Лукашэнка на ВНС заклікаў арыентаваць айцішнікаў на нацыянальныя праекты. І шмат чаго яшчэ сказаў
Аляксандр Лукашэнка ў сённяшнім пасланні да беларусаў і парламента згадваў тэхналогіі і ІТ-спецыялістаў. БелТА разабрала яго на цытаты.
Палітык загадаў ПВТ жвавей фарміраваць цэнтры распрацовак у Беларусі і аддаваць прыярытэт нацыянальным праектам.
«Ураду і ПВТ трэба больш актыўна фарміраваць цэнтры распрацовак у Беларусі, арыентуючы каманды айцішнікаў перш за ўсё на нацыянальныя праекты», — запатрабаваў ён.
Таксама ён растлумачыў важнасць тэхналагічнага суверэнітэту.
«Тэхналагічны суверэнітэт — я свядома аддаю яму прыярытэт, паколькі нас добра загартаваў досвед так званага супрацоўніцтва з Захадам. Пад рознымі соусамі нас мэтанакіравана і планамерна ставілі ў сітуацыю залежнасці ад заходняга абсталявання і нават дробных камплектуючых», — абураецца Лукашэнка.
Ён заявіў, што дзяржава садзейнічае гэтаму — ад ільгот да ўжо падрыхтаваных вытворчых пляцовак, і што па ўсёй краіне будуць распаўсюджваць тэхнапаркі.
«Адну з такіх унікальных пляцовак мы стварылі на тэрыторыі „Матавела“ — Мінскі гарадскі тэхнапарк. Любы прадпрымальнік можа прыйсці сюды са сваёй бізнес-ідэяй і адкрыць інавацыйную вытворчасць. Будзем пашыраць гэты фармат ва ўсіх рэгіёнах краіны», — прывёў прыклад Лукашэнка. І дадаў, што «асабліва важна ў рэальным сектары павышаць хуткасць укаранення перспектыўных распрацовак».
Яшчэ ён загадаў мабільным аператарам забяспечыць аднолькава стабільную сувязь ва ўсіх населеных пунктах Беларусі.
«Да яе ёсць пытанні па ўсёй краіне. Сямейныя выдаткі на інтэрнэт ужо супастаўныя з іншымі камунальнымі плацяжамі. … Вяду да таго, што пры сваіх немалых даходах мабільныя аператары павінны забяспечыць аднолькава стабільную сувязь у любым населеным пункце. Адгаворкі больш не прымаюцца», — заявіў палітык, таму што «ўсе нарматыўныя акты, якія вы прасілі», ён падпісаў.
Нарэшце, Лукашэнка паставіў задачу нарасціць вытворчасць электратранспарту.
Читать на dev.by