У Магілёўскай вобласці будуць будаваць майнінг-фермы

Магілёўская вобласць рыхтуе пляцоўкі для будаўніцтва майнінгавых фермаў. Пра гэта заявіў старшыня абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ісачанка.

10 каментарыяў

— У нас у Магілёўскай вобласці ёсць добрыя пляцоўкі з энергетычнымі магутнасцямі, усё неабходнае для таго, каб будаваць дата-цэнтры, майнінгавыя фермы. Было атрымана дабро (ад Аляксандра Лукашэнкі), рыхтуем гэтыя пляцоўкі, каб праводзіць конкурсы, каб заходзіў інвестар і займаўся будаўніцтвам, — распавёў Ісачанка.

У мінулым годзе стала вядома, што з удзелам кітайскіх інвестараў на тэрыторыі Крычаўскага раёна рэалізуецца праект па будаўніцтве першай у вобласці майнінгавай фермы. Кошт толькі першай чаргі, якую плануюць увесці ў эксплуатацыю ў 2025 годзе, складае 190 мільёнаў рублёў.

З улікам наяўнай у раёне энергетычнай інфраструктуры, у тым ліку магутнасцяў трансфарматарнай падстанцыі, Магілёўскі аблвыканкам прапрацоўваў з урадам пытанне будаўніцтва тут новых падобных аб’ектаў.

У пачатку сакавіка Аляксандр Лукашэнка даручыў развіваць у Беларусі майнінг крыптавалют.

— Паглядзіце па гэтым майнінгу. Усё больш людзей да мяне звяртаюцца. Калі нам гэта выгадна, давайце будзем рабіць. У нас ёсць лішкі электраэнергіі. Няхай яны робяць гэту крыптавалюту і гэтак далей. Тым больш вы бачыце, якім шляхам ідзе свет. Асабліва найбуйнейшая эканоміка свету. Яны ўчора абвясцілі, што будуць трымаць (крыптавалюту) у рэзервах, — сказаў Лукашэнка.

Таму, прагназуе ён, попыт на крыптавалюту будзе.

— Ну, можа, і нам самім гэта рабіць. Што мы прыцягваем нейкіх інвестараў, прадаем ім электраэнергію, хаця я гэтага не выключаю. Але трэба самім рабіць. Такія прапановы ёсць. Думаю, што вы пераступіце гэтую бюракратыю і даложыце, што трэба рабіць, — адзначыў Лукашэнка.

У канцы студзеня гэтага года ён заявіў, што ў Беларусі ідзе праца над стварэннем уласнай крыптавалюты.


Читать на dev.by