«Цяпер найлепшы час, каб пачынаць стартап». Пра што Юрый Мельнічак размаўляў з кам'юніці ў Варшаве?
4 верасня ў Варшаве DZ CLUB арганізаваў сустрэчу мясцовага ІТ-кам’юніці з Юрыем Мельнічкам. Гутарылі пра інвестыцыі ў крызіс, дэглабалізацыю, перспектывы АІ і многае іншае. Выбралі самае цікавае.
Дарэчы, ужо ў найбліжэйшы чацвер, 19 верасня, у DZ CLUB сустрэча з Арсенем Краўчанкам — адным з галоўных беларускіх спецыялістаў у галіне AI. Падрабязнасці тут.
Юрый Мельнічак — тэхналагічны прадпрымальнік, венчурны капіталіст, адзін з першых інвестараў Vochi (набыты кампаніяй Pinterest), заснавальнік праектаў maps.me (набыты Mail.Ru), AIMATTER (набыты Google), Rainbow.ai, Doctorina, а таксама інвестыцыйнай фірмы Melnichek.Investments (Gero, NaNotics, Daedalean).
Як рабіць стартапы, калі венчур у крызісе
Спойлер: без грошай.
— Венчурныя фонды, хоць і скараціліся напалову, усё ж засталіся. І праекты, якія хутка растуць па важных метрыках, грошы атрымаюць.
Але цяпер час стартапаў, якія развіваюцца не на вялікіх венчурных грошах, а на грошах заснавальнікаў альбо на значна меншых грошах інвестараў, зрэшты, першы час.
Дзякуючы LLM (Large Language Model — dev.by) і AI рабіць стартапы стала танней. Маленькімі камандамі можна дасягаць ашаламляльных вынікаў, якія яшчэ два гады таму былі немагчымыя. Да таго ж Microsoft, Google, Amazon па-ранейшаму даюць вялікія крэдыты на выкарыстанне сваіх хостынгаў. На іх цалкам можна пабудаваць proof of concept. На маштабаванне можа не хапіць, але прататып можна зрабіць самому практычна без бюджэту.
Грошы грашыма, але з’явілася чароўная скрыначка з «джынам», якому можна загадваць жаданні. Праўда, як і ў казках, джын не заўсёды робіць роўна тое, што ты просіш. І ёсць праблема, як абараніцца ад капіявання. Але магчымасці ўсё роўна каласальныя. Найлепшы час, каб пачаць стартап.
Што важней для стартапа — выручка або рост?
— Залежыць ад інвестараў. Але ў цэлым у цяжкія часы ўсе схіляюцца да выручкі, юо на яе можна выжыць. Але ёсць інвестары, якім цікавы рост.
Пра дэглабалізацыю як перашкоду стартапам
— Зразумела, што свет стаў фрагментавацца: Кітай — асобны рэгіён, Расія — асобны, Захад — асобны. Магчыма, нават Еўропа пачынае аддзяляцца ад Амерыкі. Але мне ўсё роўна сімпатычная ідэя рабіць праекты адразу на ўвесь свет: лакалізаваць рашэнне пад іншыя мовы і краіны лягчэй, чым з нуля вырашыць задачу.
Пра выбары ў ЗША
Спойлер: Мельнічак за Трампа (прынамсі, пакуль альтэрнатывай быў Байдэн)
— Я вельмі спадзяюся, што ў ЗША зменіцца ўлада, іх эканамічная палітыка, і праз год свет вернецца да ранейшага эканамічнага росту. Гэта маё wishful thinking.
Лічу, што пры Трампе эканамічная сітуацыя ў Амерыцы была лепшай. І калі Трамп пераможа, яна стане лепшай. Байдэн прапаноўваў увесці суперпадатак для багатых, прычым у іх лік трапілі б нават праграмісты Google. Гэты падатак выклікаў бы яшчэ большы адток капіталу з ЗША, і гэта прывяло б да яшчэ большага эканамічнага спаду.
