Мінабароны хоча зверыць усіх без выключэння ваеннаабавязаных да новага года
Мінабароны заявіла пра пагалоўную зверку ваеннаабавязаных у перыяд ад сярэдзіны лістапада да канца снежня.
Прадстаўнік Мінабароны расказаў пра «планавую праверку ўліковых даных ваеннаабавязаных» у эфіры тэлеканала «ВаенТВ». Дагэтуль звяралі ў асноўным працаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый. Цяпер мерапрыемства прыме паўсюдны ахоп.
«Ад сярэдзіны лістапада да канца гэтага года ўліковыя даныя будуць спраўджаныя ва ўсіх без выключэння ваеннаабавязаных, якія стаяць на вайсковым уліку», — сказаў прадстаўнік Мінабароны.
Выклікаць у ваенкаматы будуць позвамі.
«У сярэднім зверка ўліковых даных аднаго ваеннаабавязанага зойме не больш за 10-15 хвілін. Пасля ўдакладнення інфармацыі грамадзяне адбудуць па месцы працы (жыхарства)», — абяцаюць у Мінабароны.
Акрамя таго, у Мінабароны зняпраўдзілі паведамленні пра тэндар на закупку бланкаў мабілізацыйных прадпісанняў у Берасцейскай вобласці. Маўляў, заказаныя бланкі позваў не для мабілізацыі. І аб’ём заказу не большы за звычайны.
«У разуменні неабазнанага чалавека позва абавязкова звязаная з мабілізацыяй, — гаворыцца ў прэс-рэлізе ведамства. — Гэта няправільна. Позвы на мабілізацыю маюць адрозную ад іншых дакументаў форму. У дадзеным выпадку гаворка вядзецца пра форму бланкаў, якімі ваеннаабавязаныя выклікаюцца для ўдакладнення ўлікова-прыпісных даных, апавяшчаюцца пра зборавыя мерапрыемствы, а таксама для прызыву на тэрміновую вайсковую службу».
Читать на dev.by