Маск прыдумаў, як будзе ратаваць Tesla, і папрасіў супрацоўнікаў не прадаваць акцыі
На агульным сходзе Tesla ў Тэхасе у мінулы чацвер гендырэктар кампаніі Ілан Маск выступіў перад супрацоўнікамі. Ён заклікаў іх прытрымаць акцыі (якія з снежня патаннелі ўдвая) і паабяцаў, што палепшыць сітуацыю вытворцу электракараў дапамогуць два іншыя прадукты — робатаксі і гуманоідны робат, піша The Verge.
Ад тэмы падзення біржавых каціровак Маск ухіліўся. Але ён зноў загаварыў пра тое, што софт для беспілотнага кіравання Tesla будзе выкарыстоўвацца не толькі ў сістэме дапамогі кіроўцу, але і ў сэрвісе аўтаномных таксі Cybercab і робатах-гуманоідах Optimus. Дзякуючы гэтаму, паводле слоў мільярдэра, рынкавая капіталізацыя кампаніі ўзляціць да нябачных вышынь, бо софт Tesla «настолькі добры і з ім не параўнаецца нічога», што было створана раней. Маск дадаў, што ўжо ў гэтым годзе кампанія можа выпусціць каля 5 тысяч робатаў Optimus, а ў наступным — у 10 разоў больш.
Што да Cybercab, Маск паведаміў, што кампанія працуе над «рэвалюцыйным вытворчым працэсам», які дазволіць збіраць робатаксі «менш чым за 5 секунд», як на высокахуткаснай лініі па вытворчасці спажывецкай электронікі. Tesla прэзентавала робатаксі Cybercab летась. Іх кошт складзе $30 тысяч, і ў продаж яны паступяць да 2026 года.
Цікава, што звычайна такія мітынгі праходзяць удзень, але гэтым разам Маск правёў яго раптоўна ўвечары. Падаецца, ён адчувае ціск з боку аналітыкаў рынку, якія ўсё больш крытыкуюць яго захапленне палітыкай і выказваюць занепакоенасць будучыняй Tesla. «У мяне 17 прац», — заявіў бізнесмен на сустрэчы.
Читать на dev.by