Думаю, што ў выніку пераможа нешта разумнае. І калі пачнецца новы эканамічны цыкл, эканоміка нарэшце вернецца да росту.
Пра закрытасць сістэм
— Калісьці была ідэя адкрытага вэбу: усё, што мы выкладваем у інтэрнэце, належыць чалавецтву. Гэта спарадзіла шмат новых бізнэсаў, у тым ліку Google як пашукавік па адкрытым інтэрнэце. І гэта шмат у чым спарадзіла бягучы AI, які быў натрэніраваны на адкрытым інтэрнэце.
Калі б не было адкрытага вэбу, то ніякага б AI не было. У гэтым сэнсе мяне хвалюе, што бягучыя сістэмы будуюцца як закрытыя. Facebook нельга кроўліць, нельга натрэніраваць што-небудзь на фэйсбучных пастах. Telegram таксама неадкрытая сістэма, праз гэта няма глебы для росту кампаній, якія стануць будучымі «гугламі».
Аднак ёсць чароўны AI, з якім проста будаваць прадукт. Open AI натрэніравала мадэль, і цяпер з імі судзяцца ўсе каму не лянота. Але іншыя дыстылююць мадэль Open AI. Яны задаюць ChatGPT пытанні, атрымліваюць адказы і на іх натрэніроўваюць сваю маленькую мадэль. Такім чынам Open AI абараняе іх ад судоў.
Пра разрыў кампаній з Беларуссю
Чаму стартап родам з Беларусі раптам становіцца «літоўскім аднарогам» і чаму сам Мельнічак не хавае сваёй сувязі з Беларуссю
— Бо калі ты называешся беларускім аднарогам, то ў цябе рог спілоўваюць (смех у зале). Мультыплікатар да ацэнкі адразу становіцца ніжэйшым.
Адная справа я, і іншая справа — кампанія. Я проста не разумею, як гэта [беларускае паходжанне] можна схаваць. Кампаніі прасцей: можна перавезці офіс, супрацоўнікаў, інтэлектуальную ўласнасць і сказаць, што мы — тутэйшыя. Нацыянальная прыналежнасць людзей значэння не мае.
Але калі ты рыхтуешся прыцягваць вялікія замежныя інвестыцыі або рыхтуешся выходзіць на IPO, дзе будзе шмат кваліфікаваных інвестараў, то чым менш у цябе сувязяў з тым, што зніжае ацэнку, тым лепш. EPAM жа таксама не пазіцыянуе сябе як беларуская кампанія. Проста цяпер усе бачаць у гэтым рызыкі. І гэта ў момант адбіваецца на кошце, асабліва калі кампанія публічная.
Я да гэтага [утойвання беларускіх каранёў] стаўлюся так: сам не хаваю, але зусім не асуджаю тых, хто хавае. Зразумела, чаму яны гэта робяць. Ці ўплывае гэта неяк на Беларусь, стан яе эканомікі ці палітыкі? Наогул не ўплывае.
Нацыянальная ідэнтычнасць для мяне не першая і не галоўная. Я хутчэй чалавек, чым беларус.
Пра ахаладжэнне Польшчы да беларусаў
(адмену PBH і вось гэта ўсё)
З Беларусі кампаніяй ужо так проста не пераехаць. Але і патрэбы такой ужо, напэўна, няма. У нас у Польшчы ёсць кампанія з фаўндарам і супрацоўнікамі з Беларусі, і нейкага прыгнёту мы не адчуваем.
Калі ўмовы стануць дрэннымі, то будзем будаваць кампанію не ў Польшчы. Ёсць яшчэ Германія, Кіпр, Англія, краіны Азіі. У мяне кампанія (гаворка, відаць, пра стартап Gero — dev.by) пераехала ў Сінгапур.
Зразумела, што Польшча — суперблізкая і зразумелая для нас культура, пераехаць сюды камфортней за ўсё. Выбар краін звузіўся, але яшчэ ёсць. Аднак пакуль я не адчуў негатыўнага стаўлення тут ні да сябе асабіста, ні ў плане бізнэсу. Калі будзе некамфортна, паедуць далей.
