Міліцыя затрымала 10+ чалавек на мяжы з Польшчай. У тым ліку за продаж чаргі
МУС дало справаздачу пра навядзенне парадку каля пункта пропуску «Брэст» («Варшаўскі мост»).
Больш за 10 чалавек затрыманыя апошнім часам каля памежнага перахода Берасце/Тэрэспаль за правапарушэнні, паведамляе прэс-служба МУС. Частку з іх заключылі ў ІЧУ.
«Штодня прадстаўнікі ГУБАЗіК, падраздзяленняў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, міліцыі грамадскай бяспекі, а таксама падатковых органаў праводзяць сумесныя рэйды па выяўленні правапарушэнняў, у тым ліку фактаў незаконнага продажу месцаў у чэргах на ўезд у сумежную краіну», — гаворыцца ў паведамленні.
На відэа МУС затрыманыя кіроўцы прызнаюцца, што працавалі на продажы чаргі:
— Займаўся продажам чаргі на памежным пераходзе «Варшаўка». Займаў чаргу на сваім аўтамабілі і мяняўся з людзьмі за ўзнагароджанне ў памеры 200-300 рублёў.
— Займаюся продажам чаргі ў памежным пераходзе «Брэст». Таксама зрэдку дапамагаю людзям пераехаць мяжу «па льгоце» — падсаджваю чалавека «з ільготай» у машыну.
— Стаю ў чарзе на машынах, заводжу іх у зону чакання. Бяру за гэта грошы як бы.
Акрамя гэтага ў прэс-службе нагадалі, што ДАІ кантралюе на мяжы выкананне ПДР, у тым ліку пешаходамі. Ад пачатку лета да адказнасці прыцягнуты 1500+ парушальнікаў, уключаючы кіроўцаў, раварыстаў і пешаходаў.
Читать на dev.by