Лукашэнка прапанаваў БДУІР дапамагчы распрацаваць высокадакладную ракету і анансаваў стварэнне беларускага мабільніка
Пра гэта ён сказаў у часе наведвання БДУІР і вывучэння навуковых распрацовак тэхнічных ВНУ, піша БЕЛТА.
Паводле інфармацыі агенцтва, БДУІР у тым ліку працуе сумесна з абаронным сектарам беларускай эканомікі.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці можа ўніверсітэт дапамагчы зрабіць высокадакладную і перашкодаўстойлівую ракету. Рэктар БДУІР Вадзім Богуш паведаміў, што працы ў гэтым кірунку вядуцца.
— Калі вы гэта зробіце, тады я буду лічыць, што вы нездарма хлеб ясце. Усё што трэба прасіце. Мы вам створым усе ўмовы. Але трэба зрабіць ракету перашкодаўстойлівую, — сказаў Лукашэнка.
На сустрэчы са студэнтамі БДУІР Лукашэнка расказаў і пра іншыя планы датычна распрацовак. У прыватнасці, ён заявіў, што ў Беларусі маюць намер распрацаваць айчынны мабільны тэлефон са сваім праграмным забеспячэннем.
— Ёсць дасягненні ў мікраэлектроніцы, нават ноўтбук свой зрабілі, у інфармацыйных тэхналогіях, фармацэўтыцы, біятэхналогіях… І айчынны мабільны тэлефон, пра які шмат-шмат цяпер кажуць, мы таксама зробім. Бо гаджаты сёння, як вы бачылі апошнім часам, ператварылі ў баявую зброю. Гэта ўжо пытанне нацыянальнай бяспекі, — падкрэсліў Лукашэнка.
Акрамя таго, у планах беларускіх уладаў — стварэнне хай-тэк-інкубатараў на базе спецыялізаваных ВНУ.
Читать на dev.by