Ёсць людзі, і ёсць дзяржавы. Мне здаецца правільным, каб людзі ставілі дзяржавы ў пазіцыю канкурэнцыі. Прапануйце мне ўмовы, і калі вы мне падыходзіце па культуры, палітыцы, эканоміцы, вайбу, я паеду да вас. Калі вы сапсуецеся, я паеду ў іншае месца. Гэтая тая сіла, якая будзе рабіць дзяржавы прыдатнейшымі для жыцця.
Футуралогія
Што калі AI стрэліць, з’явіцца AGI (Artificial General Intelligence) і пазбавіць людзей працы? Што будзе са светам? А з праграмістамі?
— Паглядзім. Робататэхніка моцна адстае ад AI. Калі ў вобласці AI задаюцца пытаннем, ці зможа чалавек адрозніць карцінку, зробленую генератыўнай сеткай, ад фатаграфіі або карціны мастака, то ў робататэхніцы ўсё яшчэ актуальная задача для робата ўставіць ключ у дзвярны замок, павярнуць і адкрыць дзверы. Гэта ўжо магчыма, але далёка ад гэтага робататэхніка не сышла. Так што рабочыя спецыяльнасці пакуль яшчэ ў бяспецы.
Для мяне цяпер галоўнае — тыя новыя магчымасці, якія дазваляюць зрабіць свой бізнэс. Ніколі не было лепшых магчымасцяў.
— А калі ўсё ж з’яўляецца мадэль, якая спраўляецца з масай задач лепш за чалавека?
— Пойдзем жыць у віртуальную рэальнасць, будзем гуляць у камп’ютарныя гулькі, займацца творчасцю.
— А адкуль будуць грошы?
— Грошы ж забяспечаныя эканамічнай дзейнасцю. Калі мадэль заменіць сабой эканамічную дзейнасць, то апошнюю будзе прасцей маштабаваць.
— Ты казаў, што цяпер не так важнае ўменне ствараць прадукты, як разумець, што трэба рабіць.
— Ну так. Калі раней без праграмістаў было зусім немагчыма стварыць ІТ-прадукт, цяпер крыва-коса, але ўсё ж такі можна, то далей гэты бар’ер будзе толькі разбурацца. Нават сярод маіх знаёмых ёсць людзі, якія праграмуюць з дапамогай Anthropic: кажуць яму, што зрабіць, капіпасцяць код, потым глядзяць на памылкі.
Калі раней стартапу быў патрэбны тэхнічны фаўндар, які набіраў праграмістаў, то цяпер прадукцыйнасць працы праграміста вырасла і сталі важнейшымі яго бізнэсовыя і прадуктовыя кампетэнцыі. Мяне, напэўна, захэйцяць за гэта.
— Значыць, прафесія праграміста можа знікнуць?
— Не ў найбліжэйшыя некалькі гадоў. Але патрэба ў праграмістах будзе зніжацца.
— У якую ж прафесію світчыцца?
— Сёлета гэта промпт-інжынер. Можна за тыдзень навучыцца фармуляваць запыты і далей тварыць магію. Можна зрабіць кучу прадуктаў, калі навучыцца правільна пісаць промпты і на скотчы зматаць некалькі кампанентаў.
На доўгім адрэзку карціна такая: калісьці былі сямейныя бізнэсы [якія перадаваліся па спадчыне], потым яны сышлі, але чалавек стаў выбіраць прафесію на ўсё жыццё. Цяпер людзі мяняюць прафесію на працягу жыцця, і далей гэты трэнд будзе толькі ўзмацняцца.
У адным стартапе ў нас раней была канцэпцыя: нам патрэбныя людзі, якія добра робяць тое, чаго раней ніколі не рабілі. Гэта добры базавы навык. З ім не прападзеш.
