МЗС Польшчы паабяцаў вырашыць праблемы з выдачай гуманітарных віз беларусам да наступнага года
У Міністэрстве замежных спраў Польшчы паабяцалі вырашыць праблемы з выдачай гуманітарных віз да I квартала 2026 года, паведамляюць беларускія інтэрнэт-крыніцы. Плануецца спрасціць працэдуру іх атрымання і прадухіліць выкарыстанне не па прызначэнні. Пра гэта заявіла намесніца кіраўніка польскага МЗС Хенрыка Мосьціцка-Дэндзіс на пасяджэнні Працоўнай групы па супрацоўніцтве з НДА пры Камісіі па міграцыі ў Варшаве.
У групу ўваходзяць больш за 20 прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і дзяржаўных структур. Яны абмяркоўвалі план па імплементацыі Міграцыйнай стратэгіі Польшчы на 2025–2030 гады ў заканадаўства і практыку дзяржаўных органаў.
Былі разгледжаны 26 пунктаў плана. Ключавымі для беларусаў сталі:
- распрацоўка сістэмы збору і аналізу міграцыйных дадзеных: польскія органы прызнаюць адсутнасць цэнтралізаванай і якаснай сістэмы;
- стварэнне новага падыходу да селектыўнай візавай палітыкі да 2027 года, каб знайсці баланс паміж адкрытасцю і прадухіленнем злоўжыванняў.
Таксама абмяркоўваліся:
- распрацоўка рэкамендацый па забеспячэнні доступу замежнікаў да сістэмы аховы здароўя да канца 2025 года;
- завяршэнне лічбавізацыі працэсаў разгляду заяў на легалізацыю — таксама да канца 2025 года;
- стварэнне новых мадэляў набору замежнікаў для навучання і навуковых даследаванняў у Польшчы з мэтай захавання якасці адукацыі і ўнутранай бяспекі.
Намеснік міністра навукі і вышэйшай адукацыі Анджэй Шэптыцкі адзначыў, што Польшча зацікаўленая ў прытоку перспектыўных студэнтаў і выбітных навукоўцаў, але доўгае чаканне віз стварае сур’ёзныя перашкоды для рэалізацыі гэтага падыходу. Сітуацыя, паводле яго слоў, павінна палепшыцца, у тым ліку для студэнтаў з Беларусі.
Читать на dev.by