейшае абмеркаванне заробку (для мяне было прымальна €1500 штомесяц) — але пазней адмовілі.
За час майго жыцця ў Кракаве я 5 разоў аказваўся без жытла і цяпер маю больш за 10 000 злотых (каля 2300 эўра) даўгоў. У гэтым месяцы мне трэба заплаціць 1200 злотых (280 эўра) плюс дэпазіт за арэнду, а таксама 4500 (1050 эўра) — за ратны ровар, на якім я працую кур’ерам. Так, нейкая праца ў мяне ёсць, але даход — слёзы.
Цяпер я ўжо не шукаю працы ў класічным яе сэнсе, бо зарэгістраваў тут сваю AI-мадэль як дзейнасць з магчымасцю хосціць кліентаў на B2B-умовах. У мяне ёсць час да 25-га, але мая мадэль не юзер-фрэндлі, таму я стварыў профіль на Fiverr i шукаю бізнэс-анёлаў, якія змогуць дапамагчы мне аптымізаваць бізнэс-мадэль і палепшыць функцыянальнасць майго праграмнага забеспячэння, каб атрымаць прыбытак на рынку ЕС. Мае MVP і бізнэс-мадэль можна знайсцi тут.
Паводле нашага рэсёрчу, з тых, хто знайшоў працу ў Беларусі, толькі крыху больш як траціне (34%) удалося зрабіць гэта за 1-2 месяцы. Кожны чацвёрты (24%) шукаў працу 3-4 месяцы, кожны 7-ы (14%) — 5-6 месяцаў, у кожнага дзясятага пошукі перавысілі паўгода. Калі вы таксама вельмі доўга шукаеце працу — раскажыце нам пра гэта ў боце.
Читать на dev.by