«Беларускія гульцы губляюць пазіцыі». Як цяпер працуюць маркетплэйсы

Як санкцыі, законапраект аб рэгуляцыі цэн і складанасці з пастаўкамі паўплывалі на працу маркетплэйсаў у Беларусі? Спыталі кампаніі, плюс дазналіся меркавання эксперта ў беларускім рытэйле.

10 каментарыяў

Доля тавараў з Расіі падрасла, а з ЕС знізілася. Што кажуць самі маркетплэйсы

Мы разаслалі лісты некалькім беларускім маркетплэйсам. У прыватнасці, мы хацелі даведацца: ці заўважыў маркетплэйс уплыў санкцый на сваю працу? Ці змяніўся асартымент за апошні год? А што наконт эканамічных паказчыкаў за паўгода 2023-га ў гадавым вылічэнні? Ці заўважылі перамены ў пакупной здольнасці беларусаў?

Адразу скажам, што большасць рэспандэнтаў на ліст не адказала. А тыя, хто адказаў (тым ці іншым спосабам), не раскрылі сваіх эканамічных паказчыкаў.

Вось што паведамілі ў прэс-службе Wildberries:

— Мы назіраем рост цікавасці жыхароў Беларусі да купляння анлайн. Гэта дае ім магчымасць атрымаць доступ да шырокага асартыменту тавараў на платформе па розных цэнах, у тым ліку сацыяльна-значных і тавараў першай неабходнасці: для здароўя, прадукты харчавання ды іншыя. 

Паводле даных аналітычнай службы, за каляндарны год ад мая 2022 г. да мая 2023 г. найбольш актыўна куплялі жыхары, якія пражываюць у Мінску, Гомельскай і Мінскай абласцях, а таксама Брэсцкай і Віцебскай абласцях краіны.

А самымі папулярнымі таварамі, набытымі жыхарамі Беларусі ў аналагічным перыядзе, сталі: аксесуары, ніжняя бялізна, тавары для дома, касметыка і парфумерыя, абутак і вопратка, а таксама прадукты і гаспадарчыя тавары.

Мы таксама назіраем тэндэнцыю актыўнага выхаду беларускіх прадпрымальнікаў у анлайн-сегмент. У 1 квартале 2023 г. агульная колькасць мясцовых прадпрымальнікаў, якія прадаюць свае тавары праз пляцоўку, вырасла ў 1,5 разу год да года да 14,5 тыс. Пры гэтым тавары беларускай вытворчасці становяцца ўсё папулярнейшымі на платформе. Дынамічней за ўсё ў грашовым эквіваленце развіваюцца наступныя катэгорыі: гаспадарчыя тавары, у параўнанні з маем 2022 г. рост продажаў у маі 2023 г. узляцеў на 430% годзе да года, тавары для адпачынку (+964%) і для жывёл (+574%), прадукты (+463%), тавары для садоўніцтва (+480%), мэбля (+284%).

І Kufar расказаў, што адбывалася з анлайн-гандлем і продажамі на платформе ў маі-чэрвені 2023 года, у сваім блогу:

— У сярэднім, калі параўноўваць 2023 і 2022 год, сярэдні чэк вырас на 6,8%. Пры гэтым сярэдні чэк на новыя тавары падрос на 10%, а на б/у — на 4,6%. У катэгорыі Куфар Маркет (толькі новыя тавары, аўто і нерухомасць выключаныя), максімальны чэк у чэрвені быў 3690 рублёў. <> 

Кампаніі сталі прапаноўваць больш тавараў з Кітая і Расіі. Сярод тавараў, якія прапаноўваюць бізнэс-прадаўцы, вырасла доля кітайскай прадукцыі — на 21,4%. Доля тавараў з Расіі падрасла на 3,9%, а з ЕС — наадварот, знізілася на 10,5%.

