Midjourney прэзентавала свой першы генератар відэа
Стартап абвясціў пра запуск сваёй першай відэамадэлі V1. Новы сэрвіс дазваляе ператвараць статычныя выявы ў кароткія анімацыйныя відэаролікі.
V1 працуе па прынцыпе image-to-video: карыстальнікі могуць загрузіць выяву ці выбраць згенераваную карцінку ўнутры Midjourney, пасля чаго сістэма створыць чатыры анімаваныя кліпы па пяць секунд кожны. Даўжыня відэа можа быць падоўжана да 20 секунд. Варыянты анімацыі ўключаюць аўтаматычны рух і ручную наладку з дапамогай тэкставых апісанняў. Даступныя рэжымы з нізкай і высокай дынамікай.
На старце V1 даступна толькі праз Discord у вэб-версіі. Генерацыя відэа абыдзецца прыкладна ў восем разоў даражэй, чым выява, што, па заяве кампаніі, тлумачыцца вылічальнай складанасцю. Пры гэтым падпісчыкі базавага тарыфу ($10 у месяц) змогуць пратэставаць функцыю, а карыстальнікі больш дарагіх планаў атрымаюць доступ да «павольнага» рэжыму генерацыі з неабмежаванай колькасцю запытаў.
Midjourney пазіцыянуе сваю відэамадэль як інструмент для крэатыўных эксперыментаў, а не выключна камерцыйных задач. Генеральны дырэктар кампаніі Дэвід Хольц заявіў, што V1 — гэта «тэхнічны крок» на шляху да стварэння ШІ-сістэм, здольных у будучыні ўзнаўляць сімуляцыі рэальнага часу і паўнавартасныя віртуальныя светы.
Тым не менш, запуск V1 адбыўся на фоне судовага пазову, пададзенага супраць кампаніі кінастудыямі Disney i Universal. Студыі абвінавачваюць Midjourney ў парушэнні аўтарскіх правоў, сцвярджаючы, што выявы, створаныя яе мадэлямі, узнаўляюць абароненых персанажаў, уключаючы герояў франшыз Marvel, Star Wars і The Simpsons. Па ацэнцы пазаўнікоў, у 2024 годзе Midjourney зарабіла $300 мільёнаў, абслугоўваючы каля 21 мільёна карыстальнікаў. У адказ на абвінавачванні кампанія пакуль не выступіла з афіцыйнай заявай.
V1 пакуль саступае па функцыянальнасці некаторым канкурэнтам — у прыватнасці, яна не падтрымлівае гук і складанае рэдагаванне. Аднак кампанія ўжо заявіла аб планах па пашырэнні магчымасцей мадэлі.
Читать на dev.by