Што будзе пасля AI
Біятэх
— Я вялікі фанат біятэху. Там шмат задач, якія трэба вырашыць. Штука, якая вырашыць праблему старэння, стане супердарагой кампаніяй, таму што створыць велізарны цэнз свету.
ДНК — гэта таксама праграмны код. Калі мы навучымся на ім праграмаваць, нам адкрыюцца шляхі да спынення старэння, адмену хвароб, удасканалення сябе. Магчыма, адбудзецца нейкае зрошчванне людзей з камп’ютарамі.
Нас 8 млрд чалавек, і толькі 50 млн памрэ не праз старэнне, а астатнія — праз старэнне. Праз старэнне цяпер памірае больш людзей, чым дыктатары забілі за ўсю гісторыю чалавецтва. Калі лічыць жыцці, то гэта [старэнне] самая важная праблема, на фоне якой нішто практычна не важнае.
Сучасны навуковы рэсёрч паказвае, што можна хутчэй не затармазіць старасць, а расцягнуць дарослы век, перыяд прадукцыйнага жыцця, пакуль лядашчасць яшчэ не наступіла, і далей — калі даляцець да суседніх планет, то па-за межамі нашай зорнай сістэмы можна жыць нашмат даўжэй.
— А хто пенсіі будзе плаціць?
— Робаты ж будуць працаваць.
— А рэсурсаў хопіць?
— Важныя ж толькі матэрыя і энергія. І таго, і іншага на планеце супершмат. «Тэрмаядзерны рэактар» пад бокам, генеруе энергію і нам яе дасылае, пытанне толькі ў нашай магчымасці ўсё апрацоўваць.
— Нават калі чалавек застаецца ў прадуктцыйным стане, ментальна ён жа ўсё роўна састарваецца. Ён можа стаць не вельмі прыемным чалавекам.
— Гэта цікавае пытанне, наколькі людзі захрасаюць праз старэнне мозга, а наколькі праз тое, што ўкараніліся ў сваёй сістэме. Я не бачу праблемы [у тым, што людзі жывуць нашмат даўжэй], я хацеў бы, каб мае бацькі пражылі даўжэй, вялікія навукоўцы пражылі даўжэй, дый наогул каб людзі жылі даўжэй.
Мне здаецца, тады людзі перастануць жыць па прынцыпе «пасля нас хоць патоп», і глабальныя праблемы будуць лягчэй вырашацца.
— А ты сам нешта ўжываеш супраць старэння?
— Наогул нічога. (Смех у зале). Я дачакаюся цяжкай фармакалогіі. Думаю, яна з’явіцца цягам найбліжэйшых 20 гадоў. Калі на працягу гэтых 20 гадоў не атрымаць першай хваробы, якой азнаменоўваецца старасць (рак, дыябет 2-га тыпу і г. д.), то з’явяцца вельмі добрыя шанцы дажыць да моманту, калі жыццё будзе падаўжацца хутчэй, чым скарачацца.
Таму цяпер трэба прыкласці намаганні, каб не атрымаць узроставую хваробу.
Пацешны факт: храсткі растуць увесь час. Нават калі спыніць старэнне, нос і вушы працягнуць расці. Трэба будуць наступныя лекі, якое спыніць гэты рост.
— З якой верагоднасцю мы дажывем да 100 гадоў?
— Большая частка людзей тут памрэ ва ўзросце 100+. Калі толькі не ўсе мы адразу (калі не здарыцца атамнай вайны).
Дзе Мельнічак трымае грошы
— Аблігацыі не па мне, гэта нізкадаходная рэч. На рынку акцый верасень, кажуць, самы дрэнны месяц у годзе. А далей будуць нейкія палітычныя ўзрушэнні — пакуль незразумела, хто прыйдзе да ўлады ў ЗША.
Пакуль працэнтныя стаўкі высокія, я проста паклаў грошы ў банк на дэпазіт, і мне добра.
Гэта тыднёвыя дэпазіты, то-бок максімальны час разблакоўкі грошай — тыдзень.
Читать на dev.by