«Беларускія рытэйлеры будуць вымушаныя саступіць актыўнай экспансіі расійскіх гульцоў»

Якія «чорныя лебедзі» прыляцелі на беларускі рынак e-commerce у 2022-м, і як гэта адбілася на развіцці вядучых гандлёвых пляцовак у 2023-м — пагутарылі з экспертам у беларускім рытэйле (суразмоўца папрасіў не пазначаць ягонага імя).

— Ад сакавіка мінулага года, калі супраць Беларусі і Расіі сталі ўводзіць санкцыі, а брэнды пачалі пакідаць рынак, у інтэрнэт-рытэйлераў і буйных гандлёвых анлайн-пляцовак узніклі праблемы з асартыментам, — кажа ён. — Па-першае, таму, што ўсе лагістычныя ланцужкі прыйшлося перабудоўваць. 

Калі казаць пра катэгорыю «тэхніка і электроніка», то прыйшлося наладжваць пастаўкі ў фармаце «паралельнага» або «шэрага» імпарту. Афіцыйныя каналы былі спыненыя. Большасць буйных брэндаў з гэтай катэгорыі працавалі на беларускі рынак праз прадстаўніцтвы ў Расіі (або мелі там сваю вытворчасць).

Што тычыцца фэшн-сегмента, то тут актывізаваліся расійскія вытворцы, а таксама кітайскія і турэцкія брэнды: на беларускім рынку сталі з’яўляцца новыя гандлёвыя маркі з гэтых краін.

Акрамя санкцый e-commerce сутыкнуўся яшчэ з двума «чорнымі лебедзямі». Прычым на першым этапе гэта закранула толькі беларускія пляцоўкі. 

Першы «лебедзь» — гэта ўвядзенне ад мая 2022-га падатку на рэкламу ў памеры 20%. Найбуйнейшыя маркетплэйсы і анлайн-пляцоўкі выдаткоўваюць досыць вялікія бюджэты на рэкламу ў інтэрнэце па прыцягненні пакупнікоў, і гэты падатак не быў закладзены ў бюджэце на 2022 год. Так што рэкламныя бюджэты былі скарочаныя на суму падатку. На расійскія пляцоўкі гэта не дзейнічала, і, як вынік, яны атрымлівалі дадатковыя бонусы, трафік ды іншае.

І другі «чорны лебедзь» — пастанова № 713 пра рэгуляванне цэн. Гэта таксама ўдарыла перш за ўсё па беларускіх рэзідэнтах. Сэлеры, якія гандлююць на расійскіх пляцоўках, наогул могуць знаходзіцца ў іншай краіне, дапусцім, у Казахстане, і таму не трапляюць пад рэгуляванне.

З часам дзяржорганы адрэгулявалі сітуацыю, але на этапе ўвядзення гэтых абмежаванняў у першую чаргу цярпелі беларускія пляцоўкі.

У выніку атрымліваецца, што беларускія анлайн-гульцы паступова губляюць свае пазіцыі. Напрыклад, раней украінская кампанія EVO (prom.ua) актыўна развівала беларускі рынак Deal.by. Але нядаўна яны выйшлі са складу, і цяпер Deal.by стаў чыста беларускай кампаніяй.

«Каталог Анлайнер» быў у трэндзе, як маркетплэйс актыўна развіваў свае сэрвісы ды іншае. Але яны, на маю думку, не змаглі канкураваць з фінансавага пункту гледжання з OZON і Wildberries — бо абароты і маштабы кампаній проста несупастаўныя. 

OZON адкрыў сартавальны цэнтр і лагістычны хаб у Мінску. У Wildberries у Беларусі — ужо тры лагістычныя аб’екты. Плюс падобныя маркетплэйсы робяцца як бы «сістэмай у сістэме». Гэтая тэндэнцыя даўно праявілася на Amazon і Польскім Allegro — яны развіваюць уласныя пошукавыя сістэмы, свае сэрвісы кантэкстнай рэкламы, таргетавання і гэтак далей, і сваім функцыяналам ужо нагадваюць тое, што мае Google.

— Які маркетплэйс цяпер самы папулярны ў Беларусі?

