Масавае звальненне наадварот: больш за 5 тысяч супрацоўнікаў хочуць сысці з SAP
Нямецкі софтверны распрацоўшчык SAP рыхтуецца да рэструктурызацыі і прапаноўвае вельмі павабныя ўмовы тым, хто пакіне кампанію. Ахвотных выявілася значна больш, чым планавалася, але адпусцяць не ўсіх.
Паводле выдання Handelsblatt, да праграмы выплаты выхадной дапамогі і датэрміновага выхаду на пенсію далучылася каля 5300 супрацоўнікаў SAP. Гэта ўдвая больш за тыя 2600 пазіцый, якія кампанія першапачаткова збіралася скараціць у Германіі.
Прадстаўнік SAP адмовіўся каментаваць лічбы, але сказаў, што вакол абедзвюх праграм, «як і чакалася», склаўся вялікі ажыятаж. Але сысці дазволяць толькі частцы ахвотных, паколькі кампанія не хоча губляць каштоўных дасведчаных кадраў.
SAP задумала рэарганізацыю, каб падбудавацца пад насталую эру штучнага інтэлекту. Агулам гэтая ініцыятыва закране прыкладна 8 тысяч з больш як 105 тысяч яе супрацоўнікаў. Але дзякуючы адкрыццю новых пазіцый у напрамках, арыентаваных на светлую будучыню, агульная колькасць штату SAP не зменіцца.
У красавіку фіндырэктар кампаніі Дамінік Асам агучыў сумневы ў тым, што прадугледжаныя для гэтай мэты €2,2 млрд пакрыюць выніковыя выдаткі. Гэта будзе залежаць ад таго, колькі супрацоўнікаў дамовяцца аб атрыманні выхадной дапамогі.
Читать на dev.by