Акцыі EPAM вырастуць, AI-бурбалка лопне? Айцішнікі самі робяць прагнозы на 2026 (без экспертаў!)
Папрасілі айцішнікаў падзяліцца ўласнымі прагнозамі на 2026: для свету, ІТ, ШІ і асабіста для сябе. Сабралі 60+ мараў і прадказанняў — у асноўным пра ШІ (рознае), вайну і мір (песімістычнае) і праблемы з працай. Публікуем самыя публікабельныя.
Чаго чакаеце ад 2026?
- «ШІ-хайп у сэнсе вялізных моўных мадэляў пройдзе, мэйнстрымам стануць малыя, спецыялізаваныя мадэлі, якія будуць выконвацца на баку кліента».
- «Акцыі EPAM моцна вырастуць».
- «Будзе створана больш ШІ-інструментаў па бяспецы (тэставанне, мадэляванне пагроз, аналіз кода), што прывядзе да скарачэнняў у гэтай сферы».
- «Стаўка ў Штатах не знізіцца прыкметна праз палітыку Трампа, якая не дае інфляцыі запаволіцца, таму не чакаю, што ў ІТ-сферы стане лягчэй/больш працы. ШІ-бурбалцы ў 2026 яшчэ не дадуць лопнуць, хутчэй — у 2027».
- «ШІ-бурбалка здуецца».
- «Паляпшэнне LLM, надзіманне AI-бурбалкі, частыя воблачныя праблемы з-за нізкай якасці згенераванага кода, скарачэнні».
- «Бурбалка AI лопне, інвестары расчаруюцца, але AI застанецца часткай штодзённага жыцця».
- «Спадзяюся, тыя, з-за якіх так узляцелі цэны на камплектуючыя, добра заплоцяць за зробленае. Прагрэс прагрэсам, але ў выпадку з ШІ прынцып „Лес сякуць — трэскі ляцяць“ абсалютна не падыходзіць».
- «GTA стане зноў культурным феноменам пасля выхаду 6-й часткі».
Што б айцішнікі ні думалі пра лёс ШІ-бурбалкі, у сваёй незаменнасці яны ўпэўнены. Песімістаў не больш за чвэрць, большасці ШІ будаваць і жыць дапамагае.
Гэта былі прагнозы. А вось персанальныя мары:
- «[Хачу] вярнуцца дадому, сысці з айці, працаваць у жаданай сферы, пры гэтым не быць без штаноў».
- «Больш CEO будуць выказваць расчараванне тэхналогіямі ШІ-кодынгу».
- «Чакаю, калі спадзе бум на ШІ. Стамілася адмаўляцца ад рэкламы пра яго на ўсіх сайтах, стамілася ад таго, што базавыя рэчы сталі даражэй проста з-за ўбудаванага ШІ, які там не патрэбны. Мару перастаць гадаць, гэта ШІ-відэа ці рэальнае. Хачу бачыць працу жывых людзей».
- «[Хачу] польскі ВНЖ без доўгага чакання. Змяніць працу (падпрацоўкі). Зняць дамок і правесці тыдзень з сям’ёй з Беларусі. Кахання. ШІ будзе расці ў галіне, Google стане новым лідэрам».
І нарэшце — дэталёвы сцэнарый 2026-га:
«У ЗША — рэцэсія, якую Трамп адмаўляе і наносіць „абмежаваны ўдар“ па Венесуэле ў імя барацьбы з наркатрафікам. У Венесуэле пачынаецца „архідэйная рэвалюцыя“. Нягледзячы на поспех аперацыі, рэспубліканцы прайграюць прамежкавыя выбары. Мадура на самалёце з выключанай тэлеметрыяй прызямліцца ў нацыянальным аэрапорце „Мінск“ і проста ля трапа атрымае пашпарт на імя Мікалая Сямёнавіча Нядурава. Вайна ва Украіне спыняецца пры пасярэдніцтве ЗША на кампрамісных умовах. Расія святкуе „вяртанне“ Данбаса ў „родную гавань“, а Украіна рыхтуецца да ўступлення ў ЕС. Французскі замежны легіён адпраўляецца ў дэмілітарызаваную зону ў якасці міратворцаў. Даляр па 3,5 і зноў можна паехаць на цягніку ў Варшаву. У Еўропе рэкордная спёка і мноства ахвяр. У Беларусі каласяцца бахчавыя культуры і рэалізуюцца насельніцтву праз Еўраопт. OpenAI больш не лідар ШІ-гонкі, кампанія робіцца падраздзяленнем Microsoft. Кітай выйграе публічную ШІ-гонку, адначасова запускаючы ў сакрэтнай лабараторыі першы ў свеце агульны штучны інтэлект. Кітайскія ўлады палохаюцца зробленага, і трымаюць інфармацыю ў поўным сакрэце яшчэ тры гады. Мексіка выйграе ЧС па футболе, а SpaceX запускае першы Старшып у бок Марса. Індэкс дранікаў да канца 2026 года вырастае на 34 працэнты, а 24 снежня Іран перакрывае Армузскі праліў. З Новым Годам!»
Паспрабуем вярнуцца да гэтых прадказанняў праз год.
Читать на dev.by