CEO Microsoft заявіў, што Google зарабляе на Windows больш, чым яна сама
Windows — самая папулярная настольная аперацыйная сістэма ў свеце, і лагічна выказаць здагадку, што больш за ўсё грошай яна прыносіць Microsoft як распрацоўшчыку, піша Windows Central. Аднак гендырэктар кампаніі Сацья Надэла ў нядаўнім інтэрв’ю заявіў, што гэта не так.
«Google зарабляе на Windows больш грошай за саму Microsoft. Літаральна. І гэта найлепшая навіна для акцыянераў Microsoft — мы так моцна прайгралі, што зараз можам аспрэчваць гэта і вярнуць частку», — сказаў Надэла.
Таксама ён згадаў пра вайну паміж дзвюма кампаніямі ў пошукавай сферы. Кіраўнік Microsoft прызнаў, што, нягледзячы на перавагу ў распаўсюдзе Windows, у пошуку дамінуе Google. Тое ж самае, паводле яго слоў, тычыцца АІ. Канкуруючыя АІ-інструменты, уключаючы Gemini, ChatGPT, Claude і іншыя, атрымліваюць роўны шанец выкарыстоўвацца юзерамі Windows, хоць Microsoft мае ўласны прадукт — Copilot.
У мінулым Microsoft спрабавала запартнёрыцца з Apple, каб тая абрала Bing у якасці пашукавіка ў сваіх АС. Надэла кажа, што гэта была б «унікальная магчымасць» для Microsoft і што яна была б гатовая плаціць $15 млрд на год за такую ўгоду. У рамках антыманапольнай справы супраць Google Надэла ў мінулым годзе заяўляў, што эксклюзіўная ўгода паміж Google і Apple негатыўна адбіваецца на росце і ахопе Bing.
Google выкладвае велізарныя сумы, каб быць наладжанай па змаўчанні ў Safari. Яе абвінавацілі ў парушэнні антыманапольнага заканадаўства за тое, што яна нібыта заплаціла каля $15 млрд, каб забяспечыць сабе панаванне на пошукавым рынку. У 2021 годзе яна заплаціла $26 млрд, каб яе пашукавік стаяў па змаўчанні на прыладах Apple. У тым жа годзе Apple ледзь не выкупіла Bing у Microsoft, але рэзка адмовілася ад гэтай ідэі, спаслаўшыся на сур’ёзныя праблемы з якасцю пошуку. Таксама Apple выступіла ў абарону Google у антыманапольнай справе.
Тым не менш Надэла сказаў, што быў вельмі рады, калі OpenAI атрымалася дамовіцца з Apple наконт укаранення ChatGPT. Ён дадаў, што гэта найлепшы варыянт для Microsoft, якая з’яўляецца буйным інвестарам OpenAI.
Читать на dev.by