— На сёння гэта Wildberries. Хоць ён у асноўным пра фэшн, але на пляцоўцы хапае і негабарытных тавараў, той жа тэхнікі. Яго даганяе OZON — дзякуючы велізарным інвестыцыям у лагістычныя цэнтры ў Беларусі і Расіі. 

Абодва маркетплэйсы аб’ядналі розныя рэгіёны. То-бок там акрамя Расіі і Беларусі ёсць і Казахстан, і Арменія, і Узбекістан. Умоўна, любы прадавец з Узбекістана можа прадаваць праз Wildberries свой тавар у Беларусі. І наадварот, беларусы могуць прадаваць свае тавары ў любой краіне, дзе ёсць гэты маркетплэйс.

Чаго не скажаш пра нашых беларусаў. Бо яны заточаныя выключна пад лакальны рынак. І тут яны прайграюць: абароты не супастаўныя — і па колькасці сэлераў, і па колькасці продажных транзакцый. Усе беларускія маркетплэйсы з’яўляюцца чыста беларускімі юрыдычнымі асобамі. У іх няма замежных інвестараў або партнёраў, якія маглі б у іх укласціся. Напрыклад, той жа 21vek даўно шукае сабе пакупніка — і ў сённяшняй сітуацыі зразумела, што іх ніхто не купіць. 

Разам з тым некаторым беларускім маркетплэйсам ужо давялося пайсці шляхам расійскіх пляцовак. Так, Oz.by, які пакуль не лічыцца маркетплэйсам, абвясціў, што будзе развіваць сетку пунктаў выдачы заказаў у густанаселеных раёнах Мінска. І ў 21vek-а актыўна ідзе і дастаўка, і пункты выдачы заказаў. Яны ўжо заптымізаваліся. 

Вельмі добра сябе паказвае на рынку «5 элемент» — і з пункта гледжання дастаўкі, і асартыменту, і прасоўвання, і прысутнасці ў інтэрнэце.  Калі раней там была толькі тэхніка і электроніка, то цяпер на пляцоўцы можна купіць нават дрэваапрацоўчыя станкі.

— Што будзе з беларускімі маркетплэйсамі ў будучыні?

— Лёс беларускіх рытэйлераў складаны. Не скажу, што ўсё дрэнна, яны ўсё роўна будуць займаць нейкую долю рынку. Але будуць вымушаныя саступіць актыўнай экспансіі расійскіх гульцоў — праз тое, што ў апошніх больш рэсурсу і больш укладанняў капіталу ў лагістыку. У e-commerce вельмі важная аптымізацыя на ўсіх этапах — ад фармавання асартыменту і прыцягнення пакупніка да дастаўкі ўжо гатовай прадукцыі. Лагістыка нябачная, але патрабуе вельмі вялікіх інвестыцый, і тыя, хто будзе яе развіваць, выйграюць. А расійцы ў гэта ўкладваюцца вельмі шчыльна.

Сегмент рытэйлу будзе расці. На колькі? Думаю, у сярэднім на 15-20% на год. Усе ключавыя гульцы рынку пры канцы мінулага года агучвалі двухзначныя лічбы росту абаротаў. 

У цэлым рынак вырас на 20-25% — праз тое, што расійскія кампаніі вельмі актыўныя, — і будзе і далей расці на 20% на год. Тым больш што 2022-ы быў самым няўдалым — з усімі гэтымі «лебедзямі». Але ў 2023-ім гульцы ўжо адаптавалі свае працэсы, вырашылі пытанні з падаткамі і цэнавымі абмежаваннямі і наладзілі пастаўку. Але ўсё роўна расійскія пляцоўкі, хутчэй за ўсё, будуць расці хутчэйшымі тэмпамі, ніж беларускія.


dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.

У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. 

Дапамагчы нам можна праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут гаманцы.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

Какие подарки от компаний айтишники перепродают на барахолке
Па тэме
Какие подарки от компаний айтишники перепродают на барахолке




Читать на dev.by