Meta паказала AR-акуляры, якія вымяраюць сэрцабіцце
Кампанія паказала Aria Gen 2, новае пакаленне AR-акуляраў для даследаванняў, якія маюць пашыраныя магчымасці, уключаючы вымярэнне пульсу, палепшаны набор датчыкаў і спецыялізаваны чып ад Meta.
Aria Gen 2 выпушчаны праз пяць гадоў пасля першага пакалення Aria і прапаноўваюць шэраг значных паляпшэнняў. Абноўлены набор датчыкаў уключае датчык PPG для вымярэння частоты сардэчных скарачэнняў і кантактны мікрафон для адрознівання голасу карыстальніка ад галасоў навакольных.
Гэтыя акуляры аснашчаныя каляровай RGB-камерай, некалькімі камерамі для адсочвання рухаў у прасторы і напрамку погляду, а таксама ўбудаванымі мікрафонамі, якія ствараюць аб’ёмны гук. У іх таксама ёсць датчыкі руху, барометр для вымярэння вышыні і модуль спадарожнікавай навігацыі.
Акуляры важаць усяго 75 грамаў і могуць працаваць без падзарадкі ад шасці да васьмі гадзін. Акрамя таго, яны аснашчаныя адкрытымі навушнікамі з функцыяй шумапрыглушэння, што дазваляе камфортна слухаць гук, не ізалюючы карыстальніка ад навакольнага асяроддзя.
Aria Gen 2 распрацаваныя для выкарыстання ў даследчых лабараторыях, як у акадэмічнай, так і ў камерцыйнай сферах. Прылада аснашчаная спецыялізаваным чыпам Meta, які дазваляе выконваць SLAM-навігацыю, адсочваць рухі вачэй і рук, а таксама распазнаваць маўленне проста на акулярах, без неабходнасці падключэння да вонкавых прылад.
Адным з першых тэсціроўшчыкаў прылады стала кампанія Envision, якая распрацоўвае тэхналогіі для людзей з парушэннямі зроку. Яны выкарыстоўваюць Aria Gen 2 для стварэння рашэнняў, якія паляпшаюць навігацыю ў памяшканнях, уключаючы інтэграцыю галасавога памочніка Ally AI і прасторавага аўдыя.
Читать на dev.by