Паміж адкрытым кодам і камерцыйнай ліцэнзіяй: кампанія прасоўвае Fair Source
Sentry займаецца распрацоўкай платформы для маніторынгу прадукцыйнасці праграм і ацэньваецца ў $3 млрд. Кампанія стала адной з першых, што перайшлі на новы фармат ліцэнзавання, нароўні з GitButler — інструментам для распрацоўшчыкаў ад сузаснавальніка GitHub. Новы падыход дазваляе кампаніям дзяліцца кодам, але захоўваць абарону камерцыйных інтарэсаў, што асабліва актуальна ва ўмовах росту папулярнасці адкрытых тэхналогій, якія часта не забяспечваюць дастатковай фінансавай устойлівасці.
У Sentry заявілі, што open source не з’яўляецца бізнэс-мадэллю, а толькі спосабам распаўсюджвання софту. На думку сэрвісу, абмежаванні, звязаныя з оўпэнсорсным ліцэнзаваннем, ставяць кампаніі ў жорсткія рамкі, не дазваляючы ім развівацца камерцыйна. Апошнім часам шматлікія кампаніі адмовіліся ад цалкам адкрытых ліцэнзій на карысць стражэйшых абмежаванняў, капілэфту, каб абараніць сваю інтэлектуальную ўласнасць.
Канцэпцыя fair source прапаноўвае новы падыход да ліцэнзавання софту, які спалучае элементы адкрытага і прапрыетарнага кода. Ён быў распрацаваны для таго, каб даць кампаніям гнуткасць у кіраванні іх зыходным кодам, застаючыся ў межах адкрытага софту, але без неабходнасці прытрымлівацца строгіх патрабаванняў традыцыйных оўпэнсорсных ліцэнзій.
Асноўная ідэя fair source палягае ў тым, каб дазволіць кампаніям дзяліцца сваім кодам з супольнасцю, даючы карыстальнікам магчымасць чытаць, змяняць і выкарыстоўваць яго з мінімальнымі абмежаваннямі. Аднак пры гэтым захоўваецца абарона ад нядобрасумленнага выкарыстання кода для стварэння канкуруючых прадуктаў, што абараняе камерцыйныя інтарэсы кампаніі.
Адной з ключавых асаблівасцяў fair source з’яўляецца ўмова адкладзенай публікацыі зыходнага кода, так званая Delayed Open Source Publication (DOSP). То-бок па сканчэнні пэўнага часу код становіцца цалкам адкрытым. Напрыклад, для функцыянальнай ліцэнзіі Sentry (Functional Source License, FSL) гэты перыяд складае 2 гады, а для бізнэс-ліцэнзіі Business Source License (BUSL) — 4 гады.
Новы падыход выклікае цікавасць у кампаній, але эксперты папярэджваюць аб магчымых юрыдычных праблемах. Тэрмін «мінімальныя абмежаванні» можа стаць прычынай рознагалоссяў праз расплывістую трактоўку. Тым не менш прыхільнікі fair source лічаць, што гэта дазволіць стартапам абараняць свае інвестыцыі, захоўваючы свабоду для карыстальнікаў.
Пакуль ініцыятыву падтрымалі некалькі кампаній, а далейшае развіццё мадэлі будзе залежаць ад рэакцыі супольнасці і поспеху ранніх прыкладаў выкарыстання.
Читать на dev.by